Перайсьці да зьместу

Агат-сыстэмы кіраваньня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°55′54″ пн. ш. 27°38′5″ у. д. / 53.93167° пн. ш. 27.63472° у. д. / 53.93167; 27.63472

«Агат-сыстэмы кіраваньня»
Тып адкрытае акцыйнае таварыства
Заснаваная 26 лютага 1969 (56 гадоў таму)
Заснавальнікі «Менскі электрамэханічны завод»
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менск
Адрас Першамайскі раён, праспэкт Незалежнасьці, дом 117[1]
Ключавыя фігуры Аляксей Бяўзюк (генэральны дырэктар), Дзяніс Коўшык (1-ы намесьнік), Ёсіф Макарэвіч (галоўны інжынэр)[2]
Галіна электронная прамысловасьць
Прадукцыя аўтаматызаваная сыстэма кіраваньня электрасілкаваньнем, дарожным і паветраным рухам, бесьпілётнік, робат-сапэр, навігацыйная плёмба, бартавы кампутар самахода, настольнае і мабільнае бізнэс-апраграмаваньне, друкаваная плата
Паслугі спадарожнікавае адсочваньне аўтатранспарту, паверка сродкаў вымярэньняў і выпрабаваньне электрычных прыладаў
Абарачэньне 91,8 млн рублёў[3] (2022 год; 33,5 млн $)[4]
Апэрацыйны прыбытак 7,61 млн рублёў (2022 год; 2,78 млн $)
Чысты прыбытак 7,41 млн рублёў (2022 год; 2,71 млн $)
Лік супрацоўнікаў 888 (канец 2021 г.)[5]
Матчына кампанія Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт Беларусі[6]
Даччыныя кампаніі «Агат — электрамэханічны завод», «Агат-сыстэм», «НДІ ЭВМ» і «Тэхніка сувязі»
Аўдытар «Зьнешаўдыт»

«Агат-сыстэмы кіраваньня» — дзяржаўнае прамысловае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў лютым 1969 году ў якасьці Навукова-дасьледчага інстытуту сродкаў аўтаматызацыі.

На 2025 год вырабляў аўтаматызаваныя сыстэмы кіраваньня, сродкі навігацыі і сувязі, рабатызаваныя плятформы, прылады для энэргетыкі, перавозак і аховы, жыцьцезабесьпячэньня і электрасілкаваньня. Таксама аказваў паслугі ў галіне кібэрбясьпекі[7]. Быў кіроўным прадпрыемствам холдынгу «Геаінфармацыйныя сыстэмы кіраваньня», у склад якога ўваходзілі «Агат — электрамэханічны завод» і «Агат-сыстэм», «Навукова-дасьледчы інстытут электронных вылічальных машынаў» і «Тэхніка сувязі» (Барань, Аршанскі раён)[8].

На 2025 год «Агат-сыстэмы кіраваньня» вырабляў:

  • аўтаматызаваныя сыстэмы кантролю і ўліку электраэнэргіі (АСКУЭ)[9];
  • сыстэмы кантролю, абароны і кіраваньня (СКАК) для падстанцыяў напругай ад 35 да 750 кілявольтаў[10];
  • сыстэмы ўліку энэргарэсурсаў на аснове Цэнтру збору, захоўваньня і апрацоўкі інфармацыі (ЦЗАІ) «Агат Энэрга»[11];
  • модулі спалучэньня «МС5» для перадачы зьвестак ад канцавых прыстасаваньняў у цэнтар іх апрацоўкі[12];
  • аўтаматызаваныя сыстэмы кіраваньня дарожным рухам (АСКДР) «Агат»[13];
  • 2 віды дарожных кантролераў для сьвятлафораў — «БДКЛ-М» са спажываньнем да 25 ватаў[14] і «БДКЛ-2» са спажываньнем да 50 ватаў[15];
  • праграму «Сыстэма аўтаматызаванага праектаваньня арганізацыі дарожнага руху» («САПр АДР»)[16];
  • аўтаматызаваныя сыстэмы плянаваньня выкарыстаньня паветранай прасторы («АС ПВПП»)[17];
  • аддаленыя аўтаматызаваныя працоўныя месцы (АПМ) кіраваньня паветраным рухам[18];
  • 3 віды бесьпілётных авіякомплексаў — «Беркут-1Э» з палётам да гадзіны на хуткасьці да 90 км/гадз.[19], «Беркут-3Э» з палётам да 3-х гадзінаў на хуткасьці да 100 км/гадз.[20] і «Грыф-100Э» для радыяцыйнай выведкі мясцовасьці[21];
  • мабільныя робататэхнічныя комплексы «МРК-А1» для сапэрнай працы да 3-х гадзінаў на радыёкіраваньні да 300 м зь перавозкай да 20 кг[22];
  • прылады выкліку экстраных апэратыўных службаў «УВС-М» для самаходаў[23];
  • электронныя плямбавальныя прылады «ЭПУ-01» для выяўленьня ўзлому грузавога кантэйнэра з самастойнай працай звыш 30 дзён пры сотавай перадачы зьвестак кожныя 2 гадзіны[24];
  • бартавыя кампутары «БК402» са спажываньнем да 50 ватаў для самаходаў[25];
  • апраграмаваньне «Кросплатформенная сыстэма кантролю цэласнасьці» («КСКЦ») для праверкі зьмяненьня файлаў, у тым ліку пад апэрацыйную сыстэму (АС) «Лінукс» і яе дыстрыбутыў «Убунту»[26];
  • апраграмаваньне «Мабільны супрацоўнік» для ўзаемінаў кіраўніцтва з пэрсаналам праз смартфоны і пляншэты з АС «Андроід»[27].
Таблё раскладу цягнікоў вытворчасьці «Агат-сыстэмы кіраваньня» ў Магілёве (2025 год)

Сярод іншага, «Агат-сыстэмы кіраваньня» ажыцьцяўляў:

26 лютага 1969 году на аснове спэцыяльнага канструктарскага бюро № 864 «Менскага электрамэханічнага заводу» (Беларуская ССР) стварылі філію Навукова-дасьледчага інстытуту аўтаматычнай апаратуры (Масква). У 1972 годзе яе пераўтварылі ў НДІ сродкаў аўтаматызацыі, які меў ствараць аўтаматызаваныя сыстэмы кіраваньня (АСК) войскамі ў вязьме фронт-армія-дывізія-полк-батальён, а таксама ўсімі відамі і родамі войскаў у гэтых вязьмах[33]. На пачатку 1970-х гадоў стварылі АСК злучэньнямі і часьцямі паветранай арміі «Паветра-М1», АСК каманднага пункту тактычнага злучэньня войскаў супрацьпаветранай абароны (СПА) «Качкар», а атксама АСК ударнай авіяцыя паветранай арміі «Ўдар». Шмат гадоў НДІ сродкаў аўтаматызацыі быў галаўным каардынатарам праграмы «ІнтэрАСК» з Арганізацыяй Варшаўскай дамовы (Польшча) наконт стварэньня адзінай палявой АСК войскамі (АПАСКВ)[34].

У 1980-я гады пастаўлялі аўтаматызаваныя камандныя пункты вайскова-паветраных сілаў (ВПС) «Эталён». У 1983 годзе ў войскі паставілі АСК тактычным вязьмом дывізія-полк. У 1985 годзе ў Сімфэропальскі авіявузел (Украінская ССР) паставілі АСК паветраным рухам «Траса». У 1986 годзе НДІ сродкаў аўтаматызацыі стаў галаўной установай дзяржаўнага аб'яднаньня «Агат». У 1987—1989 гадох Далёкаўсходнюю вайсковую акругу (Расейская СФСР) аснасьцілі сродкамі аўтаматызацыі пунктаў кіраваньня. У 1989 годзе на ўзбраеньне Групы савецкіх войскаў у Нямеччыне паставілі АСК ВПС і СПА. У 1991 годзе паставілі палявую АСК тактычнага вязьма полк-брыгада-дывізія. Таксама стварылі АСК апэрацыйнага вязьма корпус-армія-фронт. Упершыню ў Савецкім Саюзе ўкаранілі рухомыя палявыя вылічальныя сеткі і разьмеркаваныя базы зьвестак. АСК войскамі выраблялі ў супрацы з больш як 600 прадпрыемствамі 29 ведамстваў Савецкага Саюзу, у тым ліку пры ўдзеле звыш 30 навукова-дасьледчых установаў Міністэрства абароны СССР[34].

