Перайсці да зместу

Андрэй Юльянавіч Бараноўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Андрэй Юльянавіч Бараноўскі
Род дзейнасці мовазнавец
Дата нараджэння 1895
Месца нараджэння
Дата смерці 1 верасня 1938(1938-09-01)
Месца смерці
Месца працы
Альма-матар
Партыя
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах

Андрэй Юльянавіч Барано́ўскі (1895, засценак Вялікія Машчыцы, Слуцкі павет Мінская губерня, цяпер Слуцкі раён — 1 верасня 1938, Менск, НКУС) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, настаўнік, мовазнаўца.

Паходзіў з дробнай вясковай шляхты. У 1913 годзе скончыў Слуцкае праваслаўнае духоўнае вучылішча, у 1914 здаў экстэрнам іспыт на званне настаўніка. У маі 1915 года прызваны ў расійскае войска, служыў пісарам, справаводам.

Пасля Кастрычніцкага перавароту вярнуўся ў родную вёску. Падчас нямецкай акупацыі працаваў на гаспадарцы. З прыходам бальшавікоў служыў справаводам у Слуцкім ваенным камісарыяце. З пачаткам польска-савецкай вайны эвакуіраваўся ў Рослаўль Смаленскай губерні. Там пазнаёміўся з Палутай Бадуновай, з якой паехаў у Маскву для перагавораў ад імя ЦК БПСР з бальшавікамі. Стаў сябрам партыі беларускіх эсэраў, па заданні якой вярнуўся на радзіму і стаў ініцыятарам узнаўлення Слуцкага беларускага нацыянальнага камітэта[1].

Пасля заканчэння Менскіх беларускіх настаўніцкіх курсаў у 1920 годзе выкладаў беларусазнаўства ў слуцкіх школах. Засноўваў у Слуцкім павеце беларускія школы, культурніцкія арганізацыі і кааператывы. Адзін з кіраўнікоў таварыства «Папараць-кветка», узначальваў работу яго драматычнай дружыны, рэдагаваў газету «Наша Каляіна». Быў прыхільнікам супрацоўніцтва з бальшавікамі.

Пасля прыходу Чырвонай арміі ў ліпені 1920 года загадваў школьным аддзелам Слуцкага рэўкама. У першай палове 1920-х гадоў жыў у Слуцку, працаваў настаўнікам, інспектарам акруговага аддзела народнай адукацыі. Арганізаваў у горадзе першую канферэнцыю па беларусазнаўстве.

У 1921 годзе разам з іншымі членамі БПСР арыштаваны ДПУ і месяц знаходзіўся ў вязніцы. Напачатку 1922 ізноў арыштаваны па справе беларускіх эсэраў.

Пасля Менскіх вышэйшых курсаў беларусазнаўства (1924) выкладаў у Аб’яднанай беларускай ваеннай школе ў Менску, адначасова працаваў у камісіі Інстытута беларускай культуры па складанні слоўніка беларускай вайсковай тэрміналогіі.

Удзельнічаў у ліквідацыйным з’ездзе партыі беларускіх эсэраў у чэрвені 1924 года. У 1930 годзе пазбаўлены работы ў ваеннай школе. З 1933 года працаваў у геадэзічнай майстэрні Белдзяржтранса Наркамата земляробства БССР.

Арыштаваны НКВД БССР 26 студзеня 1938 года па абвінавачванні ў контррэвалюцыйнай і антысавецкай дзейнасці на Случчыне і ў Менску ў 1920-х гадах. Асуджаны «тройкай» да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны, магчыма, у Курапатах. Рэабілітаваны 4 лютага 1960 года «за адсутнасцю складу злачынства». Заяву на рэабілітацыю падавала яго жонка Аляксандра Янчук, былая актрыса драматычнага гуртка «Папараць-кветка». Ёй вярнулі некаторыя асабістыя рэчы Бараноўскага: фотаапарат (Андрэй быў аматарам фотасправы) і выданне «Малой Советской Энциклопедии».

  1. Аляксандра Гесь. Бараноўскі Андрэй Юльянавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — С. 328. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
  • Андрэй Бараноўскі / [0 3] // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). / Укладальнік Л. У. Маракоў.
  • Аляксандра Гесь. Бараноўскі Андрэй Юльянавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — С. 327—328. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
  • Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка. Слуцкі раён. Мн., 2001. Кн. 1. С. 257—258.
  • Слуцкі збройны чын 1920 г. ў дакументах і ўспамінах. Мн., 2001. С. 291—302.