Перайсці да зместу

Васіль Святаславіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Васіль Святаславіч
Род Расціславічы Смаленскія[1]
Бацька Святаслаў Іванавіч[2]
Дзеці Дзмітрый Васілевіч Крапотка[d][3]

Васіль Святаславіч (да 1386 — пасля жніўня 1413) — князь з дынастыі смаленскіх Расціславічаў.

Паводле Юзафа Вольфа, самы малодшы сын вялікага князя смаленскага Святаслава Іванавіча, даследчык спасылаецца толькі на маскоўскія радаслоўцы.[4]

У верасні 1395 года вялікі князь Вітаўт прапанаваў смаленскім князям пасрэдніцтва ў іх канфліктах, але, калі тыя прыйшлі да яго, узяў у палон і вывеў са Смаленска[5]. Потым смаленскія князі атрымалі маёнткі ў іншых рэгіёнах Вялікага княства Літоўска, старэйшы з іх — Глеб, атрымаў Палоннае на Валыні[5], адзін з маладзейшых — Іван, уладанні ў Пінскім княстве. Ці атрымаў нешта Васіль не вядома.

У 1995 годзе Ян Тэнгоўскі выявіў у Тай­ным дзяржаўным архіве прускай культурнай спадчыны[pl] копію ліста вялікага магістра Ген­рыха фон Плаўэна ад 23 ліпеня 1413 года да багемскага караля Вац­ла­ва IV з просьбай прыняць на службу «гер­цага Васіля з Русі» (herczog Wayssel von Russen), тым самым днём вялікі магістр выдаў «гер­цагу з Русі» і суправаджальны ліст для праезду праз Брандэнбург і іншыя зямлі. Таксама Тэнгоўскі выявіў у расходнай кнізе магістрата Гёрліца запіс ад 12 жніўня 1413 года, што «шва­г­ер гер­цага Вітаўта з Русі са сваімі быў ушанаваны віном і півам на 18 грошай» (Herczoge Wytoldes swoger von Russin mit den synen wart geert mit wyne unde bire 18 gr.). Тэнгоўскі зрабіў выснову, што князь Васіль ад вялікага магістра даехаў да караля Вацлава IV (багемскі кароль быў тым часам і маркграфам лужыцкім), бо князі з Русі не былі частымі падарожнікамі ў Еўропе, пагатоў з такім супадзеннем карэспандэнцыі і часу. Таксама Тэнгоўскі зрабіў выснову, што «герцаг Васіль з Русі» і адначасова «швагер герцага Вітаўта» — менавіта Васіль Святаславіч, бо тагачасную жонку Вітаўта — Ганну, па сукупнасці ўскосных звестак, лічаць дачкой смаленскага князя Святаслава Іванавіча.[6]

У 2019—2021 гадах Аляксей Мартынюк таксама прыйшоў да высновы, што herczog Wayssel von Russen і Herczoge Wytoldes swoger — адна асоба з дынастыі смаленскіх Расіціславічаў, аднак, на думку даследчыка, «пад імем „герцага Васіля“ хаваецца князь Фёдар Юр’евіч»[7], які ў пачатку 1413 года вымушана з Ноўгарада «отъиха в Немце»[8]. Мартынюк не тлумачыць чаму князь, раней і пазней называны Фёдарам, у гэтым выпадку названы Васілём, у 2021 годзе даследчык толькі анансаваў тлумачэнні ў рыхтаванай ім манаграфіі[8][7], але да кастрычніка 2025 года яна не апублікавана. Таксама Мартынюк прааналізаваў выдаткі на ўшанаванне віном у расходнай кнізе гёрліцкага магістрата і вызначыў, што з князем Васілём магло быць яшчэ 6-12 чалавек высакароднага паходжання, якіх запіс называе «сваімі» (mit den synen), вядома, апроч іншых яго людзей.[9]

У свой час Ян Длу­гаш пад 1403 годам згадаў смаленскага князя Васіля (Vaszilo Szmolnensis dux), які даведаўся пра ўзяцце «яго галоўнага горада» вялікім князем Вітаўтам і ўцёк са Смаленскай зямлі ў Венгрыю, шмат гадоў служыў венгерскаму каралю Жыгімонту і загінуў пры аблозе нейкага замка.[10]

Юзаф Вольф, са спасылкай на маскоўскія радаслоўцы, называе аднаго сына — Дзмітрыя Крапотку, родапачынальніка князёў Крапоткіных[11]. Такой самай думкі і на тым самым грунце трымаецца Аляксей Віннічэнка[12].

  1. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. WolffWarszawa: 1895. — С. 461.
  2. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. WolffWarszawa: 1895. — С. 459.
  3. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. WolffWarszawa: 1895. — С. 185, 461.
  4. Wolff 1895, p. 459, 461.
  5. а б Кузьмин 2006.
  6. Tęgowski 1995, pp. 177–182.
  7. а б Мартынюк 2021b, с. 223, прим. 7.
  8. а б Мартынюк 2021a, с. 46.
  9. Мартынюк 2021a, с. 47-49.
  10. Jan Długosz, Danuta Turkowska. Joannis Dlugossi Annales seu Cronicae incliti Regni Poloniae. Liber 10, 1370-1405. — Varsaviae: Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1985. — P. 251. — ISBN 978-83-01-04266-0.
  11. Wolff 1895, p. 461.
  12. Вінниченко 2009, p. 50.