У 1990-я гады стварылі звыш 20 аўтаматызаваных пунктаў кіраваньня, у тым ліку расейскімі зэнітнымі ракетніцамі С-300, «Тор», «Тунгуска», «Страла», «Аса» і «Бук», тактычным ракетным комплексам «Кропка» і залпавай ракетніцай «Сьмерч». У войскі паставілі пасты апрацоўкі радыялякацыйнай інфармацыі ПАРЫ-П1 і ПАРЫ-П2, а таксама адпаведны цэнтры ЦАРЫ і прылады перадачы дадзеных сапраўднага маштабу часу[34]. 28 кастрычніка 1996 году «НДІ сродкаў аўтаматызацыі» пераўтварылі ва ўнітарнае прадпрыемства[35]. У 2001 годзе яго пераўтварылі ва ўнітарнае прадпрыемства. Вырабляў аўтаматызаваныя сыстэмы кіраваньня (АСК), прылады сувязі і перадачы дадзеных. Распрацоўваў АСК дарожным і паветраным рухам, сартавальнай станцыяй і лясной гаспадаркай, хімічнай вытворчасьцю і энэргетыкай. Таксама распрацоўваў інфармацыйна-даведкавыя сыстэмы ведамстваў, чыгуначных вакзалаў, стадыёнаў і палацаў спорту[33].

У 2009 годзе ўвялі ў дзеяньне падсыстэму бясьпекі зьвестак у Агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сыстэме (ААІС) Беларусі. У 2010 годзе такую падсыстэму ўвялі ў: Інтэграванай аўтаматызаванай сыстэме нагляднай дзейнасьці (ІАС КНД) ў Беларусі, 2-й чарзе Адзінай інфармацыйнай сыстэмы кантролю за выкананьнем даручэньняў (АІС КВД)) кіраўніка дзяржавы і ІАС кіраваньня вайсковымі камісарыятамі (ІАС КВК). У 2011 годзе падсыстэму бясьпекі зьвестак запусьцілі ў Інфармацыйнай сыстэме кіраваньня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі[36]. 13 студзеня 2011 году прадпрыемства «НДІ сродкаў аўтаматызацыі» пераўтварылі ў адкрытае акцыйнае таварыства «Агат-сыстэмы кіраваньня». 13 кастрычніка 2011 году «Агат-сыстэмы кіраваньня» ўтварыў холдынг «Геаінфармацыйныя сыстэмы кіраваньня» («ГІСК»), у склад якога ўвайшлі «Агат — электрамэханічны завод» і «Агат-сыстэм»[35].

У 2013 годзе ўвялі ў дзеяньне падсыстэму абароны зьвестак інфармацыйнай сыстэмы Нацыянальнага навігацыйна-інфармацыйнага цэнтру. У ліпені 2014 году кіраўнік «Агат-сыстэмы кіраваньня» Юры Масіенка прадстаўвіў на «Беларускай вайсковай выставе» бесьпілётнік «Грыф-1» пераважна з айчынных дэталяў. Яго распрацавалі за 3 гады. «Грыф-1» мог лётаць да 5 гадзінаў і несьці да 20 кг пры кіраваньні на 100 км без спадарожнікавай сувязі. Кошт досьледнага ўзору склаў 2 млн даляраў. У студзені 2015 году заплянавалі сэрыйную вытворчасьць для Ўзброеных сілаў Беларусі па кошце 1 млн даляраў[37]. У 2015 годзе распрацавалі падсыстэмы бясьпекі зьвестак у АСК Гарадзенскай гідраэлектрастанцыі і газатурбіннай устаноўкі (ГТУ) на 121 мэгават Гарадзенскай цеплаэлектрацэнтралі-2[36]. У 2021 годзе сукупная выручка склала 175 млн рублёў (68,8 млн даляроў), зь якіх 74 % прыпала на кампутары[5]. У 2022 годзе ў холдынг улучылі «Інатэх Салюшнс».

