Перайсці да зместу

Вольга Славаміраўна Бондарава

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вольга Славаміраўна Бондарава
Дата нараджэння 20 кастрычніка 1982(1982-10-20) (42 гады)
Грамадзянства
Партыя

Вольга Славаміраўна Бондарава, па нараджэнні Каранкевіч (руск.: Ольга Славомировна Бондарева; нар. 20 кастрычніка 1982, в. Чарлёнка, Гродзенская вобласць[1]) — прарасійская актывістка ў Беларусі. Вядома напісаннем даносаў на нелаяльных рэжыму Лукашэнкі асоб, вынікам чаго становіцца іх палітычны пераслед[2][3][4][5]. Таксама піша звароты супраць ужывання беларускай мовы ў грамадскай прасторы[6][7], выступае супраць афіцыйнага шанавання беларускіх нацыянальных дзеячаў[8][9][10][11], піша звароты дзеля скасавання беларускіх канцэртаў і мерапрыемстваў[4]. Яе ініцыятывы часта падтрымліваюць чыноўнікі рэжыму на месцах, выконваючы прапановы[⇨].

Набыла папулярнасць праз перапосты яе заяў незалежнымі СМІ, такімі як «Наша ніва»[12], пры гэтым СМІ рэжыму Лукашэнкі амаль не згадваюць яе дзейнасць[13][14].

Нарадзілася 20 кастрычніка 1982 года ў вёсцы Чарлёнка[1]. Імаверна, выхоўвалася без бацькі, пра гэта гаварылі прысутныя на адным з судовых пасяджэнняў[15].

Большасць часу нідзе афіцыйна не працавала. У 2018 годзе непрацяглы час была на невядомай пасадзе ў штаце кампаніі «Чысты свет плюс». Астатні час Бондарава ў дзяржаўных базах даных, паводле інфармацыі «Кіберпартызан», пазначана як «беспрацоўная»[16].

Прыцягвалася да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за кантрабанду цыгарэт у Польшчу[17].

Не пазней за 2021 год уступіла ў Камуністычную партыю Беларусі. На старонках партыйнай газеты «Коммунист Беларуси» Бондараву называлі спецыялістам аддзела гістарычнага аналізу Цэнтра вывучэння перспектыў інтэграцыі ЕАЭС (2021)[18], выканаўцай абавязкаў сакратара па агульных пытаннях Мінскага гаркама КПБ і адказным сакратаром рэдакцыі (2023[19]). У красавіку 2023 года была ўзнагароджана медалём ЦК КПБ[20].

У 2022 годзе паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Вучыцца на бюджэце на дзённым аддзяленні філалагічнага факультэта, спецыяльнасць — «Беларуская мова і літаратура»[21].

У канцы ліпеня 2024 года стала вядома, што Бондарава была выключана з Камуністычнай партыі Беларусі[22].

26 сакавіка 2025 года была затрыманая і асуджана судом Маскоўскага раёна Мінска на 13 сутак адміністрацыйнага арышту[23][24].

Станам на красавік 2023 года разведзена. Мае дачку. Былы муж працаваў дальнабойшчыкам у Германіі[16], таксама падтрымліваў Лукашэнку, праз што меў праблемы з калегамі-беларусамі[2].

Грамадская актыўнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Пратэсты 2020 года ў Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]

У 2020 годзе ў самы разгар масавых акцый пратэсту Вольга Бондарава разам з былым супрацоўнікам спецслужб Дзмітрыем Беляковым заснавала ініцыятыву «Інфаспецназ Беларусь», якая супрацьстаяла інфармацыі з незалежных каналаў[16].

Праводзіла акцыю «Антывандал», узгодненую з «органамі правапарадку». Сутнасць акцыі, паводле Бондаравай, «у ліквідацыі сімволікі дэструктыўнага зместу, якая нясе антыдзяржаўны сэнс». Бондарава з аднадумцамі зрывала бел-чырвона-белыя стужкі і зафарбоўвала бел-чырвона-белую сімволіку на вуліцах Гродні. Гэта стала прычынай некалькіх канфліктаў з пратэстоўцамі, што вылілася ў шэраг судовых працэсаў. Уступіла ў «Саюз блогераў Беларусі», з якога яе выключылі ў ліпені 2021 года за «парушэнне прафесійнай этыкі»[25].

Пацярпелая ў судах

[правіць | правіць зыходнік]

Вольга праходзіла пацярпелай у справе Васіля Пільца[17], якога абвінавацілі ў хуліганстве і асудзілі на «хімію». 14 снежня 2020 года на вуліцы Агінскага ў Гродне Пілец быццам «схапіў яе за шыю левай рукой, здушваючы, прыцягнуў да сябе, затым заціснуў, здушваючы шыю, паміж плячом і перадплеччам правай рукі, тым самым прычыніў фізічны боль і маральныя пакуты». Паводле Бондаравай, яна адчула пачуццё знявагі, страх за сваё жыццё і здароўе. Васіль Пілец казаў, што выйшаў на шпацыр з сынам і з сабакам. Сабака пацягнула дзіця, тое ўпала на пешаходную дарожку і запэцкалася ў фарбе, якой карысталася Бондарава для замалёўвання надпісаў, што ёй не падабаліся. Пілец зрабіў Бондаравай заўвагу, а тая пачала здымаць яго на мабільны тэлефон[17]. З гэтага пачаўся канфлікт, які скончыўся ў судзе, дзе Бондарава спагнала з Пільца матэрыяльную кампенсацыю маральных пакут — 1000 рублёў. 12 лютага 2021 года суд Кастрычніцкага раёна Гродні прысудзіў Васілю Пільцу год «хатняй хіміі» паводле ч. 1 арт. 339 КК «Хуліганства». Пазней Гродзенскі абласны суд замяніў «хатнюю хімію» на сапраўдную[15].

Паводле таго ж артыкула з удзелам Бондаравай асудзілі на паўтара года калоніі Вадзіма Плаўскага[26]. У мясцовым скверы ён развешваў белыя стужкі, калі да яго падышла Бондарава і пачала здымаць на тэлефон. Адбыўся канфлікт, у выніку якога мужчыну асудзілі. Плаўскі адбываў тэрмін у ПК № 15 і 17 студзеня 2022 года выйшаў на волю.

Вольга Бондарава фігуравала таксама ў справе аб «Штрафе за гноміка[27]» — звярнулася ў міліцыю па факце «пратэстнага дэкору» ў кватэры сваёй былой аднакласніцы.

Актывісцкая дзейнасць пасля заканчэння вулічных пратэстаў

[правіць | правіць зыходнік]

Вольга Бондарава змагаецца супраць беларускасці, у якой бачыць уцісканне рускамоўных у Беларусі. Таксама змагаецца супраць усіх праяў заходняга свету, пры гэтым часта апелюе да «разбэшчвання моладзі».

Змаганне з заходнім уплывам

[правіць | правіць зыходнік]

Праз актыўнасць Бондаравай у Беларусі ў 2022 годзе забаранілі святкаваць Хэлоўін[28].

Паводле яе ініцыятывы ў снежні 2022 — студзені 2023 года ў Гродне скасавалі паказы навагодняга дзіцячага спектакля «Монстры на навагодніх канікулах».

З яе падачы з дзяржаўнага тэлебачання знялі сацыяльную рэкламу супраць гвалту над дзецьмі, якую фундавала амерыканская арганізацыя USAID. Пасля скаргаў Бондаравай Камітэт дзяржаўнага кантролю пачаў правяраць пункты продажу цацкі «Хагі-Вагі», якую яна называла праявай сатанізму. Таксама скардзілася на кандытарскую ўстанову, якая прадавала пірожныя ў форме мужчынскіх і жаночых палавых органаў[16].

Знайшла ў рэкламе бонсцікаў ад «Еўраопта» прапаганду ЛГБТ[29]. Пазней палічыла такой самай прапагандай выяву блогера Дзім Дзімыча ў іншай рэкламе «Еўраопта». У выніку сетка прыбрала рэкламы, якія не спадабаліся Бондаравай[30].

Змаганне супраць беларускасці

[правіць | правіць зыходнік]

Бондарава данесла на выстаўлены ў прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця» ў Гродне партрэт беларускага антысавецкага партызана Яўгена Жыхара аўтарства Алеся Пушкіна. Пасля гэтага генеральная пракуратура распачала крымінальную справу за «рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Прастору ліквідавалі[31], а мастака Алеся Пушкіна асудзілі[32] на пяць гадоў пазбаўлення волі. У ліпені 2023 года ён памёр у зняволенні[33].

