Перайсці да зместу

Пімен Панчанка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Пімен Емяльянавіч Панчанка)
Пімен Панчанка
Выява Пімена Панчанкі з паштовай маркі Беларусі.
Выява Пімена Панчанкі з паштовай маркі Беларусі.
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 10 (23) жніўня 1917[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 2 красавіка 1995(1995-04-02)[1] (77 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці публіцыст, літаратуразнавец, перакладчык, паэт, літаратурны крытык, журналіст
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Прэміі
Узнагароды
ордэн Леніна ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі Ордэн Айчыннай вайны II ступені Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга ордэн «Знак Пашаны» медаль «За баявыя заслугі» медаль «У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна» Медаль «Партызану Айчыннай вайны» I ступені медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» юбілейны медаль «Дваццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» юбілейны медаль «Трыццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» юбілейны медаль «Сорак гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» юбілейны медаль «50 гадоў Узброеных Сіл СССР» юбілейны медаль «60 гадоў Узброеных Сіл СССР» юбілейны медаль «70 гадоў Узброеных Сіл СССР» медаль Францыска Скарыны
Народны паэт Беларусі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Пі́мен Емялья́навіч Па́нчанка (10 (23) жніўня 1917[1], Рэвель[2]2 красавіка 1995(1995-04-02)[1], Мінск) — беларускі паэт, перакладчык, крытык. Народны паэт Беларусі (1973).

Бацька, Емяльян Арцёмаціч, і маці, Дар’я Факееўна — сяляне з вёскі Гедэйкі Ашмянскага павета Віленскай губерні, выехалі на заработкі ў Прыбалтыку. Пімен Панчанка нарадзіўся 23 жніўня 1917 года ў Рэвелі (цяпер — Талін) Эстляндскай губерні Расійскай імперыі.

Ваенныя цяжкасці, адсутнасць у хаце гаспадара, які быў у расійскім войску, ускладнілі цяжкое Дар’і Факееўны Панчанка. З двума дзецьмі на руках ёй было цяжка ў чужым горадзе, і жанчына ў 1920 годзе падалася на радзіму да сваёй маці. Там, у Бягомлі, прайшлі дзіцячыя і раннія юнацкія гады Пімена Панчанкі. Пазней бацька працаваў у Бягомлі, Старцах, Талачыне аб’ездчыкам, прарабам, лесаводам[3]. У 1932 годзе Пімен Панчанка скончыў Бягомльскую сямігадовую школу, падрыхтоўчыя курсы для паступлення ў ВНУ ў Горках. У 1933 годзе сям’я Панчанкаў пераехала ў Бабруйск, Пімен пачаў працаваць на мясцовым дрэваапрацоўчым камбінаце рабочым.

У 1933—1934 гадах вучыўся на настаўніцкіх курсах. Пасля працаваў загадчыкам Алянскай пачатковай школы Бабруйскага раёна (1934—1935). У 1935—1938 гадах быў настаўнікам Казуліцкай няпоўнай сярэдняй школы ў Кіраўскім раёне. У 1938—1939 гадах працаваў выкладчыкам мовы і літаратуры ў Кіраўскай сярэдняй школе. Адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце Менскага настаўніцкага інстытута, які скончыў у 1939 годзе[3].

Удзельнік паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь 1939 года. У часы Другой сусветнай вайны быў спецыяльным карэспандэнтам у вайсковых і франтавых газетах. Вершы, фельетоны і прыпеўкі Пімена Панчанкі змяшчаліся ў раздзеле «Па карку недавярку» (газета «За свабодную Беларусь», Калінінскі фронт), у сатырычных выданнях «Партызанская дубінка», «Раздавім фашысцкую гадзіну» і іншых. Быў на Бранскім, Заходнім, Калінінскім, Паўночна-Заходнім франтах. У 1944—1945 гадах з часцямі Чырвонай Арміі быў у Іране[3]. Дэмабілізаваўся ў 1946 годзе.

