Даўгаўпілскі трамвай
Даўгаўпілскі трамвай | |
---|---|
![]() | |
Трамвайная сістэма | |
Краіна |
![]() |
Горад | Даўгаўпілс |
Дата адкрыцця | 1946 |
Колькасць маршрутаў | 5 |
Колькасць трамвайных паркаў | 2 |
Шырыня каляіны | 1520 |
Вікісховішчы | на
Даўгаўпілскі трамвай (лат.: Daugavpils tramvajs) — від гарадскога грамадскага транспарту ў Даўгаўпілсе. Быў адкрыты 5 лістапада 1946.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Напрыканцы XIX стагоддзя ў Даўгаўпілсе ўзнікла вострая патрэба ў стварэнні сістэмы грамадскага транспарту. З 1895 года вяліся перамовы наконт будаўніцтва трамвайнай лініі. У пачатку 1898 года гарадская дума заснавала спецыяльную падрыхтоўчую камісію, якой даручыла разгледзець праекты, пададзеныя рознымі фірмамі, што выказалі жаданне ўдзельнічаць у будаўніцтве першай у горадзе электрастанцыі і электрычнага трамвая. Электраэнергія прадугледжвалася для выкарыстання не толькі ў трамвайным руху, але і для вулічнага асвятлення, тэхнічных і прамысловых патрэб.
Згодна з планам гарадской управы, будаўніцтва і эксплуатацыя электрастанцыі і трамвайнай сеткі мусілі ажыццяўляцца на падставе канцэсіі, якая прадастаўлялася аднаму юрыдычнаму суб’екту тэрмінам на 40 гадоў. Горад не нёс адказнасці за магчымыя фінансавыя страты або прыбыткі ад аказання трамвайных паслуг. Прадпрымальнік мог самастойна вызначаць трасу трамвайных шляхоў, але з абавязковай умовай злучэння наступных аб’ектаў: вакзала, кафедральнага сабора, паштова-тэлеграфнай канторы, пераправы праз Дзвіну ў Грыву, рэальнага вучылішча, жаночай гімназіі і фабрыкі Закса. Акрамя таго, на яго ўскладалася абавязанне пабудаваць пуцеправод праз Рыжска-Арлоўскую чыгунку, кошт якога ацэньваўся прыкладна ў 100 000 рублёў.
22 сакавіка 1898 года гарадская ўправа атрымала канкрэтны праект трамвайнай сеткі ад берлінскай фірмы, якая вылучыла шэраг умоваў. Найбольш істотным з іх было патрабаванне, каб будаўніцтва пуцеправода фінансавалася за кошт гарадскога бюджэту. У адказ падрыхтоўчая камісія распрацавала праект умовах для стварэння сістэмы электрычнага асвятлення і трамвайных ліній, які складаўся з 40 параграфаў. 8 красавіка 1898 года гэты праект быў накіраваны на разгляд спецыялістаў і прадстаўнікоў зацікаўленых кампаній.
Згодна з тэхнічнай часткай праекта, трамвайная лінія павінна была быць аднапутнай, шырынёй каляіны 1 метр, з раз’ездамі, прадугледжанымі праектам. Прадпрымальнік абавязваўся падтрымліваць у належным стане выдзеленую яму паласу трамвайнага шляху, прызначаную як для пасажырскіх, так і для грузавых перавозак. Плата за праезд устанаўлівалася ў памеры 5 і 3 капейкі, для навучэнцаў — 3 капейкі.

Згодна з канцэсійнымі ўмовамі, прадпрымальнік мусіў адлічаць у гарадскі бюджэт наступныя сумы: у першае дзесяцігоддзе — 1,5 % даходаў, але не менш за 600 рублёў штогод; у другое — 2,5 %, але не менш за 1000 рублёў; у трэцяе — 4 %, але не менш за 1600 рублёў; у чацвёртае — 5 %, але не менш за 2000 рублёў штогод.
Праз 20 гадоў пасля пачатку дзеяння канцэсіі горад атрымліваў права выкупіць прадпрыемства. У далейшым гэтае права магло рэалізоўвацца пасля кожнага наступнага пяцігадовага перыяду з капіталізацыяй 5 %. Па завяршэнні поўнага 40-гадовага тэрміну канцэсіі ўсе аб’екты і маёмасць трамвайнай сістэмы пераходзілі ў поўную ўласнасць горада без дадатковай кампенсацыі.
Нягледзячы на тое, што новыя праекты развіцця трамвайнага руху ў Даўгаўпілсе былі прапанаваны ў 1910 і 1912 гадах, іх рэалізацыя была сарваная з-за недахопу фінансавання, а таксама наступных падзей: Першай сусветнай вайны, грамадзянскай вайны і пасляваеннай разрухі.
Рашэнне аб будаўніцтве трамвайнай сістэмы было прынята ў маі 1946 года, і ўжо 11 чэрвеня таго ж года пачаліся будаўнічыя работы. Першы трамвайны рух у Даўгаўпілсе быў адкрыты 5 лістапада 1946 года, што робіць гэтую сістэму найноўшай трамвайнай сеткай у Латвіі.

Першы маршрут быў ад вуліцы Майзеса (цяпер — прыпынак «Вакзал») праз вуліцу 5 Лістапада, Чырвонаармейскую і Лейпайскую вуліцы. Лінія мела агульную даўжыню 5,7 км і была аднапутнай з сямю раз’ездамі. Яе будаўніцтва падзялілі на 8 участкаў, якія былі замацаваныя за рознымі прадпрыемствамі горада. Уся лінія была пабудавана за 123 дні. Для перавозкі пасажыраў выкарыстоўваліся 10 вагонаў тыпу «Фенікс» (пабудаваныя ў 1901 годзе).
У лістападзе 1947 года адкрылася новая лінія даўжынёй 2,8 км ад вуліцы Чырвонаармейскай па вуліцах A. Пампурса і Аглонас да Старога Форштада, дзе пачалося будаўніцтва хлебазавода. Праз месяц быў адкрыты ўчастак ад Цэнтральнага рынку да Крэпасці, дзе 23 лютага 1948 года было заснавана вайсковае вучылішча.
З 1951 года пачалося будаўніцтва разваротных кольцаў на канчатковых прыпынках.
У 1960-х гадах лінія была працягнута да Брацкай магілы і пазней — да возера Стропы. 16 лістапада 1962 года адкрыта лінія ад вуліцы Чырвонаармейская да завода хімічных валокнаў (сучасны канечны прыпынак «вул. Бутлерава»). Да сярэдзіны 1970-х гадоў маршрут «Вакзал — завод хімвалакно» стаў цалкам двухпутным.
У 1977 годзе было пабудавана кальцо ў Крэпасці, і двухкабінныя вагоны перасталі курсіраваць па лініі Рынак — Крэпасць. У тым жа годзе пачаў дзейнічаць скразны маршрут Стропы — Крэпасць.
Да 1987 года ў горадзе дзейнічала 4 маршруты. Пасля выпрабаванняў у жніўні-верасні маршруты № 3 «Вакзал — Стропы» і № 4 «Завод хімвалакно — Крэпасць» былі аб’яднаныя ў пастаянны маршрут № 3 «Крэпасць — Стропы».


З 2018 па 2020 год у Даўгаўпілсе будавалі працяг трэцяга маршруту трамвая да рэгіянальнай бальніцы ў мікрараёне Стропы. Рух трамваяў па новым участку быў адкрыты 5 лютага 2020 года — ад гэтага часу трамваі курсуюць паміж цэнтрам горада і Стропамі па новым маршруце.
24 студзеня 2022 года запусцілі новы чацвёрты маршрут трамвая, які злучае вакзал з хлебазаводам (раён Стары Форштадт). Фінансаванне гэтага маршруту атрымалі пасля закрыцця праекта «Сканстэс трамвай» у Рызе. Таксама на гэтыя сродкі планавалі злучыць канчатковыя прыпынкі ліній у Стропах і ў мікрараёне Хіміі (Ķīmiķu ciemats), а таксама тэхнічна мадэрнізаваць лінію да Крэпасці.
29 верасня 2022 года была падпісана дамова з ААТ «Даугавпілскі завод рамонту лакаматываў» на пастаўку чатырох чатырохвосных трамвайных вагонаў агульнай коштам 7,4 мільёны еўра. Вытворчасць вагонаў адбываецца ў супрацоўніцтве з чэшскай кампаніяй Pragoimex у рамках праекта «Экалагічна чыстая і інтэграваная мабільнасць горада Даугавілс», агульны кошт якога складае 28,3 мільёны еўра, з якіх фінансаванне з Кагезійнага фонду — 23,2 мільёны еўра. У кастрычніку 2023 года завод DLRR перадаў ААТ «Даугавпілс сатіксме» першыя два новыя трамвайныя вагоны з чатырох.
24 студзеня 2024 года завершылі будаўніцтва трамвайнай лініі па вуліцы Вайнёдзе, якая злучае мікрараён Хімія са Стропамі. Трэці маршрут стаў кольцавым, а таксама быў адкрыты новы пяты маршрут.