Дыялектны слоўнік

Дыялектны слоўнік, абласны слоўнік — жанр рознатыповых лінгвістычных даведнікаў, у якіх падаецца мясцовая лексіка абмежаванага тэрытарыяльнага пашырэння[1].
Асновай для стварэння такіх слоўнікаў з’яўляюцца запісы дыялектнага маўлення ў выглядзе тэкстаў або адказаў на пытанні спецыяльных праграм-апытальнікаў, фальклорныя помнікі, часам творы мастацкай літаратуры. Характар крыніц абумоўлівае паўнату дыялектнага слоўніка. Асаблівасцю дыялектных слоўнікаў з’яўляецца лакалізацыя лексікі — суаднясенне з канкрэтным дыялектам; у слоўнікавы артыкул уключаецца інфармацыя пра зону пашырэння лексемы ці яе асобных значэнняў[2].
Класіфікацыя дыялектных слоўнікаў
[правіць | правіць зыходнік]Паводле прынцыпаў адбору рэестравай лексікі дыялектныя слоўнікі падзяляюцца на[1]:
- поўныя (сістэмныя), якія апісваюць усю без выключэння лексіку пэўнай гаворкі;
- дыферэнцыяльныя;
- зводныя (агульныя), што змяшчаюць дыялектную лексіку розных рэгіёнаў ці розных гаворак пэўнай нацыянальнай мовы (напрыклад, «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», тамы 1—5, 1979—1986; «Беларускае дыялектнае слова» Л. Ф. Шаталавай, 1975, і інш.; своеасаблівая разнавіднасць зводнага дыялектнага слоўніка — дыялекталагічны атлас);
- рэгіянальныя (абласныя, краёвыя), што падаюць мясцовыя словы пэўнай гаворкі, групы гаворак ці пэўнага рэгіёна, якімі гэтыя гаворкі адрозніваюцца ад іншых беларускіх гаворак (напрыклад, «Віцебскі краёвы слоўнік» М. І. Каспяровіча, 1927; «Краёвы слоўнік Лагойшчыны» А. Варлыгі, 1970; «Тураўскі слоўнік», тамы 1—5, 1982—1987 і інш.).
Паводле характару рэестравых адзінак адрозніваюць дыялектныя слоўнікі[1]:
- мясцовай лексікі (большасць беларускіх дыялектных слоўнікаў);
- народна-дыялектнай фразеалогіі («Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі» Е. С. Мяцельскай і Я. М. Камароўскага, 1972);
- парэміялагічныя («Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі» Ф. М. Янкоўскага, 1957; «Паслухай, што людзі кажуць» В. І. Рабкевіча, 1985, і інш.);
- анамастычныя (напрыклад, «Мікратапанімічныя назвы» Я. М. Адамовіча, 1971);
- словаўтваральныя (напрыклад, «Народная лексіка і словаўтварэнне» П. У. Сцяцко, 1972; «Народнае вытворнае слова: З гаворкі Мсціслаўшчыны» Г. Ф. Юрчанкі, выпускі 1—3, 1981—1985).
У залежнасці ад прынцыпаў семантызацыі выкарыстаных рэестравых слоў вылучаюцца дыялектныя слоўнікі[1]:
- тлумачальныя (большасць беларускіх дыялектных слоўнікаў),
- перакладныя (напрыклад, «Слоўнік беларускай мовы» І. І. Насовіча, факсімільнае выданне, 1983),
- сінанімічныя (напрыклад, «Народная сінаніміка» Г. Ф. Юрчанкі, 1969),
- тэматычныя (напрыклад, «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», том 1. Раслінны і жывёльны свет, 1993)[1]. У тэматычных дыялектных слоўніках лексіка ўпарадкавана па пэўных сэнсавых групах, напрыклад, дзікая і свойская жывёла, дзікія і свойскія птушкі, паўзуны і земнаводныя, рыба і рак, насякомыя і ніжэйшыя[2].
Большасць беларускіх дыялектных слоўнікаў складаліся на матэрыяле палявых запісаў дыялектных слоў, але існуюць і такія, лексіка якіх адбіралася з літаратурных крыніц[1].
