Каморскія Астравы
Саюз Каморскіх Астравоў | |||||
---|---|---|---|---|---|
кам. Udzima wa Komori фр.: Union des Comores араб. الاتحاد القمري | |||||
| |||||
Дэвіз: «Unité — Justice — Progrès (фр.: «Адзінства, Справядлівасць, Развіццё»)» |
|||||
Гімн: «Лунае сцяг, узвяшчаючы нашу поўную незалежнасць» |
|||||
![]() |
|||||
Дата незалежнасці | 5 чэрвеня 1975 (ад Францыі) | ||||
Афіцыйныя мовы | Каморская , французская, арабская | ||||
Сталіца | Мароні | ||||
Найбуйнейшы горад | Мароні | ||||
Форма кіравання | Прэзідэнцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Віцэ-прэзідэнт Віцэ-прэзідэнт Віцэ-прэзідэнт |
Ікілілу Дуанін Фуад Махаджы Махмед Алі Саілі Нурдзін Бурхан |
||||
Дзярж. рэлігія | Іслам (суніцкага толку) | ||||
Тэрыторыя | |||||
• Агулам | 1 862 км² (167-я ў свеце) | ||||
• % воднай паверхні | малаважна | ||||
Насельніцтва Каморскіх Астравоў | |||||
• Ацэнка | 883 075 чал. (159-я) | ||||
• Шчыльнасць | 404 чал./км² | ||||
ВУП | |||||
• разам (2023) | 3,432 мрд дол. (171-е месца) | ||||
• На душу насельніцтва | 3 463 дол. | ||||
ІРЧП (2022) | 0,586 | ||||
Валюта | Каморскі франк | ||||
Інтэрнэт-дамен | .km | ||||
Код ISO | KM | ||||
Код МАК | COM | ||||
Тэлефонны код | +269 | ||||
Часавы пояс | +3 | ||||
Аўтамабільны рух | справа[d][1] | ||||
![]() |
Каморскія Астравы[2] або Каморы, поўная назва Саюз Камораў (фр.: Union des Comores) або Саюз Каморскіх Астравоў — астраўная дзяржава блізу ўсходняга ўзбярэжжа Афрыкі ў Мазамбікскім праліве Індыйскага акіяна. Федэрацыя трох астравоў Каморскага архіпелага: Нгазіджа (фр.: Grande Comore), Ндзуані (фр.: Anjouan), Мвалі (фр.: Mohéli). Паводле Канстытуцыі (2001 г.) у склад дзяржавы таксама ўваходзіць востраў Маёта.
Тэрыторыя — 1 862 км². Насельніцтва — 883 075 чал. (2024 г.). Сталіца — горад Мароні (на в. Нгазіджа).
Афіцыйныя мовы: каморская, прадстаўленая астраўнымі дыялектамі, французская і арабская[3]
Дзяржаўны лад
[правіць | правіць зыходнік]Каморскія Астравы — саюзная дзяржава. Канстытуцыя зацверджана на рэферэндуме 23 снежня 2001 года. Форма праўлення — прэзідэнцкая рэспубліка.
Кіраўнік дзяржавы і выканаўчай улады — прэзідэнт, які выбіраецца на 4 гады ад аднаго з астравоў на ратацыйнай аснове. Адначасова з ім абіраюцца два віцэ-прэзідэнты. Прэзідэнт вызначае палітыку ўрада з улікам інтарэсаў усіх астравоў Саюза.
Вышэйшы орган заканадаўчай улады — аднапалатны парламент (Асамблея Саюза). Складаецца з 33 дэпутатаў (па 5 прадстаўнікоў ад заканадаўчых сходаў астравоў і 18 дэпутатаў, якія выбіраюцца ад агульнанацыянальнай акругі).
Кожны з астравоў, якія ўваходзяць у Саюз, мае свае органы ўлады — заканадаўчы сход і мясцовы ўрад[4].
Адміністрацыйны падзел
[правіць | правіць зыходнік]Кожны востраў — самастойная адміністрацыйная адзінка.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Большасць насельніцтва складаюць каморцы — нашчадкі арабаў, малагасійцаў і выхадцаў з усходняга ўзбярэжжа Афрыкі. Апроч каморцаў на архіпелагу пражываюць арабы, малагасійцы, а таксама выхадцы з Індыі і Пакістана. Практычна ўсё насельніцтва краіны (98%) — мусульмане-суніты.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Каморскія астравы былі населены ў канцы 1 тысячагоддзя н. э. выхадцамі з Малайскага архіпелага. Ускосным доказам гэтага з’яўляецца тое, што на астравах здаўна вырошчваліся сельскагаспадарчыя культуры азіяцкага паходжання, у тым ліку рыс, бавоўнік, бабовыя[5]. Генетычнае даследаванне 2010 г. паказала, што прыкладна 50% сучаснага насельніцтва Камораў маюць далёкіх продкаў у Паўднёва-Усходняй Азіі [6]. Важны генетычны ўнёсак у фарміраванне астраўных папуляцый быў зроблены банту з Усходняй Афрыкі. Сучасныя каморскія мовы належаць да сям’і моў банту[7]. У ранні перыяд гісторыі банту маглі трапляць на Каморы як перасяленцы, з канца сярэднявечча — у якасці рабоў.
Археалагічныя раскопкі паселішчаў пачатку 2 тысячагоддзя на Нгазіджа сведчаць пра тое, што прыбярэжныя жыхары займаліся земляробствам і рыбалоўствам, выраблялі вялікія керамічныя пасудзіны, апрацоўвалі жалеза, але былі мала ўцягнутыя ў вонкавыя кантакты. У познім сярэднявеччы сітуацыя моцна змянілася дзякуючы прыбыццю шыразі, выхадцаў з краін Персідскага заліва. Яны сяліліся на ўзбярэжжы, бралі шлюбы з тубыльцамі і актыўна ўплывалі на мясцовыя эканоміку і палітыку. Дзякуючы ім адбылося распаўсюджванне ісламу. Археолагі прасочваюць іх прысутнасць не раней за XI ст. Так, найбольш старажытныя фундаменты мячэцяў на Ндзуані былі аднесены імі да перыяду XI ст. — XIII стст.[8] Дзякуючы арабскаму географу Аль-Ідрысі (XII ст.) звесткі пра гэты востраў трапілі ў еўрапейскую літаратуру. Да XVI ст. найбольш уплывовыя роды шыразі сфарміравалі першыя дзяржаўныя ўтварэнні.
Каморскія астравы былі адкрытыя Васка да Гама падчас яго першай экспедыцыі ў Індыю ў 1497 — 1499 гг. У 1527 г. яны былі адлюстраваны на партугальскіх мапах. Назва астравоў была запазычана з арабскай мовы і літаральна значыла «Месячныя астравы»[9]. Нягледзячы на спробы Партугаліі ўсталяваць дамінаванне на гандлёвых шляхах Індыйскага акіяна, у XVI ст. Каморы трапілі пад уплыў арабаў з Емену і Аману. Іх нашчадкі заснавалі некалькі уплывовых родаў, што адыгрывалі выключную ролю ў пасрэдніцкім гандлі. На Ндзуані яны кантралявалі гарадскую супольнасць[10]. З 1617 г. Ндзуані стаў важным месцам прыпынку для галандскіх, французскіх і англійскіх мараплаўцаў, якія папаўнялі тут запасы правізіі і пітной вады. Валадар вострава прыняў тытул султана. Яго ўлада распаўсюджвалася на Мвалі, пакуль у 1830-х гг. гэты востраў не быў захоплены анталау́тра, мусульманамі з Мадагаскара. Яны заснавалі на ім самастойны султанат. Маёта апынулася ў пачатку XIX ст. пад уладай манархаў сакалава. На Нгазіджа існаваў шэраг дзяржаўных утварэнняў, паміж якімі вяліся несупынныя войны.
У XIX ст. Каморскія астравы былі каланізаваны Францыяй, якая пасля паражэння ў Напалеонаўскіх войнах імкнулася аднавіць свой уплыў у Індыйскім акіяне. Пасля ўключэння зямель сакалава ў склад дзяржавы мерына ўладу на частцы Маёты захапіў малагасійскі авантурыст Андрыянцулі. Пад яго патранажам на востраве ўзніклі французскія плантацыі ванілі, гваздзіка і кавы. У 1841 г. ён перадаў права кіравання ўсёй Маётай французам, наўзамен атрымаўшы пажыццёвую пенсію 1000 піястраў у год. У 1843 г. Маёта была афіцыйна абвешчана французскай калоніяй. Французскія місіянеры і прадпрымальнікі таксама выявілі актыўнасць на Нгазіджа, дзе з іх дапамогай было усталявана кіраванне адзінага султана Саіда Алі I.
У 1886 г. Францыя сілай навязала пратэктарат султанам Нгазіджа, Мвалі і Ндзуані. У 1892 г. каморцы былі фактычна падпарадкаваны губернатару Маёты, і ўлада султанаў стала намінальнай. У 1912 гг. Каморы былі ўключаны ў склад Французскага Мадагаскара як асобная правінцыя. У 1915 г. з-за злоўжывання адміністрацыі, якая перадавала сялянскія надзелы плантатарам, на Нгазіджа ўспыхнула паўстанне, задушанае каланіяльнымі войскамі. У далейшым каланіяльныя ўлады імкнуліся абапірацца на мясцовую арыстакратыю.
Пасля II Сусветнай вайны Францыя правяла шэраг рэформ. У 1946 г. Каморы атрымалі адміністрацыйную незалежнасць ад Мадагаскара, мясцовае насельніцтва упершыню ўдзельнічала ў прамых выбарах у французскую Нацыянальную Асамблею, пачала дзейнічаць Агульная Рада, што прадстаўляла інтарэсы каморцаў у каланіяльнай адміністрацыі. У 1961 г. была прызнана ўнутраная аўтаномія. У 1968 г. яна была значна пашырана. З 1962 г. дзейнічала першая палітычная партыя Нацыянальны вызваленчы рух Каморскіх Астравоў. У 1969 г. узнікла Сацыялістычная партыя Каморскіх Астравоў. Пад уплывам выхадцаў з традыцыйнай мусульманскай арыстакратыі і асабліва бежанцаў з Занзібара ў 1960-я гг. усё часцей гучалі патрабаванні незалежнасці.
22 снежня 1974 г. на Каморах адбыўся рэферэндум аб палітычным самавызначэнні краіны, на якім большасць галасоў атрымалі прыхільнікі незалежнасці. Выключэннем стала Маёта, дзе 65% выбаршчыкаў выказаліся за захаванне французскай улады. Францыя прапанавала паступовы працэс пераходу да незалежнасці — на працягу некалькіх месяцаў пасля рэферэндума жыхары кожнага вострава павінны былі прыняць Канстытуцыю. Але 6 ліпеня 1975 г. урад Каморскіх астравоў аднабакова абвясціў аб незалежнасці. Францыя прызнала незалежнасць толькі трох астравоў. У 1976 г. на Маёце быў арганізаваны рэферэндум, які падцвердзіў жаданне мясцовых жыхароў застацца ў складзе Францыі. Каморскія Астравы ніколі не прызнавалі вынікаў гэтага рэферэндума і настойваюць на ўключэнні гэтага вострава ў склад незалежнай дзяржавы. Генеральная Асамблея ААН 17 кастрычніка 1975 г. таксама падцвердзіла неабходнасць павагі адзінства і тэрытарыяльнай цэласнасці архіпелага.
З моманту атрымання незалежнасці становішча ў краіне характарызуецца нестабільнасцю — за гэты час адбылося 18 дзяржаўных пераваротаў. Захоўваюцца міжастраўныя супярэчнасці. Пасля перавароту 1978 г., які ўзначальваў французскі найміт Боб Дэнар, краіна атрымала назву Федэратыўная Ісламская Рэспубліка Каморскія Астравы. У красавіку 1999 г. ў выніку ваеннага перавароту ў Мароні да ўлады ў краіне прыйшоў начальнік генштаба ўзброеных сіл палкоўнік А. Асумані. Пасля рэферэндуму 2001 г. назва краіны была зменена на Саюз Каморскіх Астравоў.
-
Галандская мапа Ндзуані, XVIII ст.
-
Саід Алі бен Саід Амар, апошні султан вострава Нгазіджа
-
Востраў Нгазіджа, да 1928 г.
-
Рэзідэнцыя Поля Дэнара
Узброеныя сілы
[правіць | правіць зыходнік]Узброеныя сілы налічваюць каля 1,6 тыс. чалавек, уключаючы жандармерыю і нацыянальную паліцыю. Уласна армейскія падраздзяленні — 510 чал.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Эканоміка Каморскіх Астравоў - адна з найбяднейшых у свеце, што тлумачыцца абмежаванасцю рэсурсаў і ўнутранага рынку, высокай шчыльнасцю насельніцтва, нізкай кваліфікацыяй рабочай сілы, палітычнай нестабільнасцю.
Галоўная галіна эканомікі — сельская гаспадарка (разам з рыбалоўствам, лясной гаспадаркай і паляваннем), якая складае 50% ВУП[11]. Камерцыйны характар мае вырошчванне такіх культур, як ваніль, гваздзіковае дрэва і іланг-іланг. Аднак большасць гаспадарак накіравана на самазабеспячэнне з продажам толькі лішкаў прадукцыі. Для ўнутранага спажывання вырошчваюць бананы, маніёк, таро, гародніну[12]. Рыс, найважнейшы харчовы прадукт, імпартуецца з іншых краін.
Важная частка эканомікі — грашовыя пераводы ад дыяспары (у 2012 г. яны склалі 25% ВУП).
Унутраная транспартная сетка ўключае 815 км дарог[13]. Дзейнічае нацыянальная праграма рэабілітацыі дарожнай сеткі[14]. Каля 90% грузаў перавозіцца па мору. На ўсіх астравах дзейнічаюць порты. Найбуйнейшы з іх — Мароні. Марскі пасажырскі транспарт не развіты. Пасажырская сувязь паміж астравамі здзейсняецца пераважна праз паветра. У Мароні працуе міжнародны аэрапорт.
У 2023 г. рэчаісны ВУП на душу насельніцтва — 1527 долараў (гадавы рост 3,3%). 3,9% грамадзян былі беспрацўнымі[15]. Хранічны перарасход дзяржаўнага бюджэту пакрываецца за лік знешняй фінансавай і тэхнічнай дапамогі.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ http://chartsbin.com/view/edr
- ↑ Напісанне паводле Каморскія Астравы // БЭ у 18 т. — Т. 7. — С. 532—533.
- ↑ Comoros's Constitution of 2001 with Amendments through 2009
- ↑ Памылка ў зносках: Няслушны тэг
<ref>
; для зносаккрыніца1
няма тэксту - ↑ Ancient Crops Offer Clues to Colonization of Madagascar
- ↑ [ Msaidie S, Ducourneau A, Boetsch G, Longepied G, Papa K, Allibert C, Yahaya AA, Chiaroni J, Mitchell MJ. Genetic diversity on the Comoros Islands shows early seafaring as major determinant of human biocultural evolution in the Western Indian Ocean. Eur J Hum Genet. 2011 Jan;19(1):89-94. doi: 10.1038/ejhg.2010.128. Epub 2010 Aug 11. PMID: 20700146; PMCID: PMC3039498]
- ↑ Comorian
- ↑ Martial Pauly Islam médiéval aux Comores
- ↑ Why the Name: Comoros?
- ↑ Sophie Blanchy Anjouan (Comores), un nœud dans les réseaux de l’océan Indien. Émergence et rôle d’une société urbaine lettrée et marchande (XVIIe-XXe siècle)
- ↑ Economic Overview
- ↑ Agricultural yields and production in the Comoros
- ↑ Comoros Road Sector Public Expenditure Review
- ↑ Comoros - National Road Network Rehabilitation Programme - Phase III- Project appraisal report
- ↑ Comoros Indicators