Перайсці да зместу

Баранцовыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Баранцовыя

Huperzia lucidula
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Huperzioideae W.H.Wagner & Beitel ex B.Øllg.

Роды

Сістэматыка
на Віківідах

Пошук выяў
на Вікісховішчы
NCBI  1965352
IPNI  77148859-1

Баранцо́выя (Huperziaceae, Huperzioideae) — сямейства (падсямейства) вышэйшых споравых раслін класа дзеразападобных. Выдзяляюцца 3 роды: баранец (Huperzia), флегмарыўрус (Phlegmariurus) і філаглосум (Phylloglossum).

Шматгадовыя вечназялёныя расліны з ізатамічна галінаванымі парасткамі. Карэнне звычайна фарміруецца толькі ў ніжняй частцы сцябла, прыдаткавыя карані прарастаюць праз кару амаль паралельна сцяблу. Філаглосум мае клубнепадобнае сцябло з разеткай лісця на верхавінцы. Лісце адмірае падчас засухі. Спарафілы і вегетатыўнае лісце аднолькавыя (за выключэннем філаглосуму). Калі спарафілы меншыя, то яны захоўваюцца і афарбаваны ў зялёны колер. Спарангіі пазушныя, не прымацаваны да спарафілаў; споры ямістыя або баразнавата-ямістыя. Гаметафіты цыліндрычнай або рэменепадобнай формы, мікагетэратрофныя падземныя або напаўпадземныя з верхняй зялёнай фотасінтэзіруючай часткай, якая выступае на паверхню глебы.

Паводле даных малекулярнай сістэматыкі, з’яўленне сямейства адносіцца да часавага прамежку (223-) 199,5 (-175) млн гадоў таму мезазойскай эратэмы. Разыходжанне трох экалагічна непадобных родаў супала з распадам Пангеі, і гэтыя тры роды падзяліліся ў ніжнім і сярэднім аддзелах юрскай сістэмы.

Сямейства аб’ядноўвае каля 275—375 відаў раслін. Род філаглосум раней вылучаўся ў асобнае сямейства праз рэзкія адрозненні ў марфалогіі і экалогіі, аднак у цяперашні час уключаны ў сямейства Баранцовыя на падставе малекулярных даных, тыпу спор і анатоміі спарангію. Віды роду баранец (30⁠-⁠75 відаў) распаўсюджаны пераважна ва ўмераных і субтрапічных рэгіёнах Паўночнага паўшар’я з адносна невялікай колькасцю відаў у тропіках і Паўднёвым паўшар’і. Віды роду флегмарыўрус (250—300 відаў) з’яўляюцца пераважна трапічнымі эпіфітамі і растуць на дрэвах. Род філаглосум з адзіным відам філаглосум Драмонда (Phylloglossum drummondii) з’яўляецца пірафітам і расце на тэрыторыі Аўстраліі, Тасманіі і Новай Зеландыі ў супольнасцях, схільных да перыядычных пажараў.