Дыялектныя слоўнікі ў Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Беларускімі мовазнаўцамі створана некалькі соцень дыялектных слоўнікаў, у якіх адлюстравана лексіка з розных абласцей Беларусі: «Дыялектны слоўнік Брэстчыны» пад рэдакцыяй Г. М. Малажай, Ф. Д. Клімчука (Мінск, 1989), «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны» А. Ф. Зайкі (Слонім, 2011), «Сказана – звязана: матэрыялы да рэгіянальнага слоўніка Брэстчыны» В. М. Касцючык (Брэст, 2013), «Рэгіянальны слоўнік Віцебшчыны» (у 2 ч.; Віцебск, 2012—2014), «Мова Сенненшчыны: дыялектны слоўнік» (у 2 т.; Мінск, 2015), «Дыялектны слоўнік Лоеўшчыны» Т. С. Янковай (Мінск, 1982), «Палескі слоўнік: Лельчыцкі раён» І. М. Кучука, А. К. Малюка (Мазыр, 2000), «Матэрыялы да слоўніка Гродзенскай вобласці» Т. Ф. Сцяшковіч (Мінск, 1972), «Скарбы народнай мовы: з лексічнай спадчыны насельнікаў Гродзенскага раёна» А. П. Цыхуна (Гродна, 1993; 2-е выд., 2014), «Дыялектны слоўнік» Ф. М. Янкоўскага (у 3 вып.; Мінск, 1959—1970), «Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны» І. К. Бялькевіча (Мінск, 1970), «Сучасная народная лексіка: з гаворкі Мсціслаўшчыны» Г. Ф. Юрчанкі (у 3 ч.; Мінск, 1993—1998), «Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны» М. В. Шатэрніка (Мінск, 1929; Смаленск, 3-е выд., 2015), «Матэрыялы да слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» (у 3 ч.; Мінск, 1970—1977) і інш[2].
Лексічны матэрыял з розных рэгіёнаў Беларусі сабраны ў працы У. В. Анічэнкі «Вопыт літаратурна-дыялектнага слоўніка беларускай мовы» (Гомель, 1999). «Словарь народных говоров Брянщины» П. А. Растаргуева (Мінск, 1973) адлюстроўвае лексіку, якая захоўвае беларускую моўную аснову. Большасць дыялектных слоўнікаў уключае толькі такія словы, якіх няма ў літаратурнай мове або якія адрозніваюцца ад агульнаўжывальных слоў гучаннем, значэннем, словаўтварэннем. Найбольш буйнымі і аўтарытэтнымі выданнямі з’яўляюцца 5-томныя «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (Мінск, 1979—1986) і «Тураўскі слоўнік» (Мінск, 1982—1987)[2].
Лексікографамі Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі створаны комплекс тэматычных слоўнікаў: «Жывёльны свет: тэматычны слоўнік» (Мінск, 1999), «Раслінны свет: тэматычны слоўнік» (Мінск, 2001), «Чалавек: тэматычны слоўнік» (Мінск, 2006), «Сельская гаспадарка: тэматычны слоўнік» (Мінск, 2010)[2].
Дыялектная лексіка, якая сустракаецца ў фальклорных творах, тэкстах мастацкай літаратуры, адлюстравана ў слоўніках «Дыялектызмы ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў» М. В. Абабуркі (Мінск, 1979)[2][1] і «Народная лексіка Гомельшчыны ў фальклоры і мастацкай літаратуры» (Мінск, 1983)[2].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е ё В. К. Шчэрбін. Дыялектны слоўнік // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- ↑ а б в г д е ё Сучасная беларуская літаратурная мова : вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па філалагічных спецыяльнасцях / [Д. В. Дзятко і інш.] ; пад рэдакцыяй Д. В. Дзятко. — 2-е выд., папраўленае і дапоўненае. — Мінск: Вышэйшая школа, 2020. — 588 с. — ISBN 978-985-06-3185-5.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- В. К. Шчэрбін. Дыялектны слоўнік // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Крывіцкі А. А. Сучасная беларуская дыялектная лексікаграфія: Стан і перспектывы // Македонскі јазик. 1980. Том 31.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх