Перайсьці да зьместу

Беларускае рачное параходзтва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 52°3′3″ пн. ш. 29°15′53″ у. д. / 52.05083° пн. ш. 29.26472° у. д. / 52.05083; 29.26472

«Беларускае рачное параходзтва»
Тып унітарнае прадпрыемства
Заснаваная 1930 (94 гады таму)
Заснавальнікі Народны камісарыят шляхоў зносін СССР
Уласьнікі Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Гомельская вобласьць
Адрас Мазыр, Савецкая вуліца, дом 27а
Ключавыя фігуры Аляксей Багамягкаў (намесьнік па перавозках), Аляксандар Дзядкоў (галоўны інжынэр)[1]
Галіна сфэра паслугаў
Прадукцыя вагон-бытоўка, рэзэрвуар, воданапорная вежа, дымаход
Паслугі рачныя перавозкі грузаў і людзей, пагрузка і разгрузка, складаваньне, рамонт суднаў
Матчына кампанія Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі[2]

«Беларускае рачное параходзтва» — дзяржаўнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў сьнежні 1930 году ў якасьці «Дняпроўска-Дзьвінскага рачнога параходзтва» ў Гомлі.

На 2025 год «БРП» улучала ўправу і 8 рачных партоў Беларусі: Берасьце, Пінск, Мікашэвічы (Лунінецкі раён), Мазыр, Бабруйск, Магілёў, Рэчыца і Гомель[3]. Гэтыя парты месьціліся ў вадазборах суднаходных рэк Прыпяць, Дняпро, Сож і Бярэзіна[4].

На 2025 год «Беларускае рачное параходзтва» мела 8 рачных партоў.

  • Берасьце. Заснаваны ў 1950 годзе. Месьціўся на правым беразе ракі Мухавец, у паўднёва-заходняй частцы Берасьця. Прызначаўся для апрацоўкі навалачных грузаў і пагрузкі будаўнічага пяску ў цяжкавікі. Меў партальныя краны грузападымальнасьцю 10 т. Даўжыня прычальнай лініі складала 210 м. Адасоблена знаходзіўся прычал «Гузьні» ў межах горада. Меў пасажырскі цеплаход «Горадня» праекту Р-51Э для экскурсіяў па Мухаўцы і пагадзіннай арэнды, 5 буксірных цеплаходаў праекту 570, 12 несамаходных баржаў праектаў 775 і 775А, 2 землярыйныя машыны і плавучы кран[5].
  • Пінск (Берасьцейская вобласьць). Заснаваны ў 1939 годзе. Месьціўся на рацэ Піне за 8 км вышэй па цячэньні ад Пінску (Берасьцейская вобласьць). Прызначаўся для апрацоўкі тарных і навалачных грузаў. Партальныя краны мелі грузападымальнасьць 10 т. Даўжыня прычальнай лініі складала 346 м. Меў пасажырскі цеплаход «Пінск» праекту Р-51Э, 7 буксірных цеплаходаў, 177 несамаходных баржаў, землярыйную машыну і 2 плывучыя краны[6].
  • Мікашэвічы (Лунінецкі раён). Заснаваны ў 1978 годзе. Месьціўся ў падгалоўі Мікашэвіцкага каналу. Меў канвэерныя лініі для адгрузкі друзу з заводу «Граніт». Даўжыня прычальнай лініі складала 300 м. Меў 5 буксірных цеплаходаў праектаў 570 і 730, 10 несамаходных баржаў праектаў 775 і 775А, 2 плывучыя краны праекту 1451[7].
  • Мазыр (Гомельская вобласьць). Заснаваны ў 1963 годзе Месьціўся на 192-м км ракі Прыпяць. Быў галоўным месцам перагрузкі пры міжнародных грузаперавозках. Прызначаўся для тарных і навалачных грузаў. У порце былі пад'язныя чыгуначныя шляхі. Даўжыня прычальнай лініі складала 800 м. Працаваў пункт пропуску празь дзяржаўную мяжу Беларусі для мытнага і памежнага нагляду. Меў 8 буксірных цеплаходаў праектаў 570 і 730Д, сухагрузны цеплаход-пляцоўку «Надзея» на 700 т праекту 95065, 24 несамаходныя баржы, землярыйную машыну і плывучы кран праекту 1451[8].
  • Бабруйск (Магілёўская вобласьць). Заснаваны ў 1970 годзе. Месьціўся на 174-м км ракі Бярэзіны. Прызначаўся для апрацоўкі навалачных грузаў. Меў пад'язныя чыгуначныя шляхі. Даўжыня прычальнай лініі складала 560 м. Меў 3 буксірныя цеплаходы праекту 730, 12 несамаходных баржаў праектаў 775, 187Г і 619А, а таксама 2 землярыйныя машыны і плывучы перагружальнік[9].
  • Рэчыца (Гомельская вобласьць). Заснаваны ў 1944 годзе. Месьціўся на 1156-м км ракі Дняпро. Прызначаўся для апрацоўкі навалачных грузаў. Працаваў пункт пропуску празь мяжу Беларусі для мытнага і памежнага нагляду. Меў 5 буксірных цеплаходаў праекту 570 і 730, 7 несамаходных баржаў праектаў 775 і 775А, землярыйную машыну і 3 плывучыя краны праекту 1451. Валодаў зьліпам далучанага «Рэчыцкага суднабудаўніча-суднарамонтнага заводу» для пад'ёму, будаўніцтва і рамонту караблёў. Вырабляў вагоны-бытоўкі і -майстэрні, ёмістасьці абсягам да 300 кубамэтраў, апорныя зварныя мэталаканструкцыі, воданапорныя вежы і буйнагабарытныя дымавыя трубы. Меў мэталаапрацоўчае, прэсавае, згінальнае, газаплязмарэжучае, электразварачнае і фарбавальнае абсталяваньне[10].
  • Гомель. Заснаваны ў 1933 годзе Месьціўся на 100-м км ракі Сож. Прызначаўся для апрацоўкі тарных і навалачных грузаў. Меў пад'язныя чыгуначныя шляхі і партальныя краны грузападымальнасьцю 5 і 10 т. Даўжыня прычальнай лініі складала 455 м. Дзейнічаў пункт пропуску празь мяжу Беларусі для мытнага і памежнага нагляду. Меў 3 пасажырскія цеплаходы праектаў Р-51Э і 95030, у тым ліку «Гомель», 6 буксірных цеплаходаў праектаў 570 і 730, 12 несамаходных баржаў праектаў 775 і 775А, землярыйную машыну і 2 плывучыя краны праекту 1451. Далучаны «Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод» меў зьліп для пад'ёму, будаўніцтва і рамонту караблёў. Вырабляў вагоны-бытоўкі і -майстэрні, ёмістасьці абсягам да 300 кубамэтраў, апорныя зварныя мэталаканструкцыі, воданапорныя вежы і дымаходы. Меў мэталаапрацоўчае, прэсавае, згінальнае, газаплязмарэжучае, электразварачнае і фарбавальнае абсталяваньне[11].

На 2025 год «Беларускае рачное параходзтва» мела 98 баржаў-пляцовак грузападымальнасьцю 900 т, 51 буксірны цеплаход, 24 плывучыя краны і 7 паяжджанскіх цеплаходаў[12]. Асноўнымі суднамі былі:

  • Буксір-штурхач праекту 570А або 570В (32 асобнікі). Магутнасьць складала 220 кіляват. Мелі прыпіску ва ўсіх 8 партах параходзтва. Будаваў «Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод» ад 1972 году 570А і ад 1982 году 570В. Праектаваў «Белсуднапраект» (Гомель). Уляганьне складала 89 см пры водазьмяшчэньні 78 т і 92 см — пры 81,6 т[13].
  • Буксір-штурхач праекту 730 (13 асобнікаў). Магутнасць складала 220 кВат. Мелі прыпіску 5 з 8 рачных партоў: Мікашэвічы, Магілёў, Бабруйск, Гомель і Рэчыца. Вырабляў «Пінскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод» ад 1985 году. Прызначаліся для неглыбокіх участкаў ракі Бярэзіна і вярхоўя Дняпра. Праектаваў «Белсуднапраект». Уляганьне складала 60 см пры водазьмяшчэньні 79 т і да 67 см — пры 89 т[14].
  • Буксір-штурхач праекту 730Д. Магутнасьць складала 440 кВат. Цеплаход «БТ-01» меў прыпіску ў Мазыры. Пабудаваў «Пінскі ССРЗ» у 2005 годзе. Праектаваў «Белсуднапраект». Меў уляганьне 90 см пры водазьмяшчэньні 142 т[15].
  • Баржа-пляцоўка праекту 775А (38 асобнікаў). Улучала грузавы бункер са здымнымі закрыцьцямі. Грузападымальнасьць складала 900 т. Мелі прыпіску ў 6 з 8 партоў: Берасьце, Пінск, Мікашэвічы, Мазыр, Гомель і Рэчыца. Будаваў «Рэчыцкі суднабудаўніча-суднарамонтны завод» ад 1994 году. Перавозілі грузы ў пакетах і на паддонах, а таксама навалачныя грузы. Уляганьне складала складала 1,83 м пры водазьмяшчэньні 1181 т з грузам 900 т[16].
  • Баржа-пляцоўка праекту 775 (60 асобнікаў). Мела грузападымальнасьць 900 т. Выкарыстоўвалі для перавозкі мінэральна-будаўнічых матэрыялаў з рачнога рэчышча, кантэйнэраў, вусенічнай тэхнікі зь ціскам да 10 т/кв.м і колавых цяжкавікоў з нагрузкай да 9 т на вось. Мелі прыпіску ва ўсіх 8 партах. Вырабляў «Рэчыцкі ССРЗ» ад 1981 году. Мела ўляганьне 1,77 м пры водазьмяшчэньні 1143 т з грузам 900 т[17].
  • Паяжджанскі цеплаход праекту Р-51Э (3 асобнікі). Магутнасьць складала 220 кВат. «Гомель» у Гомлі, «Горадня» ў Берасьці і «Пінск» у Пінску. Зьмяшчаў да 243 паяжджанаў. Мог плаваць да 2-х содняў у прыгарадныя рэйсы па 4 гадзіны. Пабудаваў «Маскоўскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод» ад 1969 году. Праектавала Цэнтральнае тэхніка-канструктарскае бюро (Ленінград) Міністэрства рачнога флёту СССР . Уляганьне складала 1,13 м пры водазьмяшчэньні 101,6 т[18].
Цеплаход «ПТ-01» на Сожы ў Гомлі (2014 год)
  • Паяжджанскі цеплаход праекту 95030 (2 асобнікі). Магутнасьць складала 110 кВат. «ПТ-01» і «ПТ-02» у Гомлі. Зьмяшчаў 60 паяжджанаў. Мог плаваць да содняў у прыгарадны рэйс на 8 гадзінаў. Будаваў «Гомельскі ССРЗ» ад 1994 году. Праектаваў «Белсуднапраект». Уляганьне было 70 см пры водазьмяшчальнасьці 36,7 т[19].
  • Плывучы кран праекту 1451 (9 асобнікаў). Грузападымальнасьць складала 5 т. Мелі прыпіску ў 5 з 8 партоў: Мікашэвічы, Мазыр, Магілёў, Гомель і Рэчыца. Здабывалі пясок і жвір са дна ракі. Перагружалі навалачныя, адзінкавыя і масавыя грузы. Магутнасьць складала 243 кВат. Вылет стралы крана дасягаў 30 м. Праектавала «Гарадзецкая суднаверф» (Ніжагародзкая вобласьць, Расея). Уляганьне складала 1,03 м пры водазьмяшчэньні 304 т[20].

