Перайсьці да зьместу

Уладзімер Уладзімеравіч Мацкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Уладзімер Мацкевіч (палітоляг)»)
Уладзімер Мацкевіч
Кіраўнік Рады міжнароднага кансорцыюму "ЭўраБеларусь"
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся14 траўня 1956 (69 гадоў)
г. Чарамхова, Іркуцкая вобласьць, РСФСР
Партыя
Адукацыя

Уладзімер Уладзімеравіч Мацкевіч (14 траўня 1956, г. Чарамхова, Іркуцкая вобласьць, РСФСР) — грамадзка-палітычны дзеяч, філёзаф, палітоляг, распрацоўшчык канцэпцыі рэформы адукацыі, аўтар каля 50 навуковых прац, старшыня Рады міжнароднага кансорцыюма «ЭўраБеларусь(be)». Паводле адукацыі псыхоляг. Выбарчая акруга — Ангарская.

Паходзіць зь сям’і рэпрэсаваных беларусаў, якія былі высланыя ў Сыбір пасьля Другой сусьветнай вайны. Нарадзіўся ў 1956 годзе ў Іркуцкай вобласьці Расеі. Празь дзесяць гадоў сям’я пераехала ў Горадню, дзе хлопец і скончыў школу. Працаваў фрэзэроўшчыкам на заводзе карданных валоў у Горадні. Потым служыў у войску ў Закарпацкай вобласьці Ўкраіны. Пасьля паступіў у Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт на псыхоляга, у час вучобы зблізіўся з Маскоўскім мэтадалягічным гуртком.

Да 1994 году Мацкевіч жыў то ў Ленінградзе, то ў Вільні, то ў Рызе, то ў Маскве. Потым прыехаў у Беларусь, дзе праз год атрымаў беларускае грамадзянства.

У 1990-я гады шчыльна супрацоўнічаў зь Міністэрствам адукацыі. У пэрыяд між 1997 і 2001 гадамі ўзначальваў цэнтар мэтадалёгіі Рэспубліканскага інстытуту прафэсійнай адукацыі (РІПА). У 1999–2000 гадах Мацкевіч браў актыўны ўдзел у дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў, які адбываўся пад эгідай АБСЭ. Пасьля гэтага ён страціў працу ў сыстэме дзяржаўнай адукацыі.

У 2003 годзе Мацкевіча нечакана запрасілі весьці ток-шоў «Выбар» на тэлеканале АНТ. Яго праца доўжылася там толькі 9 выпускаў, і пасьля тэмы пра беларускую мову, дзе многія гледачы выказаліся за больш шырокі ўжытак нацыянальнай мовы, Мацкевіча звольнілі.

Мацкевіч падтрымаў стварэньне аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Адной з апошніх палітычных ініцыятываў стала кампанія ў падтрымку незалежнасьці Беларусі «Сьвежы вецер». Яна ўзьнікла ў адказ на актыўнае абмеркаваньне і падпісаньне інтэграцыйных «карт» паміж Расеяй і Беларусьсю. У сьнежні 2019 году падчас масавых акцый супраць інтэграцыі актывісты кампаніі «Сьвежы вецер» ініцыявалі жывыя ланцугі ў цэнтры Менску.

Мацкевічу належыць ідэя Лятучага ўнівэрсытэту — некалькі дзясяткаў курсаў лекцый ад вядомых у Беларусі мысьляроў.

4 жніўня 2021 году пасьля ператрусу арыштаваны КДБ Беларусі па падазрэньні ў арганізацыі пратэстаў[1]. 6 жніўня сумеснаю заяваю васьмі арганізацыяў, сярод якіх «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хэльсінскі камітэт, быў прызнаны палітычным вязьнем[2][3], а група «Хрысьціянская візія» Каардынацыйнай рады зьвярнулася да беларускай і сусьветнай хрысьціянскай супольнасьці з заклікам выступіць у ягоную падтрымку.[4]

Ад 3 лютага 2022 году абвясьціў галадоўку ў сьледчым ізалятары №1 у Менску. Ён патрабаў зьмены меры стрыманьня на не зьвязаную са зьняволеньнем, завяршэньня сьледзтва ў ягонай справе і прызначэньня даты суду. Мацкевіч паведамляў, што першыя дзесяць дзён «будзе галадоўка на вадзе», а калі па сканчэньні гэтага тэрміну патрабаваньні ня выканаюць, тады гатовы перайсьці да «сухой галадоўкі»[5].

15 лютага зьняволены філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч пачаў сухую галадоўку, паколькі ўлады ня выканалі ягоных патрабаваньняў. Ад «кансультацыі» турэмнага псыхоляга ён адмовіўся: лічыць, што няма прычын зь ёй размаўляць, бо ад яе не залежыць выкананьне ягоных патрабаваньняў. 16 лютага яго двойчы агледзеў лекар СІЗА. Мацкевіч адчуваў слабасьць, страціў больш за 7 кіляграмаў вагі з моманту пачатку галадоўкі. Пастара і лекара (не з сыстэмы МУС) да палітвязьня не дапусьцілі[6].

23 чэрвеня 2022 году Менскі абласны суд прысудзіў Мацкевічу пяць гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Філёзафу паставілі ў віну «грубае парушэньне грамадзкага парадку» падчас пратэстнай акцыі ў Менску 25 кастрычніка 2020 года.

4 лютага 2023 году яго зьмясьцілі на тры месяцы зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ) шклоўскай калёніі № 17[7] .

Актыўны вернік, пратэстант кальвінісцкага толку. У 2006 годзе філёзаф далучыўся да посту-галадоўкі вернікаў царквы «Новае жыцьцё», у якіх забіралі будынак. Тады ўлады пакінулі іх у спакоі.

  1. ^ Арина Ползик. (2021-08-12) Философ в неволе. Кто такой Владимир Мацкевич и в чем его подозревают? (рас.). Нямецкая хваля. Архіўная копія ад 2021-08-12 г.
  2. ^ Павел Мыльников. (2021-08-06) Правозащитники Беларуси признали философа Мацкевича политзаключенным (рас.). Нямецкая хваля. Архіўная копія ад 2021-08-08 г.
  3. ^ Заява аб прызнанні Таццяны Вадалажскай і Уладзіміра Мацкевіча палітзняволенымі (бел.). Вясна (2021-08-06). Архіўная копія ад 2021-08-09 г.
  4. ^ Група «Хрысьціянская візія» Каардынацыйнай рады Беларусі (2021-10-10) Заявление группы Координационного совета «Христианское видение» по поводу уголовного преследования христианско-реформатского интеллектуала Владимира Мацкевича (рас.) Царква і палітычны крызіс у Беларусі
  5. ^ Філёзаф Уладзімер Мацкевіч у СІЗА перайшоў на сухую галадоўку. Ён схуднеў на 7 кіляграм, адчувае слабасьць, Радыё Свабода, 15 лютага 2022
  6. ^ Схуднеў на 7 кіляграм, адчувае слабасьць. Апошнія навіны пра галадоўку палітвязьня Мацкевіча, Рады1ё Свабода, 15 люты 2022
  7. ^ Палітвязьня філёзафа Мацкевіча зьмясьцілі ў ПКТ на тры месяцы

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]