Аўспіцыі

Аўспі́цыя (лац.: auspicia, ад avis — «птушка», speculare — «назіраць») — у вузкім сэнсе — варажба аўгураў па паводзінах птушак, адкуль і паходзіць этымалогія, у шырокім — варажба аўгураў увогуле. У гэтым сэнсе выкарыстоўваўся таксама тэрмін augurium ці auspicium ex diris (signis). Аўспіцыі як прадвесці дзяліліся на 5 відаў:
- Нябесныя (ex caelo) — уключалі назіранне таксама за прыроднымі з’явамі кшталту маланкі ці навальніцы і лічыліся найбольш важнымі (maximum auspicium).
- Уласна па назіранню за асобнымі птушкамі (ex avibus), якія падзяляліся на тых, што давалі прыкметы пеннем ці голасам (oscines) і палётам (alites). Да першых належалі крумкач, варона, сава і курыца. Яны прадракалі добрую падзею (auspicium ratium), калі ляцелі справа, і благую — калі злева. Да другіх адносіліся арол, які лічыўся птушкай Юпітэра, і грыф. Асобныя птушкі (picus Martius, feronicus і parrha) адносіліся да абедзвюх груп;
- Ex tripudiis, г. зн. назіранне за паводзінамі любой птушкі, пазней — куранят падчас кармлення, якое рабілася падчас ваенных экспедыцый. Кураняты ўтрымліваліся ў клетцы пад назіраннем адпаведнага чалавека (pullarius). На пачатку гадання пуларый адчыняў клетку і кідаў туды зярняты ці мяккае пірожнае. Калі кураняты адмаўляліся дзяўбці, шумелі, хлопалі крыльцамі (раней — калі дарослыя птушкі адляталі), гэта лічылася благой прыкметай. Калі ж ежу прагна дзяўблі, так што было чутна пагрукванне, гэта было адпаведна добрай прыкметай (tripidum solistimum).
- Назіранне за чатырохногімі жывёламі (ex quadripedibus) — было не вельмі распаўсюджана. Адпаведнай прыкметай (iuge auspicium) было, калі, напрыклад, сабака, конь, воўк ці ліса перабяжыць чалавеку дарогу.
- Ex acuminibus — варажба па наканечніках коп’яў падчас паходаў.
Аўспіцыі, якія здзяйсняліся патрыцыямі, былі auspicia patrum, хаця маглі быць здзейснены прыватным чынам без аўгураў (auspicia privata). Аўспіцыі, якія здзяйсняліся па ініцыятыве вышэйшых магістратаў (раней — цароў, а потым дыктатараў, інтэррэксаў і консульскіх трыбунаў) былі auspicia maiora, а ніжэйшых (курульных эдылаў і квестараў ) — minora. Пры парушэнні цішыні ці ўвогуле пры выяўленні памылкі (vitium) аўспіцыі адмяняліся.
Увогуле, стаўленне да аўспіцый было дваістым: нягледзячы на тое, што яны былі асвечаны традыцыямі, з вынікамі аўспіцый лічыліся далёка не заўсёды, і самі аўспіцыі рабіліся ўсё больш фармальнай працэдурай. Так, у Валерыя Максіма ў кнізе «Аб памятных дзеях і выслоўях» апісваецца наступны эпізод: перад марскім сражэннем з карфагенянамі ў 249 да н.э. свяшчэнныя куры не сталі дзяўбці зерне, прадракаючы паражэнне; тады Публій Клаўдзій Пульхр , які камандаваў флотам, загадаў выкінуць іх за борт, сказаўшы: «Не жадаюць есці — няхай нап’юцца», і даў сігнал да пачатку бою.
Цыцэрон, абраны аўгурам, у сваёй кнізе «Аб прыродзе багоў» пісаў: «Дзіўна, як могуць два прадказальнікі ўстрымацца ад смеху, гледзячы адзін аднаму ў вочы»[1].
Зноскі
- ↑ De Natura Deorum, Liber II, LI