Талом накіпны, ад вельмі тонкай да тоўстай, зярністай, патрэскана-арэаляванай корачкі, ад карычневага да шэрага колеру. Фотабіёнт — аднаклетачная зялёная водарасць роду трэбуксія (Trebouxia Pyum). Апатэцыі чорныя, лецыдзеевага тыпу, звычайна з захаваным краем, ад паглыбленых да сядзячых, цалкам прыціснутых або злёгку звужаных каля асновы. Уласны край апатэцыю (эксцыпул) утвораны радыяльна разбежнымі гіфамі, звычайна афарбаванымі ў верхняй частцы. Эпігіменій ад карычневага да зялёнага. Гіменій без кропляў алею. Гіпатэцый цёмна-карычневы, радзей светлы. Парафізы разгалінаваныя або простыя, канцы парафіз пашыраныя і афарбаваныя. У сумцы па 8 спор. Споры карычневыя 2‑клетачныя, прамыя або крыху выгнутыя. Канідыі вельмі тонкія, доўгія і дугападобныя, 15-30 мкм даўжынёй.
Насяляюць пераважна камяні ў халодных і ўмераных рэгіёнах, радзей кару хвойных і ліставых дрэў, драўніну. Распаўсюджаны ў абодвух паўшар’ях. У свеце вядома каля 90 відаў. У Беларусі адзін від — амандынея кропкавая (Amandinea punctata), сустракаецца паўсюдна, расце на кары ліставых (ліпа, асіна, дуб, клён), радзей на хвойных (елка, лістоўніца), на апрацаванай драўніне (квартальныя слупы, альтанкі і г. д.), у ліставых і мяшаных лясах, на антрапагенных тэрыторыях (гарадскія паркі, скверы), таксама ў старых сядзібных парках. Індыкатар забруджвання паветра цяжкімі металамі і аксідамі серы.