Аляксандр Канстанцінавіч Касач
Аляксандр Канстанцінавіч Касач | |
---|---|
Дата нараджэння | 24 красавіка 1918 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1 лістапада 1989 (71 год) |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | гісторык медыцыны, ваенны ўрач, выкладчык універсітэта, загадчык кафедры |
Месца працы | |
Навуковая ступень | кандыдат медыцынскіх навук (1968) |
Альма-матар |
|
Узнагароды |
Аляксандр Канстанцінавіч Касач (24 красавіка 1918, в. Грамошча, Полацкі раён — 1 лістапада 1989) — беларускі вучоны ў галіне гісторыі медыцыны, арганізацыі аховы здароўя. Кандыдат медыцынскіх навук (1968). Заслужаны ўрач Беларусі (1964).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]У 1937 годзе скончыў Віцебскую фельчарска-акушэрскую школу і паступіў у Віцебскі медыцынскі інстытут. З трэцяга курса быў прызваны ў Чырвоную Армію, удзельнічаў у савецка-фінскай вайне, служыў на тэрыторыі Заходняй Украіны. Вялікую Айчынную вайну сустрэў на Заходнім фронце, абараняў Кіеў. Выйшаўшы з акружэння, у 1942 годзе становіцца начальнікам санітарнай службы партызанскай брыгады ў Дрысенскім раёне, адначасова ўзначальваў дыверсійную групу. У 1943 годзе быў прызначаны начальнікам штаба атрада, затым штаба 2-й Дрысенскай партызанскай брыгады. За ўдзел у баявых аперацыях узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, медалямі «Партызану Айчыннай вайны» I і II ступеняў.
У 1948 годзе скончыў лячэбны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута. З 1954 года — загадчык Полацкага абласнога аддзела аховы здароўя, з 1957 года — загадчык 4-га галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Спрыяў пашырэнню базы лячэбна-прафілактычных устаноў, увядзенню новых форм і метадаў арганізацыі медыцынскага абслугоўвання, развіваў санаторна-курортную справу. Арганізаваў будаўніцтва ў Беларусі і курортных зонах СССР многіх санаторыяў (Аксакаўшчына, Нясвіж, Друскінінкай, Кіславодск, Місхор, Юрмала, Сочы) з прыцягненнем сродкаў іншых ведамстваў.
У 1959 годзе ўзначаліў створаны ў Беларускім дзяржаўнім інстытуце ўдасканалення ўрачоў (БДІУУ) курс паслядыпломнай падрыхтоўкі арганізатараў аховы здароўя, ператвораны ў самастойную кафедру сацыяльнай гігіены і арганізацыі аховы здароўя, якой кіраваў з 1967 па 1983 гг. Актыўна вялася навуковая праца, базавыя лячэбна-прафілактычныя ўстановы ўкаранялі ў практыку прагрэсіўныя формы і метады дзейнасці. Вялікае навукова-практычнае значэнне мелі працы, прысвечаныя пытанням арганізацыі дзейнасці цэнтральнай раённай бальніцы — вядучага звяна ў сістэме сельскай аховы здароўя.
А. К. Касач — адзін з актыўных сяброў Беларускага рэспубліканскага таварыства гісторыкаў медыцыны з моманту заснавання (1958), з 1973 па 1989 гг. кіраваў ім. З 1985 года загадваў музейнай групай у Мінскім медыцынскім інстытуце, вырашыў шэраг праблем навуковай і экспазіцыйнай дзейнасці.
У мірны час узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны».
Памёр Аляксандр Канстанцінавіч 1 лістапада 1989 года.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Касач Аляксандр Канстанцінавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.].
- Касач Аляксандр Канстанцінавіч // Памяць: Полацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: І. Б. Каросцік, Р. І. Маслоўскі, А. Л. Петрашкевіч; уклад. С. С. Чарняўская; мастак Э. Э. Жакевіч. — Мінск : Вышэйшая школа, 1999. — С. 641—642.
- Нарадзіліся 24 красавіка
- Нарадзіліся ў 1918 годзе
- Нарадзіліся ў Полацкім раёне
- Памерлі 1 лістапада
- Памерлі ў 1989 годзе
- Выкладчыкі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі
- Кандыдаты медыцынскіх навук
- Выпускнікі БДМУ
- Кавалеры ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі
- Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
- Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
- Заслужаныя ўрачы Беларускай ССР
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта