Перайсці да зместу

Варанцоўская сістэма пячор

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Варанцоўская сістэма пячор (руск.: Воронцовская система пещер) — сістэма пячор на Варанцоўскім хрыбце Заходняга Каўказа. Знаходзіцца ў Сочынскім нацыянальным парку, у межах Хосцінскага раёна горада Сочы ў Краснадарскім краі Расійскай Федэрацыі. Варанцоўская сістэма праз шэраг затопленых сіфонаў аб’ядноўвае пячоры Варанцоўскую, Лабірынтавую, Доўгую і Дзічыны правал, якія раней лічыліся адасобленымі[1].

Варанцоўская сістэма пячор з’яўляецца самай працяглай карставай паражніной у Краснадарскім краі і займае 6-е месца ў класіфікацыі даўжэйшых пячор Расіі[2]. Даўжыня сістэмы пячор складае 11 720 м, а перапады вышынь — 240 м.

Сістэма пячор мае 14 уваходаў па бартах даліны рэк Вялікая (Усходняя) Хоста, Кудэпста і Псахо на вышыні 419—720 м над узроўнем мора. Унутры маецца вялікая колькасць адгалінаванняў, тупікоў, зал і гротаў. У пячорах шырока развіты водныя механічныя (галька, паўабкачаны друз, пясок, гліна), а ў некаторых залах пячор — і нацечныя адклады (сталактыты, сталагміты, калоны і гуры). Пячорная сістэма ўтварылася ў познемелавых вапняках магутнасцю 45 м. Вельмі выразна прасочваецца сувязь хадоў з разломамі паўночна-заходняга і паўночна-ўсходняга напрамкаў.

У пячорах выяўлены стаянкі старажытнага чалавека, а таксама знойдзены косці пячорнага мядзведзя (Ursus spelaeus). У бліжэйшай частцы пячоры вядомыя шматлікія археалагічныя знаходкі позняга палеаліту, позняга неаліту і энеаліту.

Падчас дажджоў у пячорах звычайна назіраюцца паводкі.

Варанцоўская пячора

[правіць | правіць зыходнік]
Уваход да пячоры Варанцоўскай.

Варанцоўская пячора ўмоўна падзелена на Паўднёвы, Паўночны, Ленінградскі і Разгрузачны раёны. Паўднёвы раён складаецца з ланцуга зал з выхадамі на паверхню. Найбольш буйная зала — Пантэон, вышынёй 26 м[1]. З самай ніжняй залы выцякае рака Кудэпста, утвараючы вадаспад. Паўночны раён уключае ход Жыліна пераменнага сячэння з вялікай колькасцю траверцінавых утварэнняў[1]. Ленінградскі раён складаецца з некалькіх вузкіх хадоў, што сканчаюцца паблізу Пячорнага лога глыбавымі заваламі, і дзвюх параўнальна буйных зал, багатых траверцінавымі каскадамі. Разгрузачны раён складаюць некалькі вузкіх галерэй і напорных хадоў авальнага сячэння[1].

Каардынаты пячоры: 43°36′44″ пн. ш. 39°56′10″ у. д.HGЯO

Пячора Лабірынтавая

[правіць | правіць зыходнік]

Пячора складаецца з лабірынта разгалінаваных хадоў. Каля ўваходу знаходзіцца сіфон невялікіх памераў. Пячора напаўняецца вадой са шматлікіх паглынальных панораў у рэчышчы Кудэпсты. У пячоры частыя вузкія высокія галерэі вышынёй да 15 м, у якіх, як правіла, маецца вадацёк. Да іх адносяцца Галоўная галерэя, ход Гліністы, большая частка Кастрычніцкага раёна, утвораныя па зонах разломаў паўночна-ўсходняга і паўночна-заходняга распасціранняў і добра размытыя вадой. У паўночнай частцы пячоры пластова-абвальныя залы. У заходняй частцы падземныя воды, якія назапашваюцца ў пячорных вадазборніках, сыходзяць у цяжкапраходныя шчыліны Разгрузачнага раёна, пападаючы пасля таго ва ўзыходзячую карставую крыніцу («воклюз») Усходняй Хосты[1].

Каардынаты пячоры: 43°36′12″ пн. ш. 39°48′15″ у. д.HGЯO

Пячора Доўгая

[правіць | правіць зыходнік]

Пячора-панор Доўгая (руск.: Долгая) з’яўляецца верхняй часткай пячорнай сістэмы, уяўляе сабой выцягнутую, на паўночны захад нахільную, даволі вузкую галерэю, падземны вадацёк якой утварае некалькі паўзатопленых сіфонаў.

Уваход у Доўгую знаходзіцца ў карставай варонцы. Пячора пачынаецца некалькімі скальнымі ўступамі вышынёй 1,5-2 м (усе праходзяцца лажаннем). Затым трэба пераадолець невысокі, паўтараметровы, але абводнены кароткі лаз. Далей ход пашыраецца, і турысты трапляюць у вялізны калідор даўжынёй 1476 м, па дне якога ідзе чысты магутны паток. Паступова ход спускаецца на глыбіню 90 м. Вада з Доўгай па непраходных расколін уліваецца ў адзін з прытокаў пячоры Дзічыны правал[1].

Каардынаты пячоры: 43°37′01″ пн. ш. 39°49′23″ у. д.HGЯO

Пячора Дзічыны правал

[правіць | правіць зыходнік]

Пячора Дзічыны правал (руск.: Кабаний провал) складаецца з уваходнай шахты 43 метры глыбінёй і гарызантальнай часткі з ручаём, што пранікае праз расколіны з пячоры Доўгая і далей уцякае праз сіфон у пячору Лабірынтавая. Уваходная адтуліна шахты размешчана ў Перадпячорным логу і ўяўляе варонку 1 м у папярочніку[3]. Гарызантальная частка пячоры, працягласцю каля 2325 м, уключае ў сябе Асноўны ход, Вялікі тупік (у 2001-м злучаны з Дзічыным правалам і названы «Ходам сочынскіх ратавальнікаў») і некалькі буйных абвальных залаў і тупіковых адгалінаванняў, якія прымыкаюць да Асноўнага ходу. Там, дзе Асноўны ход ідзе пад Пячорным і Перадпячорным логамі, назіраюцца глыбавыя завалы. У пячоры можна выявіць канічныя сталагнаты і сталагміты, а таксама «месячнае малако» на сценах[1][4].

Пячора выяўлена ў 1971 годзе і названа так праз знойдзены на дне шкілет дзіка.

Каардынаты пячоры: 43°36′52″ пн. ш. 39°56′39″ у. д.HGЯO

Гісторыя даследавання

[правіць | правіць зыходнік]

Ніжняя частка пячор вядома мясцовым жыхарам з канца XIX стагоддзя. У 1942 годзе праз набліжэнне да горада гітлераўскіх войск у пячорнай сістэме была схавана большасць артэфактаў Сочынскага музея краязнаўства[5].

У 1946—1948 гадах Варанцоўскую пячору даследаваў А. А. Ламаеў, у 1956—1961 гадах — Адлерская станцыя Лабараторыі гідрагеалагічных праблем АН СССР. Даследчай групай Ю. К. Камінскага, В. Л. Салаўёва і Л. М. Кузьменкі было даказана наяўнасць сувязі паміж Варанцоўскай і Ачаговай пячорамі. Адкрыты праход у далёкую частку Варанцоўскай пячоры. Маскоўскімі спелеолагамі пад кіраўніцтвам У. У. Ілюхіна пераадолены сіфон Лабірынтавай пячоры.

У 1968—1975 гадах раён Варанцоўскай пячоры доўга даследавалі спелеолагі Ленінградскага горнага інстытута (кіраўнік У. Б. Кімбер, даследчыкі М. А. Катцоў, Д. М. Куклін, Ю. С. Ляхніцкі, Дз. Э. Рэпін, У. Л. Фёдараў і іншыя).

У 1981 годзе даследаваны новы ўчастак у раёне грота Ачаговы (Ю. С. Ляхніцкі, В. А. Ісаеў). Пячора рэкамендуецца для экскурсійнага асваення.

У выніку даследаванняў 1999—2002 гадоў была ўдакладнена схема цыркуляцыі паветраных патокаў, на аснове чаго дадзена колькасная ацэнка ўтварэння кандэнсацыйнай вады[6].

Экскурсійны аб’ект

[правіць | правіць зыходнік]

Афіцыйнае экскурсійнае асваенне пачата з 2000 года ТАА «Варанцоўскія пячоры» (руск.: «Воронцовские пещеры»). Сёння па пячоры пракладзены экскурсійны маршрут.

  1. а б в г д е ё Пещеры: Выпуск 16. — Пермский государственный университет, 1969. — 168 с. Архівавана 11 снежня 2018 года.
  2. Литвинская С. А., Лозовой С. П. Памятники природы Краснодарского края. Краснодар: Периодика Кубани, 2005. — 352 с.: ил.
  3. Крупные карстовые полости СССР. III. Спелеологические провинции Большого и Малого Кавказа. Архівавана з першакрыніцы 18 верасня 2012. Праверана 15 студзеня 2018.
  4. Карст и подземные воды горных массивов Западного Кавказа. под ред. Печёркина И. А. 1985. Из-во «Наука».
  5. Сотрудники музея открыли тайну, хранившуюся десятилетиями. Макс Портал. YouTube
  6. Ю. С. Ляхницкий, А. И. Коротков, В. Л. Федоров. Результаты комплексных исследований спелеологов Санкт-Петербургского горного института Воронцовского карстового участка в 1999—2002 годах / Карст и пещеры Кавказа. Сочи: Кавказ, 2003. с. 66-70.
  • В. Н. Дублянский, В. В. Илюхин. Крупнейшие карстовые пещеры и шахты СССР. М. : Наука, 1982. — 137 с. : ил.
  • В. Н. Дублянский, В. И. Клименко, Б. А. Вахрушев, В. В. Илюхин. Карст и подземные воды горных массивов Западного Кавказа. Л. : Наука, 1985. — 150 с.