Пераязджае ў Мінск, працуе загадчыкам аддзела рэдакцыі часопіса «Вожык», з 1948 года быў загадчыкам аддзела, а пазней намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва». У 1954—1958 гадах працаваў галоўным рэдактарам альманаха «Советская Отчизна». У 1958—1966 гадах — галоўны рэдактар часопіса «Маладосць». З 1966 года быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. З 1972 года на творчай рабоце[3].

У 1958 годзе як член дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1959—1967, 1971—1990 гадах. Быў старшынёй Рэспубліканскага камітэта абароны міру. Член Рады Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1990 года[3].

Памёр 2 красавіка 1995 года ў Мінску. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

Першыя вершы Пімена Панчанкі «Ураджайнае» і «Моладзі» былі апублікаваныя ў альманаху «Ударнікі» (1934. № 3). Галоўнымі матывамі яго даваеннай творчасці былі ўлаўленне паслярэвалюцыйнай сацыялістычнай рэчаіснасці. У першых зборніках «Упэўненасць» (1938) і «Вераснёвыя сцягі» (1940) адлюстраваны рамантычна-ўзнёслы настрой, паэт услаўляе хараство і багацце краіны, услаўляе сацыялізм.

За часамі Другой сусветнай вайны ў творчасці Пімена Панчанкі пераважае патрыятычная паэзія, але выяўляе сябе таксама ў трагічным і сатырычным кірунках. Падрыхтаваны да друку трэці зборнік вершаў «Трывожныя зарніцы» згарэў у часе вайны. Аўтар паэтычных зборнікаў «Табе, Беларусь», «Дарога вайны», «Далёкія станцыі». Уражанні аб знаходжанні ў Іране апісаў у цыкле «Іранскі дзённік» (1944—1947).

У пасляваеннай паэзіі Пімена Панчанкі часцей гучаць грамадзянскія матывы: барацьба за мір, услаўленне сацыялістычнага ладу, палёты ў космас, інтэрнацыянальныя сувязі. Выходзяць зборнікі паэта «За шчасце, за мір» (1950), «Шырокі свет» (1955), «Кніга вандраванняў і любові» (1959), «Нью-Ёркскія малюнкі» (1960), «Тысяча небасхілаў» (1962). Лірыка-публіцыстычная паэма «Патрыятычная песня», у якой паэт выказваў прызнанне ў любві да Радзімы і людзей, была ў 1959 годзе ўзнагароджана Літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы.

У 1966 годзе выйшла кніга вершаў Панчанкі «Пры святле маланак» (Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы 1968). Пачынаючы з гэтай кнігі, светаразуменне паэта становіцца больш заглыбленым, па-філасофску засяроджаным, разважлівым. Паэтычныя зборнікі Пімена Панчанкі «Снежань» (1972), «Крык сойкі» (1976), «Вячэрні цягнік» (1977) насычаны непакоем, роздумам над глабальнымі тагачаснымі праблемамі, над будучыняй чалавецтва. У іх гучыць любоў да роднай зямлі, да чалавека працы.

Пімен Панчанка ў сваёй творчасці выступае нацыянальным беларускім патрыётам, змагаром за захаванне прыроды, піша пра высокія маральныя ідэалы. У яго вершах спалучаецца лірызм з публіцыстычным напалам.

Перакладаў на беларускую мову творы Адама Міцкевіча, М. Нагнібеды, Райніса, Фрыдрыха Шылера і інш.

У 1981 г. за зборнік «Дзе начуе жаваранак?» Пімену Панчанку была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.

Другая палова 1980-х — пачатак 1990-х гг. былі ў жыцці паэта ці не самымі цяжкімі. У творчасці паэта ўзмацніліся публіцыстычнасць, палемічная вастрыня, сатырычны пафас. Вершы грамадзянскага гучання склалі зборнікі «І вера, і вернасць, і вечнасць» (1986), «Прылучэнне» (1987), «Горкі жолуд» (1988), «Неспакой» (1988), «Высокі бераг» (1993). Вялікі грамадзянскі рэзананс выклікала ў свой час «Паэма сораму і гневу». Пасля смерці паэта (2 красавіка 1995 г.) з друку выйшлі яго кнігі «Зямля ў мяне адна» (1996) і «Жытнёвы звон» (2002), у якіх сабраны творы розных гадоў. П. Панчанку належаць шматлікія публіцыстычныя артыкулы і эсэ, успаміны пра вядомых беларускіх пісьменнікаў і падзеі літаратурнага жыцця.