Адна з пачынальнікаў кампаніі супраць скасавання Інструкцыі па транслітарацыі беларускіх назваў літарамі лацінскага алфавіта, створанага на аснове беларускай лацінкі. У далейшым гэту кампанію падтрымалі іншыя прарасійскія дзеячы, такія як Вадзім Гігін, Аляксей Дзермант, Ігар Марзалюк і інш[34]. 24 сакавіка 2023 года Інструкцыя была канчаткова скасавана[35].

Праз яе звароты бібліятэка ў Астраўцы не атрымала імя Адама Мальдзіса, як было запланавана. Бондарава назвала дзеяча «прапольскім калабарантам»[36].

Праз ініцыятыву Бондаравай са школьнай праграмы па літаратуры выключылі творы Артура Вольскага і Уладзіміра Ягоўдзіка.

Дабівалася зносу помніка Ларысе Геніюш у Зэльве на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы, пасля чаго яго прыбралі ў невядомае месца.

Імаверна, датычная да знікнення памятнай шыльды ў гонар паўстанцаў 1863—1864 гадоў, у 1990-х гадах усталяванай на сцяне гродзенскага чыгуначнага вакзала[37]. Гродзенскія ўлады пагадзіліся прыбраць са спісу знакавых для горада персон на сайце гарадской бібліятэкі нацыянальных герояў Кастуся Каліноўскага і Тадэвуша Касцюшку.

Канфлікты з рэжымам Лукашэнкі

[правіць | правіць зыходнік]

У ліпені 2023 года заявіла, што кіраўнік упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Разянкоў высунуў супраць яе галаслоўныя абвінавачанні, і запатрабавала прад’явіць ёй афіцыйныя абвінавачанні[38].

«Мне стала вядома пра тое, што вы асмеліліся распаўсюджваць пра мяне не адпаведныя рэчаіснасці звесткі, што нібыта я з’яўляюся „другім Ціханоўскім“, абражаю Ю. Х. Караева і У. С. Караніка, што праз такіх, як я, адбыўся дзяржпераварот», — напісала Бондарава.

Праз тыдзень яна запісала відэа з выбачэннямі за свае словы[39].

«Спрыяе распальванню варожасці і нянавісці», — напісала яна ў заяве ў Генпракуратуру на дэпутата і гісторыка Ігара Марзалюка. Прычынай стаў выступ Марзалюка на тэлеканале СТБ, дзе ён выказаўся за пазітыўную дыскрымінацыю рускай мовы — своеасаблівыя льготы для беларускамоўных.

Канфлікт з Бондаравай мае старшыня гродзенскай абласной арганізацыі «Белая Русь» Святлана Вараніца, якая абуралася, што на экскурсію ў Брэсцкую крэпасць прапагандыстка прыехала з «голай філейнай часткай»[16].

У пачатку 2025 года аб’ектам яе нападак стала Ганна Лукашэнка, нявестка Аляксандра Лукашэнкі, больш вядомая пад творчым псеўданімам Ганна Сялук. Прычынай стала тое, што маладыя беларускія блогеры і артысты, такія як Дзім Дзімыч (Дзмітрый Сіўчык), Улька Пулька (Ульяна Сталярова), Анджыліша (Ангеліна Міхалёва) і Улад Кабякоў, якія былі звязаныя з пралукашэнкаўскім прадзюсарскім цэнтрам «Флагман М’юзік» і якіх Вольга Бондарава вінаваціла ў садаміі і разбэшчванні моладзі, апынуліся пад пратэкцыяй Ганны Сялук. Блогеры ўдзельнічалі перад чарговымі прэзідэнцкімі выбарам у прапагандысцкім «Марафоне адзінства» ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, працоўнай групай якога кіравала Ганна Сялук. Вольга Бондарава называла яе мянушкай «Сялуха» і адкрыта крытыкавала яе дзейнасць[40]:

" Засунем глыбей галаву ў пясок, а язык у сраку. І дазволім сялусе куратарам прапагандыстаў ЛГБТ разбэшчваць нашых дзяцей… "
" Сілавікам рэспект. Сялусе ганьба "
" Калі думаеш, што дно прабіта, але знізу пастукалі ашуканцы з сялухаўскай «крышай». Фубля! "

Вайна ва Украіне

[правіць | правіць зыходнік]
Знак «Z» — адзін з сімвалаў рашызму і падтрымкі расійскага ўварвання ва Украіну, які шырока выкарыстоўвае Вольга Бондарава і паплечнікі.

