Тэфсір (перакладная літаратура)
Тэфсі́р (араб. 'тлумачэнне, каментарый') – у татар ВКЛ кнігі, якія змяшчалі тэкст Карана з перакладам і некаторымі элементамі каментарыя. Звычайна тэфсірамі называюць багаслоўскія каментары да Карана. Мусульмане разглядалі пераклад Карана на іншыя мовы як парушэнне асноў ісламу, таму, відаць, татары ВКЛ і называлі такія пераклады тэфсірамі.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Тэфсіры былі вялікімі кнігамі (400–500 аркушаў) і каштавалі дорага, іх перапісванне займала да паўгода. Кнігі захоўвалі ў вялікай пашане, яны пераходзілі з пакалення ў пакаленне як найкаштоўнейшая рэліквія.
Гарызантальна пісаліся радкі Карана на арабскай мове, а пад імі наўскось размяшчаўся пераклад на польскую мову. Перад і пасля асноўнага тэксту змяшчаліся малітвы і невялікія тэксты пра рэлігійныя рытуалы ў час чытання Карана.
Ацалелыя тэфсіры
[правіць | правіць зыходнік]На сённяшні дзень зарэгістравана 13 тэфсіраў:
- 2 – у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі;
- 1 – у Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі;
- 1 – у Нацыянальным музеі Літвы;
- 1 – у бібліятэцы Вільнюскага ўніверсітэта;
- 2 – у бібліятэцы Пецярбургскага ўніверсітэта;
- 1 – у бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лондане;
- 5 – у прыватных калекцыях.
Старэйшы з ацалелых тэфсіраў напісаны ў канцы XVI ст., ён змяшчае падрадковы пераклад Карана на цюркскую мову (прыватны кнігазбор).
Мінскі тэфсір
[правіць | правіць зыходнік]У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі захоўваецца тэфсір, які быў напісаны ў Мінску ў 1686 годзе. Ён змяшчае пераклад часткі тэксту Карана (суры 2–18) на цюркскую мову і часткі тэксту (суры 19–114) на польскую мову (самая ранняя копія перакладу Карана на польскую мову).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Цітавец А. Тэфсір // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 683. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.;
- Антонович, А. К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система / А. К. Антонович. — Вильнюс, 1968;
- Drozd, A., Dziekan, М. М., Мajda, Т. Piśmiennictwo i muhiry Tatarów polsko-litewskich. Warszawa, 2000;
- Drozd, A. Koran staropolski: Rozważania w związku z odkryciem tefsiru mińskiego z 1686 roku // Rocznik Biblioteki Narodowej. Warszawa, 2004. T. 36;
- Suter, P. Alfurkan Tatarski: Der litausich-tatarische Koran-Tefsir. Köln; Weimar; Wien, 2004.