Паэт і публіцыст, крытык і перакладчык П. Панчанка шмат зрабіў для беларускай літаратуры, але асноўнае ў яго творчай спадчыне — яго вершы, якія былі выразнікамі дум і спадзяванняў эпохі, вершы, у якіх ніколі не было фальшу, а заўсёды адлюстроўвалася багатая гама чалавечых пачуццяў.

Першы паэтычны зборнік «Упэўненасць», 1938
  • Першыя вершы з’явіліся ў 1934 г. у кіраўскай раённай газеце «Кіравец» і альманаху «Ударнікі».
  • Аўтар зборнікаў паэзіі:
    • «Упэўненасць» (1938),
    • «Вераснёвыя сцягі» (1940) (зборнік),
    • «Трывожныя зарніцы» быў падрыхтаваны да друку і згарэў у час вайны),
    • «Тебе, Беларусь!» (апублікаваны ў Маскве ў перакладзе на рускую мову, 1942),
    • «Дарога вайны» (Масква, 1943), «Далёкія станцыі» (1945), «Гарачыя вятры» (вершы і паэмы, 1947),
    • «Вершы» (1948), «Прысяга» (1949),
    • «За шчасце, за мір!» (1950),
    • «Вершы і паэмы» (1952),
    • «Шырокі свет» (1955),
    • «Выбраныя творы» (1956),
    • «Гарачы лівень» (гумар і сатыра, 1957),
    • «Кніга вандраванняў і любові» (1959),
    • «Нью-Ёркскія малюнкі» (1960), «Тысяча небасхілаў» (1962),
    • «Чатыры кантыненты» (вершы і паэмы, 1964),
    • «Пры святле маланак» (1966),
    • «Размова з наследнікамі» (вершы і паэма, 1967),
    • «Снежань» (1972), «Вершы» (1973),
    • «Выбранае» (1975), «Крык сойкі» (1976),
    • «Вячэрні цягнік» (1977),
    • «Лірыка» (1980),
    • «Млечны Шлях» (1980),
    • «Маўклівая малітва» (1981),
    • «Дзе начуе жаўранак» (1983),
    • «Сіні ранак» (1984),
    • «Лясныя воблакі» (1985),
    • «І вера, і вернасць, і вечнасць» (1986),
    • «Прылучэнне» (вершы і паэма, 1987),
    • «Горкі жолуд» (1988),
    • «Неспакой» (1988),
    • «Высокі бераг» (1993),
    • «Зямля ў мяне адна» (1996).
  • Многія вершы пакладзены на музыку. Выйшлі Зборы твораў у 2-х (1959), у 3-х (1967—1971), у 4-х тамах (1981—1983).
  • Выдаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў «На паэтычным небасхіле» (1977).
  • Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Ф. Шылера («Разбойнікі»), А. Міцкевіча, Я. Райніса, А. Пракоф’ева, А. Суркова, Т. Масэнкі, Б. Чалага, паэму М. Нагнібеды «Матулям з Расой» і інш.

Прэміі і ўзнагароды

[правіць | правіць зыходнік]

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1959) за «Патрыятычную песню», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1967) за кнігу вершаў «Пры святле маланак», Дзяржаўнай прэміі СССР (1981) за кнігу вершаў «Где ночует жаворонок» (Масква, 1979). Ганаровы член НАН Беларусі (1994).[4]

  1. а б в г The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
  2. а б Панченко Пимен Емельянович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  3. а б в г д Беларускія пісьменнікі 1994, с. 455.
  4. Национальная академия наук Беларуси: персональный состав, 1928—2018. — Минск: Беларуская навука, 2018. — С. 572—573.