З пачаткам поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну Бондарава перайменавала канал з ужываннем лацінскіх літар Z і V, сімваламі падтрымкі расійскай агрэсіі і рашызму, і ён называўся «БондареVа. БеZ купюр». Распаўсюджвала праз канал рэпосты расійскага прапагандысцкага кантэнту[2].

  1. а б 41-гадовая даносчыца Бондарава расказала пра свой легальны вопыт працы — агулам два гады за жыццё . Наша Ніва. Праверана 5 лютага 2024.
  2. а б в Как гродненская контрабандистка стала самой известной доносчицей страны. Рассказываем историю Ольги Бондаревой (руск.). Зеркало (17 студзеня 2023). Праверана 18 жніўня 2023.
  3. "Да снежня я не ведала пра Бондараву": настаўніцу выгналі з Беларусі праз данос | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm (2 лютага 2025). Праверана 12 лютага 2025.
  4. а б У Мінску адмянілі канцэрт у клубе «Рэактар». Публічны данос на іх рабіла Бондарава . Наша Ніва (30 кастрычніка 2024). Праверана 12 лютага 2025.
  5. Данос – гэта можа быць нармальна? Псіхолаг распавёў, чаму людзі даносяць . belsat.eu. Праверана 12 лютага 2025.
  6. Председатель Центризбиркома резко ответил Бондаревой насчет белорусского языка | Новости Беларуси | euroradio.fm (руск.). euroradio.fm (10 студзеня 2025). Праверана 12 лютага 2025.
  7. Бондарава парадавалася, што перамагла беларускую лацінку. Насамрэч, гэта быў расійскі трансліт . Hrodna.life - навіны Гродна (15 лістапада 2023). Праверана 12 лютага 2025.
  8. «Дзякуючы высілкам камуністычнай партыі». У Менску прыбралі крыж памяці святара Вінцэнта Гадлеўскага . belsat.eu. Праверана 12 лютага 2025.
  9. Прарасійская актывістка Вольга Бондарава дамагаецца зносу помніка Ларысе Геніюш у Зэльве . REFORM.news (ранее REFORM.by) (1 сакавіка 2023). Праверана 12 лютага 2025.
  10. Бондарава атакавала яшчэ аднаго класіка беларускай літаратуры . Наша Ніва (14 лістапада 2023). Праверана 12 лютага 2025.
  11. Напярэдадні 90-годзьдзя Мальдзіса ўлады прыпынілі рашэньне аб прысваеньні ягонага імя Астравецкай раённай бібліятэцы . Радыё Свабода (2 жніўня 2022). Праверана 12 лютага 2025.
  12. Google Search. www.google.com. Праверана 12 лютага 2025.
  13. Google Search. www.google.com. Праверана 12 лютага 2025.
  14. Google Search. www.google.com. Праверана 12 лютага 2025.
  15. а б HL. Активистка “ИнфоСпецНаз” Ольга Бондарева взыскала с политзаключенного 1000 рублей за моральные страдания . Hrodna.life (2 ліпеня 2021). Праверана 18 жніўня 2023.
  16. а б в г д «Галоўная даносчыца Беларусі». Хто такая Вольга Бондарава, якая змагаецца з Геніюш, Марзалюком і «Хагі-Вагі» . Радыё Свабода (28 красавіка 2023). Праверана 18 жніўня 2023.
  17. а б в "Пацярпелыя выконвалі свой дзяржаўны доўг па зафарбоўванню незарэгістраванай сімволікі". Прысуд Васілю Пільцу . spring96.org (12 лютага 2021). Праверана 18 жніўня 2023.
  18. Ольга Бондарева Вражеская пропаганда от Геббельса до наших дней // Коммунист Беларуси. — 21 мая 2021. — № 21 (1273). — С. 5.
  19. Ольга Бондарева Беларусь нуждается в законодательной защите от ЛГБТ-пропаганды // Коммунист Беларуси,. — 4 августа 2021. — 4 августа — № 31 (1387). — С. 4.