На 2025 год «Беларускае рачное параходзтва» ажыцьцяўляла:

Сьцяг «Дняпроўска-Дзьвінскага рачнога параходзтва»

У сьнежні 1930 году Народны камісарыят шляхоў зносін СССР заснаваў «Дняпроўска-Дзьвінскае рачное параходзтва» («ДДРП») ў Гомлі (Беларуская ССР)[28]. У 1932 годзе Народны камісарыят воднага транспарту СССР перадаў «ДДРП» раку Прыпяць. Разам з гэтым параходзтва атрымала 2 паяжджанскія лініі МазырКіеў (Украінская ССР) і Мазыр—Тураў, а таксама 7 паяжджанскіх караблёў магутнасьцю 860 конскіх сілаў. У 1933 годзе заснавалі рачны порт Гомель. За 1931—1940 гады грузаперавозкі вырасьлі ў 3,2 разы да 1,776 млн т[29]. У 1939 годзе заснавалі рачны порт Пінск. У 1941 годзе берагавую гаспадарку «ДДРП» вывезьлі ў Маскву (Расейская СФСР). У жніўні 1942 годзе «ДДРП» пераўтварылі ў Дняпроўска-Дзьвінскую вайскова-аднаўленчую ўправу (ДДВАУ), якую ў сьнежні 1942 году разьмясьцілі ў вёсцы Вусьце Кастрычніцкага раёну Калінінскай вобласьці (Расейская СФСР). У лістападзе 1943 году ДДВАУ перамясьцілі ў Гомель[28].

У 1944 годзе аднавілі 265 баржаў і караблёў. Пабудавалі яшчэ 226 баржаў і караблёў. Рачны флёт папоўнілі буксірнымі цеплаходамі і баржамі грузападымальнасьцю 700—1000 т[29]. Таксама ў 1944 годзе заснавалі порт Рэчыца (Гомельская вобласьць). У красавіку 1945 году ДДВАУ зноў пераўтварылі ў «Дняпроўска-Дзьвінскае рачное параходзтва»[28], якое ў верасьні 1947 году падпарадкавалі Міністэрству рачнога флёту Беларускай ССР[30]. 22 кастрычніка 1947 году «ДДРП» пераўтварылі ў «Верхне-Дняпроўскае рачное параходзтва» («ВДРП»)[28]. У 1950 годзе заснавалі рачны порт Берасьце. У 1950-я гады адбудавалі Гомельскі, Пінскі, Бабруйскі і Рэчыцкі суднабудаўніча-суднарамонтныя заводы. Прычалы ў Гомлі і Берасьці аснасьцілі берагавымі і плывучымі кранамі. У 1963 годзе заснавалі рачны порт Мазыр, у 1970-м — Бабруйск, а ў 1978-м годзе — Мікашэвічы (Лунінецкі раён). Да 1980 году на новай пляцоўцы Дамашыцах (Пінскі раён) пабудавалі рачны порт Пінск, а таксама ўзьвялі рачны вакзал у Мазыры[29]. 1 красавіка 1987 году «ВДРП» пераўтварылі ў вытворчае аб'яднаньне. 4 жніўня 1988 году яго перайменавалі ў «Беларускае рачное параходзтва» («Белрэчтранс») ў падпарадкаваньні Міністэрства транспарту Беларускай ССР[30].

