Перайсці да зместу

Беларуская асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларуская асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў
Тып грамадская арганізацыя
Дата заснавання

1993 г. - устаноўчы сход

1994 г. - рэгістрацыя
Размяшчэнне 220030, вул. Карла Маркса, 14, Мінск, Беларусь
Прадстаўніцтва рэспубліканскае аб'яднанне
Вэб-сайт facebook.com/basa.org.by
Дата ліквідацыі

2022 г. - рашэнне суда

2024 г. - выключэнне з рэестра

Моладзевае грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў» (МГА «БАСА») — незалежнае аб’яднанне студэнтаў-архітэктараў у Беларусі. Дзейнічала з 1993 г. па 2022 г.

МГА «БАСА» аб’яднала студэнтаў-архітэктараў усіх тэхнічных універсітэтаў краіны. Займалася нефармальнай адукацыяй і абменам досведам. Студэнты арганізоўвалі лекцыі беларускіх і замежных архітэктараў, праводзілі архітэктурныя форумы і школы, удзельнічалі ў Еўрапейскай асамблеі студэнтаў-архітэктараў і іншых міжнародных архітэктурных мерапрыемствах, займаліся вывучэннем і папулярызацыяй нацыянальнай культуры і архітэктуры.

Эмблема — чорны квадрат мастака Малевіча з мадулорам Ле Карбюзье, які вырываецца з яго. Гэта сімвалізуе імкненне выйсці за межы звычайнага светаўспрымання і паглядзець на праблемы грамадства з іншага боку для больш эфектыўнага іхняга вырашэння.

Сустрэча актыва розных гадоў на 20-я ўгодкі арганізацыі ў 2014

У 1990 годзе студэнты архітэктурнага факультэта Беларускай політэхнічнай акадэміі ўпершыню далучылася да ўдзелу ў Еўрапейскай асамблеі студэнтаў-архітэктараў (EASA). Але зусім хутка зразумелі, што недастаткова толькі ўдзельнічаць у еўрапейскіх сустрэчах, знаходзіць ды ўжываць штосьці новае, але і самім быць рухавікамі новых ідэяў у краіне. На EASA ў 1992 годзе нацыянальнымі каардынатарамі Беларусі і Польшчы была прапанаваная ідэя правядзення сумеснай студэнцкай асамблеі «Яднанне» на тэрыторыі дзвюх краінаў. Тады падавалася, што ў хуткім часе не стане межаў паміж дзвюма краінамі, не павінна быць і межаў для творчасці. Перадпачатак падрыхтоўкі да асамблеі стаў пачатковым пунктам, калі было вырашана пераўтварыць беларускую секцыю EASA на асобную арганізацыю. Для польскіх студэнтаў-архітэктараў гэта таксама з’явілася штуршком да стварэння Агульнапольскага саюза студэнтаў-архітэктараў (OSSA) у 1997 годзе[1].

Першая ўстаноўчая канферэнцыя МГА «БАСА» адбылася 1 снежня 1993 года па ініцыятыве тых жа студэнтаў-архітэктараў БПІ, і ўжо 9 лютага 1994 г. БАСА была зарэгістраваная Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь (перарэгістраваная 07 лютага 2006 г., пасведчанне аб рэгістрацыі № 01356)[2].

Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь 18 траўня 2022 г. ліквідаваў МГА «БАСА», па выніку «інвентарызацыі», якая праводзілася «органамі юстыцыі ва ўзаемадзеянні з праваахоўнікамі»[3] пасля палітычных пратэстаў 2020 г. Асацыяцыя была выключаная з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб 08.01.2024 г[4][5].

Кірункі працы

[правіць | правіць зыходнік]

Асноўныя кірункі працы МГА «БАСА» ў 1993—2022 гадах:

  • правядзенне архітэктурных вандровак па беларускіх помніках і памятных мясцінах;
  • даследаванне, інвентарызацыя помнікаў архітэктуры і ўдзел у аднаўленчых работах;
  • грамадскі кантроль за захаваннем гісторыка-культурных каштоўнасцей[6][7];
  • правядзенне мастацкіх пленэраў, майстэрняў, майстар-класаў, выставаў;
  • правядзенне творчых сустрэч, лекцый, семінараў, дыскусій[8][9];
  • абмен досведам паміж студэнтамі-архітэктарамі розных беларускіх ВНУ і студэнтамі іншых сумежных спецыяльнасцей;
  • удзел у міжнародных архітэктурных форумах і асамблеях;
  • арганізацыя прыезду замежных лектараў, выкладчыкаў і студэнтаў для ўдзелу ў мерапрыемствах і абмену досведам;
  • правядзенне адукацыйных Форумаў і школаў[10][11][12];
  • летнія валанцёрскія акцыі па даследаванні і захаванні культурнай спадчыны — Летнікі;
  • правядзенне праглядаў фільмаў на архітэктурную тэматыку з адкрытай дыскусіяй і абмеркаваннем — АРХкіно;
  • папулярызацыя нацыянальнай культуры і архітэктуры;
  • папулярызацыя сучасных падыходаў да архітэктурнай адукацыі і праектавання;
  • стварэнне вучэбна-метадычнай літаратуры;
  • выданне студэнцкай архітэктурнай газеты "Архітэктоніка".

