Слаявіна лішайніка буйная, цвёрдая, ляжачая або крыху прыўзнятая над субстратам у выглядзе кусцікаў карычнева-шэрага ці бураватага колеру. Часам утвараюцца падушачкі дыяметрам да 20 см. Лопасці з хвалістым краем, павіслыя, вілавата разгалінаваныя, з цёмнымі раснічкамі да 6 мм у даўжыню.
Пладовыя целы.
Пладовыя целы (апатэцыі) шматлікія, дыяметрам 4—6[2] мм (да 8 мм[3]), сподкападобныя, сядзячыя або прыўзнятыя. Дыск апатэцыю пляскаты або ўвагнуты, карычнева-шэры, з тоўстым, часта зубчастым краем, голы ці з белым налётам. У сумцы 8 двухклетачных спор карычневага колеру[1].
Анаптыхія раснічастая распаўсюджана на тэрыторыі Еўропы, Паўночнай Амерыкі і Афрыкі[3]. Расце на кары і галінах лісцевых парод дрэў, пераважна асіны. Зрэдку сустракаецца на імшыстых скалах[2]. Аддае перавагу адкрытым месцам (узлескі, лясныя паляны, берагі вадаёмаў).