Перайсьці да зьместу

Вольнае падзеньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вольнае падзеньне. Вэктар сілы цяжару накіраваны вэртыкальна далоў

Вольнае падзеньне — рух цела пад уплывам толькі сілы цяжару. Аб’ект, які вольна падае, не абавязкова падае ў вэртыкальным кірунку. Калі выкарыстоўваць агульнапрынятае вызначэнне слова «падзеньне», аб’ект, які рухаецца ўверх, не ўважаецца тым, што падае, але, выкарыстоўваючы навуковыя вызначэньні, калі на яго дзеіць толькі сіла цяжару, кажуць, што ён знаходзіцца ў вольным падзеньні. Такім чынам, Месяц знаходзіцца ў вольным падзеньні да Зямлі, хоць ягоная арбітальная хуткасьць трымае яго на вельмі далёкай арбіце ад зямной паверхні.

Падчас вольнага падзеньня якога-небудзь аб’екта, ён знаходзіцца ў стане бязважкасьці, гэтак жа калі б ён знаходзіўся на борце касьмічнага апарата, які рухаецца па калязямной арбіце. Гэтая акалічнасьць выкарыстоўваецца, напрыклад, пры трэнаваньнях касманаўтаў, то бок самалёт з касманаўтамі набірае вялікую вышыню і пікіруе, знаходзячыся цягам некалькіх дзясяткаў сэкундаў у стане вольнага падзеньня, а касманаўты і экіпаж пры гэтым адчуваюць стан бязважкасьці. Тэрмін «вольнае падзеньне» часта выкарыстоўваецца больш свабодна, чым у строгім сэнсе. Такім чынам, падзеньне праз атмасфэру без разгорнутага парашута або пад’ёмнай прылады таксама часта называюць свабодным падзеньнем. Сілы аэрадынамічнага супраціву ў такіх сытуацыях перашкаджаюць ім стварыць поўную бязважкасьць, і таму «свабоднае падзеньне» парашутыста па дасягненьні канчатковай хуткасьці стварае адчуваньне, што вага цела падтрымліваецца паветранай падушкай.