Самым рэгулярным і масавым кірункам дзейнасці сталі валанцёрскія Летнікі МГА «БАСА»[13].

Летнікі – гэта летнія студэнцкія акцыі, галоўнымі мэтамі якіх было развіццё архітэктурнай навукі і адукацыі праз даследаванне і захаванне матэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны і фармаванне супольных каштоўнасцяў на прынцыпах пачуцця адказнасці і гістарычнае памяці.

Студэнты ладзілі выязныя мерапрыемствы на 7-20 дзён у нейкай гістарычнай мясціне, каб правесці вывучэнне, кансервацыю, ці далучыцца да аднаўленчых прац на гістарычным аб’екце. Асноўныя працы спалучаліся з тэматычнымі лекцыямі, дыскусіямі, творчымі майстэрнямі, пленэрамі, экскурсіямі, знаёмствам і абменам досведам са студэнтамі архітэктурных і іншых сумежных спецыяльнасцяў з іншых ВНУ.

Першы архітэктурны летнік «Альба» адбыўся ў Нясвіжы ў 1998 г. Летнікі ладзіліся штогод да самай ліквідацыі арганізацыі. Асноўнымі месцамі правядзення сталі Любча[14][15], Крэва, Строчыцы, Лынтупы, Альба, Мураванка, Гальшаны, Шчорсы, Косава[16][17].

Мэтай правядзення форумаў было стымуляванне актыўнасці студэнцкай архітэктурнай суполкі, стварэнне ўмоў для самаадукацыі студэнтаў. Форумы ўяўлялі інтэнсіўную 5-6 дзённую праграму, якая складалася з групавой працы над канцэптуальнай праектнай задачай у кантэксце вызначанага месца і агульнай тэмы мерапрыемства, а таксама інтэнсіва лекцый. Праца ў групах вялася пад кіраўніцтвам вядомых беларускіх і замежных цьютараў (архітэктараў, рэстаўратараў, дызайнераў, мастакоў), якія арганізоўвалі супольную працу ўдзельнікаў, прапаноўвалі методыку вырашэння задач, стымулявалі і падтрымлівалі ініцыятыву, кантралявалі вынік і прэзентацыю матэрыялу.

Першы форм ArchEVOLUTION адбыўся ў Брэсце ў 2006 г.

Выдавецкая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

МГА «БАСА» выпускала газету «Архітэктоніка». Газета была заснаваная Андрусём Асмалоўскім у 1997 г. (Гомельская філія МГА «БАСА») і выходзіла з перапынкамі да 2010 г. Агулам было выдадзена 16 нумароў[1]. З развіццём інтэрната адукацыйныя і інфармацыйныя матэрыялы пачалі распаўсюджвацца праз асноўныя сацыяльныя сеткі і інтэрнэт-выданні.

  1. а б minsk.basa Publisher Publications (англ.). Issuu. Праверана 7 студзеня 2025.
  2. Wayback Machine. bsa.by. Праверана 7 студзеня 2025.
  3. У Мінюсце "зачыстку" грамадзянскай супольнасці назвалі "інвентарызацыяй".
  4. https://www.svaboda.org/a/31900881.html
  5. https://euroradio.fm/vyarhouny-sud-likvidavau-belaruskuyu-asacyyacyyu-studentau-arhitektarau
  6. СКАРГА ў Гродзенскую Абласную пракуратуру // МГА "БАСА". — 2006.
  7. Студенты-архитекторы сделали опрос в защиту архитектурного наследия Минска, которое могут снести (руск.). realt.by. Праверана 8 студзеня 2025.
  8. Креативные идеи придумывать несложно. Труднее их воплощать в жизнь... | РУП «БЕЛСТРОЙЦЕНТР». bsc.by. Праверана 7 студзеня 2025.
  9. https://bsa.by/. КРУГЛЫ стол па спадычне і дзейнасці грамадскай супольнасці.
  10. SESAM 2018 Ex Nihilo: вынікі міжнароднай архітэктурнай школы . 34mag.net. Праверана 7 студзеня 2025.
  11. Зразумець невядомую зямлю – aduplace  (15 красавіка 2016). Праверана 7 студзеня 2025.
  12. Студенты со всей Беларуси предложат варианты уличного освещения для Полоцка | Новости | Витебский областной исполнительный комитет. Официальный сайт.(недаступная спасылка). vitebsk-region.gov.by. Архівавана з першакрыніцы 8 студзеня 2025. Праверана 8 студзеня 2025.
  13. Студенты архитектурного факультета на летниках. БНТУ Times (16 кастрычніка 2019).
  14. Свабода, Радыё. Валянтэры аднаўляюць Любчанскі замак . Радыё Свабода (12 ліпеня 2012). Праверана 7 студзеня 2025.
  15. Наследие ВКЛ в Беларуси: Любча - место единения (руск.). Delfi RU. Праверана 7 студзеня 2025.
  16. Валанцёрскія летнікі – 2011 | Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў(недаступная спасылка). nastaunik.eu. Архівавана з першакрыніцы 8 студзеня 2025. Праверана 8 студзеня 2025.
  17. Валанцёрскія летнікі – 2012 | Інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў(недаступная спасылка). nastaunik.eu. Архівавана з першакрыніцы 8 студзеня 2025. Праверана 8 студзеня 2025.