  1. ^ Кантакты // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  2. ^ Графік асабістага прыёму грамадзян кіруючым складам // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  3. ^ Е.Ю. Аношка, Аляксей Бяўзюк. Аўдытарскія высновы і бухгальтарская справаздачнасьць за 2022 год (рас.) // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 7 сакавіка 2023 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  4. ^ Афіцыйныя курсы беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, якія ўстанаўліваюцца штодзённа, на 31.12.2022 (2,7364 рублі за даляра) // Нацыянальны банк Беларусі, 31 сьнежня 2022 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  5. ^ а б Раскрыцьцё зьвестак за 2021 год (рас.) // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 21 сакавіка 2022 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  6. ^ Інфармацыя пра вышэйстаячы орган кіраваньня // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  7. ^ Пра нас // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  8. ^ Структура холдынгу // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  9. ^ Аўтаматызаваная сістэма кантролю і ўліку электраэнергіі (АСКУЭ) // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  10. ^ Сыстэма кантролю, абароны і кіраваньня (СКАК) // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  11. ^ ЦЗАІ «Агат Энэрга» // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  12. ^ Модуль спалучэньня «МС5» // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  13. ^ Аўтаматызаваная сістэма кіравання дарожным рухам «АГАТ» (АСКДР «АГАТ») // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  14. ^ Дарожны кантролер для сьвятлафорных аб'ектаў «БДКЛ-М» // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  15. ^ Дарожны кантролер для сьвятлафорных аб'ектаў «БДКЛ-2» // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  16. ^ Праграма сыстэмы аўтаматызаванага праектаваньня арганізацыі дарожнага руху («САПр АДР») // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  17. ^ Аўтаматызаваная сыстэма плянаваньня выкарыстаньня паветранай прасторы («АС ПВПП») // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  18. ^ Аддаленае аўтаматызаванае працоўнае месца кіраваньня паветраным рухам // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  19. ^ Бесьпілётны авіяцыйны комплекс «Беркут-1Э» // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  20. ^ Бесьпілётны авіяцыйны комплекс «Беркут-3Э» // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  21. ^ Бесьпілётны авіяцыйны комплекс «Грыф-100Э» // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  22. ^ Мабільны робататэхнічны комплекс «МРК-А1» // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  23. ^ Прылада выкліку экстраных апэратыўных службаў шматфункцыянальная «УВС-М» // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  24. ^ Прылада электронная плямбавальная «ЭПУ-01» // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  25. ^ Бартавая пэрсанальная электронная вылічальная машына сэрыі «БК402» // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  26. ^ Праграмнае забесьпячэньне кросплатформеннай сыстэмы кантролю цэласнасьці дадзеных у аўтаматызаваных сыстэмах (ПЗ «КСКЦ») // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  27. ^ Праграмнае забесьпячэньне «Мабiльны супрацоунiк» // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  28. ^ Выраб друкаваных платаў // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  29. ^ Паверка сродкаў вымярэньняў // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  30. ^ Правядзеньне выпрабаваньняў прадукцыі // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  31. ^ Сыстэма маніторынгу аб'ектаў на базе навігацыйна-інфармацыйнага цэнтру // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  32. ^ Выраб кабэляў і джгутоў // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  33. ^ а б Мікалай Азаматаў. Сродкаў аўтаматызацыі НДІ // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — С. 123. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2
  34. ^ а б в г Гісторыя (рас.) // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2 сьнежня 2016 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  35. ^ а б ААТ «АСК-ККХ-ГІСК», УНП 100230547 (рас.) // ТАА «БізІнспэкт», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  36. ^ а б Выкананыя праекты (абарона інфармацыі) // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 2025 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.
  37. ^ а б Яраслаў Лыскавец. На «Арэне» — «Грыф» // Пляцдарм. — 23 ліпеня 2014. — № 6 (35).
  38. ^ Кіраўніцтва (рас.) // ААТ «Агат-сыстэмы кіраваньня», 6 сьнежня 2017 г. Праверана 30 чэрвеня 2025 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

[[]