Валасаткаўская капліца
| Капліца | |
| Валасаткаўская капліца | |
|---|---|
| | |
| 54°51′21″ пн. ш. 27°44′37″ у. д.HGЯO | |
| Краіна |
|
| Урочышча | Валасатка |
| Канфесія | Каталіцтва |
| Епархія |
Віцебская дыяцэзія Докшыцкі дэканат |
| Тып будынка | капліца |
| Архітэктурны стыль | народнае дойлідства |
| Дата пабудовы | 1848 год |
| Стан | дзейнічае |
Валасаткаўская капліца — драўляная каталіцкая капліца ва ўрочышчы Валасатка Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці, помнік народнай архітэктурна-скульптурнай творчасці.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пабудавана ў 1848 годзе на ўскраіне колішняй вёскі Валасаткі, у полі пры дарозе на Докшыцы. Узведзена як абярэг ад эпідэміі халеры, аб чым сведчыць надпіс на шыльдзе над уваходам: «Zmiłuj się nad nami, Panie. Od nagłej nespodzewanej śmerci i gnewu Twego zachowaj nas. Ratuj [od] choroby cholery. 1848 R» (бел.: Змілуйся над намі, Пане. Ад трагічнай нечаканай смерці і гневу Твайго захавай нас. Ратуй [ад] хваробы халеры. 1848 г)[1].
Нягледзячы на тое, што сама вёска была ліквідавана ў 2003 годзе, капліца дзейнічае. Яе даглядаюць мясцовыя жыхары. На другім баку колішняга паселішча таксама захаваўся каталіцкі крыж.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Уяўляе сабой невялікае шасціграннае ў плане збудаванне каркаснай канструкцыі з драўлянага бруса. Аснова капліцы — невысокі цокаль (зруб), пастаўлены на валунах. Нясучую канструкцыю складаюць шэсць кутніх брусоў, якія абапіраюцца на цокаль, а ўверсе злучаны гарызантальнымі бэлькамі. Паміж брусамі — сцены з гарызантальных дошак з нашчыльнікамі[2].
Пабудова завершана невысокім гонтавым шатром з макаўкай, які знутры абапіраецца на крыжавіну. У арыгінальным выглядзе дах завяршаўся разной вазай-кубкам[3]. На адной з граняў капліцы размешчаны дзвярны праём, на дзвюх процілеглых — вузкія аконныя праёмы ўверсе на шырыню грані.
У інтэр’еры вылучаецца драўляная скульптура XVIII стагоддзя «Укрыжаванне з прадстаячымі», выкананая народнымі майстрамі. У цэнтры кампазіцыі — укрыжаваны Хрыстос, па баках ад яго Дзева Марыя і Іаан Прадцеча. Унутры капліцы змешчаны выявы як каталіцкіх, так і праваслаўных крыжоў[2].
Зноскі
- ↑ Зьміцер Лупач. 166-гадовую каплічку і крыж даглядаюць людзі ў нежылой вёсцы на Докшыччыне(недаступная спасылка). — Tut.by, 1 жніўня 2014 (бел.)
- ↑ а б Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5. С. 102
- ↑ к // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. С. 49
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.