Перайсці да зместу

Валянціна Пятроўна Лемцюгова

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Валянціна Пятроўна Лемцюгова
Дата нараджэння 19 снежня 1935(1935-12-19)
Месца нараджэння
Дата смерці 3 сакавіка 2018(2018-03-03)[1] (82 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці вучоная
Навуковая сфера мовазнаўства, анамастыка, тапаніміка і лексікалогія
Месца працы
Навуковая ступень доктар філалагічных навук
Навуковае званне
Альма-матар
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Валянціна Пятроўна Лемцюгова (19 снежня 1935, вёска Новая Алакюль Ленінградскай вобласці — 3 сакавіка 2018[2]) — беларускі мовазнавец. Доктар філалагічных навук (1987), прафесар.

Біяграфічныя звесткі

[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася ў Паргалаўскім раёне Ленінградскай вобласці, куды бацькі ў 1933 годзе прыехалі па вярбоўцы, каб уступіць ва «ўзорна-паказальны» калгас на мяжы з Фінляндыяй. У 1940 годзе, калі пачалася савецка-фінляндская вайна, бацька-франтавік загінуў, сям’я вярнулася на Магілёўшчыну[3].

Скончыла БДУ. Працавала выкладчыцай беларускай, рускай і нямецкай моў у школах Валожынскага раёна.

З 1961 года працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР. Старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі.

Даследавала сучасную беларускую мову, анамастыку. Мела больш за 200 навуковых прац, прысвечаных пытанням станаўлення і функцыянавання ўсходнеславянскай айканіміі. Узначальвала анамастычную школу ў Рэспубліцы Беларусь, заснаваную ў 1960-я гады Мікалаем Бірылам.

Памерла 3 сакавіка 2018 года.

Даследчыцкая і навуковая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Аўтар манаграфіі «Беларуская айканімія» (1970), у якой даследавала працэс узнікнення і эвалюцыйнага развіцця беларускіх назваў населеных пунктаў. Манаграфія належыць да рэгіянальнага тыпу даследаванняў (напісана на матэрыяле сучаснай айканіміі Мінскай вобласці). У ёй высвятляецца паходжанне 4 тысяч айконімаў, прааналізаваны іх семантычны склад і словаўтваральныя сродкі (тапафарманты). Дыферэнцыравана разглядаюцца айконімы, утвораныя ад агульных слоў (апелятываў), ад назваў рэк і азёр (гідронімаў), ад асабовых імён (антрапонімаў), паказваюцца працэсы заражэння і эвалюцыі беларускіх айконімаў, раскрываецца сутнасць закладзенай у іх інфармацыі. Аналіз вядзецца ў дыяхранічным аспекце, што дае магчымасць высветліць час узнікнення айконімаў, тэндэнцыі айканімічнай намінацыі папярэдніх эпох, паказаць іх эвалюцыю і гістарычныя змены.

Наступнае буйное даследаванне — манаграфія «Усходнеславянская айканімія апелятыўнага паходжання» (1983), якая потым стане базай для доктарскай дысертацыі, прысвечана вывучэнню рускіх, беларускіх і ўкраінскіх назваў населеных пунктаў (айконімаў). Асноўнай крыніцай фактычнага матэрыялу даследчыцы паслужыла айканімія «Спісаў населеных месцаў Расійскай імперыі» (44 тамы, 2-я палова 19 — 1-я палова 20 ст.) і аналагічныя спісы, выдадзеныя ў Гродне, Вільні, Кіеве і іншых гарадах. Шырока выкарыстаны сведчанні старажытнага і сярэдневяковага пісьменства, летапісаў, актаў, метрык, пісцовых і памятных кніг. Працы выкананы ў рэчышчы гісторыка-генетычных даследаванняў, маюць тыпалагічны кірунак. У іх вырашаецца адно з цэнтральных пытанняў гістарычнай анамастыкі — пытанне семантычнай матывацыі, робіцца спроба асэнсаваць айконімаўтваральны працэс у шырокім лінгва-гістарычным і арэальным аспектах.

У 1980 годзе Валянціна Лемцюгова апублікавала першы ў беларускай і славянскай лексікаграфіі «Украінска-беларускі слоўнік», рэестр якога змяшчае больш за 30 тысяч слоў. Гэта быў трэці іншаславянска-беларускі слоўнік пасля «Руска-беларускага» (М, 1953 і двухтомнага «Руска-беларускага». Мн, 1982) і «Польска-беларускага» (Варшава, 1962). Слоўнік дыферэнцыйны: яго рэестр змяшчае асноўную, найбольш ужывальную лексіку сучаснай украінскай літаратурнай мовы, якая чым-небудзь адрозніваецца ад сваіх беларускіх адпаведнікаў — значэннем (адным або некалькімі), месцам націску, словаўтварэннем, граматычным родам. Акрамя літаратурнай лексікі ў ім таксама шмат слоў украінскай жывой народнай мовы, а таксама словы, неабходныя для разумення ўкраінскай класічнай літаратуры.

Суаўтар спецыялізаваных слоўнікаў. Пры яе ўдзеле створаны фундаментальныя працы па філалогіі: «Беларуская граматыка», «Лексікалогія сучаснай беларускай мовы», «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас», «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» і інш. Суаўтар нарматыўнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах, «Слоўніка мовы „Нашай Нівы“» ў 5 тамах (першы з іх выйшаў у 2003 годзе).

Займалася навукова-арганізацыйнай, педагагічнай і грамадскай дзейнасцю, у тым ліку ў складзе Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Беларусі і анамастычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў. Выступала з артыкуламі ў прэсе аб стане і перспектывах развіцця мовазнаўства.

Пры яе непасрэдным удзеле быў прыняты Закон аб геаграфічных назвах, у якім юрыдычна замацавана практыка першаснага прысваення назваў геаграфічным аб’ектам на беларускай мове, перадача іх на лацінку, а таксама на іншыя мовы[4].

Прозвішча Лемцюгоў мовазнавец Павел Сцяцко звязваў з беларускім лямец «тоўсты, шчыльны матэрыял, звалены з шэрсці, воўны», лямцюга «зробленае з лямцу»[5]. У сучасным літоўскім іменніку фіксуецца таксама літоўскае (з Клайпеды) прозвішча Lemtys.[крыніца?]

Выбраная бібліяграфія

[правіць | правіць зыходнік]
  • Беларуская айканімія (1970)
  • Украінска-беларускі слоўнік (1980)
  • Восточнославянская ойконимия апеллятивного происхождения (1983)
  • Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы (1987, 2005; у суаўтарстве)
  • Кіраванне ў беларускай і рускай мовах (1991)
  • Кароткі слоўнік беларускай мовы (1994)
  • Беларуская граматыка (т. 1, 1985; у суаўтарстве)
  • Лексічны атлас беларускіх народных гаворак (у 5 т.; т. 1, 1995; у суаўтарстве)
  • Слоўнік мовы «Нашай нівы» (1906—1915) (у 5 т.; т. 1, 2003; т. 2, 2007; у суаўтарстве)
  • Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь (у 6 кн., 2003—2010; рэдакцыя)
  • Тапонімы распавядаюць (2008)

Зноскі

  1. WorldCat EntitiesOCLC, Inc., 2022.
  2. Памерла Валянціна Лемцюгова. Гэта яна адстаяла беларускую тапаніміку. Наша Ніва (4 сакавіка 2018).
  3. Доктар матчынага слова(недаступная спасылка). Звязда (17 снежня 2005). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016.
  4. Пайшла з жыцьця мовазнаўца Валянціна Лемцюгова. Радыё Свабода (4 сакавіка 2018).
  5. Павел Сцяцко. Прозвішчы Беларусі: найменні знакамітых людзей (паводле матэрыялаў «Нашага слова») // Наша слова. № 26 (1177), 25 чэрвеня 2014 г. С. 3.
  • Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994.
  • Лемцюгова Валянціна Пятроўна // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 421. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.