  20. Плавинский Александр. 21 апреля 2023 года в Минске прошел внеочередной XIV (XLVI) Съезд Коммунистической партии Беларуси | ВКонтакте. m.vk.com. Праверана 18 жніўня 2023.
  21. Пад абцасам: як гарадзенская інфаспецназаўка стала гаспадыняй цэлага рэгіёну. belsat.eu. Праверана 18 жніўня 2023.
  22. Даносчыцу Бондараву выгналі з Камуністычнай партыі . Наша Ніва (28 ліпеня 2024). Праверана 28 ліпеня 2024.
  23. Вольгу Бондараву пасадзілі на 13 сутак . Наша Ніва (27 сакавіка 2025). Праверана 28 сакавіка 2025.
  24. Пророссийскую активистку Бондареву арестовали на 13 суток по административной статье (руск.). Зеркало (28 сакавіка 2025). Праверана 28 сакавіка 2025.
  25. Право имеют. Telegram. Праверана 18 жніўня 2023.
  26. Вадзім Плаўскі — Палітычныя вязні ў Беларусі. prisoners.spring96.org. Праверана 18 жніўня 2023.
  27. Гном са сцяжком правёў адзіночны пікет на падваконніку. Цяпер яго ўладальніка судзяць . Hrodna.life (18 жніўня 2023). Праверана 18 жніўня 2023.
  28. У Беларусі забаранілі святкаваць Хэлоўін. Плануюць «культурнае імпартазамяшчэнне» (руск.). VK. Праверана 18 жніўня 2023.
  29. vasia11. Бондарава хоча сцерці памяць пра Каліноўскі і Касцюшку і ваюе з «Еўраоптам» . Hrodna.life (24 ліпеня 2023). Праверана 18 жніўня 2023.
  30. antonio. Бондарава дамаглася, каб “Еўраопт” змяніў сваю рэкламу. Але на гэтым яна не спыняецца (абноўлена) . Hrodna.life (26 ліпеня 2023). Праверана 18 жніўня 2023.
  31. К, А.. У Гродне пачаўся суд над установай "Цэнтр гарадскога жыцця". Яе хочуць ліквідаваць . Hrodna.life (20 красавіка 2021). Праверана 18 жніўня 2023.
  32. Художника Алеся Пушкина приговорили к 5 годам лишения свободы. belsat.eu. Праверана 18 жніўня 2023.
  33. В Беларуси умер художник и политзаключенный Алесь Пушкин – DW – 11.07.2023 (руск.). dw.com. Праверана 18 жніўня 2023.
  34. Чым яшчэ займаецца Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы, які прыняў рашэнне адмовіцца ад лацінкі ў транслітарацыі геаграфічных назваў?. reform.by (9 студзеня 2023).
  35. Лукашысты пазбавіліся беларускай лацінкі ў транслітарацыі геаграфічных назваў. nashaniva.com (4 красавіка 2023).
  36. Boradyn, Władysław. Бібліятэка ў Астраўцы ня будзе насіць імя Адама Мальдзіса. Яго назвалi «прапольскiм калабарантам» . Wb24.org - Wirtualna Białoruś (2 жніўня 2022). Праверана 18 жніўня 2023.
  37. У Гродне знік памятны знак паўстанцам 1863 года - Беларуская Служба - polskieradio.pl(нявызн.). polskieradio.pl. Праверана 18 жніўня 2023.
  38. antonio. Бондарава ўступіла ў канфлікт з галоўным міліцыянтам Гродзеншчыны: кажа, што адчувае “іспанскі сорам” за сілавікоў . Hrodna.life (16 чэрвеня 2023). Праверана 18 жніўня 2023.
  39. vasia11. Бондарава запісала "пакаяннае" відэа з самой сабой. Навошта? . Hrodna.life (21 чэрвеня 2023). Праверана 18 жніўня 2023.
  40. «Сілавікам рэспект. Сялусе ганьба». Бондарава прыдумала мянушку для нявесткі Лукашэнкі . Наша Ніва (1 сакавіка 2025). Праверана 28 сакавіка 2025.