31 ліпеня 2000 году «Беларускае рачное параходзтва» («БРП») пераўтварылі ва ўнітарнае прадпрыемства. 31 жніўня 2004 году «БРП» перамясьцілі з Гомля ў Мазыр[31]. У 2010 годзе да «БРП» далучылі «Рэчыцкі суднабудаўніча-суднарамонтны завод», а ў 2012 годзе — «Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод», што дазволіла пашырыць рамонт суднаў параходзтва і вырабляць хапачы для партовых кранаў[29]. 1 ліпеня 2014 году 4 экіпажы «Беларускага рачнога параходзтва» з Гомля і Мазыра даставілі 4 рэактары ўстаноўкі гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў да прычала «Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу» ў Стрэльску (Крынічны сельсавет). Перавозку ажыцьцявілі па Дняпры за некалькі дзён з Кіеўскага рачнога порта (Украіна) на несамаходных баржах. Кожны рэактар устаноўкі гідракрэкінгу ЦНР важыў 793 т і меў даўжыню 51,4 м, шырыню 7,5 м і вышыню 6 м з падстаўкай[32]. За 2017 году перавезьлі 1,427 млн т грузаў, што склала 70 % водных грузаперавозак Беларусі. Пры гэтым 94 % грузаперавозак прадпрыемства прыпала на будаўнічы пясок, 5,9 % — на друз, а рэшта — на негабарытнае цяжкавагавае абсталяваньне для электрастанцыяў і нафтаперапрацоўчых заводаў Беларусі[33].

  1. ^ Зьвесткі для сувязі «Беларускага рачнога параходзтва» (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  2. ^ Аб прадпрыемствах воднага транспарту // Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі, 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  3. ^ Зьвесткі для сувязі (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  4. ^ Дзейнасьць (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  5. ^ Апісаньне рачнога порта Берасьце (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  6. ^ Апісаньне рачнога порта Пінск (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  7. ^ Апісаньне рачнога порта Мікашэвічы (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  8. ^ Апісаньне рачнога порта Мазыр (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  9. ^ Апісаньне рачнога порта Бабруйск (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  10. ^ Апісаньне рачнога порта Рэчыца (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  11. ^ Апісаньне рачнога порта Гомель (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  12. ^ Флёт параходзтва (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  13. ^ Цеплаходы праекту 570А, 570В (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  14. ^ Цеплаход праекту 730 (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  15. ^ Цеплаход праекту 730Д (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  16. ^ Баржа-пляцоўка праекту 775А (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  17. ^ Баржа-пляцоўка праекту 775 (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  18. ^ Паяжджанскі цеплаход праекту Р-51Э (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  19. ^ Паяжджанскі цеплаход праекту 95030 (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  20. ^ Плывучы кран праекту 1451 (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  21. ^ Перавозка грузаў (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  22. ^ Перавозка паяжджанаў (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  23. ^ Перавозачная апрацоўка грузаў (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  24. ^ Перавозачна-экспэдыцыйная дзейнасьць (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  25. ^ Суднабудаваньне і суднарамонт (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  26. ^ Выраб мэталаканструкцыяў (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  27. ^ Збыт будаўнічага пяску, друзу і адсеву (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  28. ^ а б в г «Дняпроўска-Дзьвінскае рачное параходзтва» (рас.) // Фондавы каталёг дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь, 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  29. ^ а б в г Дзень працаўнікоў воднага транспарту і 90-гадовы юбілей прадпрыемства (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2 ліпеня 2021 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  30. ^ а б «Беларускае рачное параходзтва» (рас.) // Фондавы каталёг дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь, 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  31. ^ УП «Беларускае рачное параходзтва», УНП 400071046 (рас.) // ТАА «Бізінспэкт», 2 чэрвеня 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.
  32. ^ Уладзімер Андрэеў, Ірына Асташкевіч. Незвычайны груз // Зьвязда : газэта. — 2 ліпеня 2014. — № 122 (27732). — С. 5. — ISSN 1990-763X.
  33. ^ Чым жыве «Беларускае рачное параходзтва» на Гомельшчыне (рас.) // Партал «Пра Гомель», 28 чэрвеня 2018 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Навіны (рас.) // УП «Беларускае рачное параходзтва», 2025 г. Праверана 15 чэрвеня 2025 г.