Перайсьці да зьместу

Аляксандра Смоліч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандра (Алеся) Смоліч

лац. Alaksandra (Alesia) Smolič
Імя пры нараджэньні Аляксандра Каткоўская
Род дзейнасьці Настаўніца, пэдагогіца
Дата нараджэньня 12 (24) сакавіка 1897
Месца нараджэньня Менск
Дата сьмерці 16 жніўня 1974
Месца сьмерці Украіна
Месца пахаваньня в. Мыкулычы, Кіеўскай вобласьць
Месца вучобы Маскоўскі народны ўнівэрсытэт Шаняўскага, БДУ, Омскі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт (1940)
Прафэсіі настаўніца, лябарантка
Месца працы Омскі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт
Вядомая як складальніца беларускага лемантара і беларускай граматыкі «Зорка».
Муж Аркадзь Смоліч

Аляксáндра (Алéся) Смоліч (у дзявоцтве Каткоўская; 12 (24) сакавіка 1897, Менск — 16 жніўня 1974, Украіна) — беларуская пэдагогіца, настаўніца хіміі і біялёгіі, асьветніца. Складальніца беларускага лемантара і беларускай граматыкі «Зорка» [1].

Нарадзілася 12 сакавіка 1897 году па старым стылі (24 сакавіка па новым) у Менску. Скончыла ў 1914 годзе Менскія жаночыя пэдагагічныя двухгадовыя курсы (настаўніца пачатковай школы), у 1916 годзе вучылася ў Народным унівэрсытэце Шаняўскага ў Маскве, у 1928—1930 гадах на завочным адзьдзяленьні Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працавала ў Менску настаўніцай пачатковай школы, пасьля статысткай у Саўнаргасе БССР.

У 1931 годзе муж Аркадзь Смоліч быў сасланы ў Пермскую, а пасьля ў Цюменскую вобласьць. Аляксандра Смоліч зьехала за мужам разам з трыма малымі дзецьмі. Працавала статысткай, пасьля настаўніцай школы ў Ішыме. У 1935 годзе скончыла курсы біяхімікаў пры Ленінградзкім ІПКНА[2].

З 1938 года ў горадзе Омску, куды пасьля другога арышту быў пераведзены муж. Аркадзь Смоліч быў расстраляны ў Омскай турме 17 чэрвеня 1938 году, аднак Аляксандры паведамілі што ён асуджаны да 10 гадоў ссылкі бяз права перапіскі. Аляксандра Смоліч увесь час шукала мужа і месца ягонай ссылкі, толькі ў 1957 годзе ёй у даведцы аб ягонай рэабілітацыі было паведамлена, што «Аляксандр Смоліч памёр 17 сакавіка 1943 году ў месцах заключэньня ад інфаркту міякарда»[3].

У Омску працавала лябаранткай, асыстэнткай Омскага пэдагагічнага інстытуту, у 1940 годзе скончыла завочнае адзьдзяленьне біялягічнага факультэту інстытуту. Выкладала ў школах № 10 і 11, адначасова з 1947 года — у фізкультурным тэхнікуме.

Навуковыя інтарэсы: ужываньне кіно ў выкладаньні; пазаклясная праца па прыродазнаўстве; працоўнае выхаваньне школьніка ў сям’і.

У 1949 годзе скончыла вячэрні ўнівэрсытэт марксізму-ленінізму пры Омскім гаркаме УКП бальшавікоў.

З 1958 года на пэнсіі, у 1967 пераехала на Ўкраіну да ўнука[4].

Памерла 16 жніўня 1974 году, пахаваная на могілках сяла Мыкулычы Кіеўскай вобласьці[5].

Жонка беларускага географа Аркадзя Смоліча (1891—1938). Пара гадавала траіх дзяцей: Максім (нар. 1918), Ганна (нар. 1919), Марыя (нар. 1928)[6].

  1. ^ Людміла Сасонка, Па матэрыялах архіва Смолічаў. Да дня народзін Смоліч Аляксандры Ігнацьеўны (12 сакавіка 1897 года па ст. ст.), Наша Слова № 12 (1215), 25 сакавіка 2015, с. 7.
  2. ^ Людміла Сасонка, Па матэрыялах архіва Смолічаў. Да дня народзін Смоліч Аляксандры Ігнацьеўны (12 сакавіка 1897 года па ст. ст.), Наша Слова № 12 (1215), 25 сакавіка 2015, с. 7.
  3. ^ Марина Аронова, "Казалось, никто не сможет разлучить нас". Полвека семья расстрелянного профессора искала его следы, Сибирь.Реалии, 11.11. 2022, https://www.sibreal.org/a/polveka-semya-rasstrelyannogo-professora-iskala-ego-sledy/31509463.html
  4. ^ Марина Аронова, "Казалось, никто не сможет разлучить нас". Полвека семья расстрелянного профессора искала его следы, Сибирь.Реалии, 11.11. 2022, https://www.sibreal.org/a/polveka-semya-rasstrelyannogo-professora-iskala-ego-sledy/31509463.html
  5. ^ Марина Аронова, "Казалось, никто не сможет разлучить нас". Полвека семья расстрелянного профессора искала его следы, Сибирь.Реалии, 11.11. 2022, https://www.sibreal.org/a/polveka-semya-rasstrelyannogo-professora-iskala-ego-sledy/31509463.html
  6. ^ Людміла Сасонка, Па матэрыялах архіва Смолічаў. Да дня народзін Смоліч Аляксандры Ігнацьеўны (12 сакавіка 1897 года па ст. ст.), Наша Слова № 12 (1215), 25 сакавіка 2015, с. 7.