Вучэнне ўзнесеных валадароў

Вучэнне ўзнесеных валадароў (англ.: Ascended master teachings), таксама Вучэнне валадароў мудрасці — рэлігійнае вучэнне, аснову якога складаюць тэксты, заяўленыя як пасланні ўзнесеных валадароў (валадароў мудрасці). Імі ў вучэнні называюць духоўных настаўнікаў чалавецтва ўсіх часоў, якія зараз дзейнічаюць са свайго ўзнесенага стану.[1][2][3][4][5] Найбольш вядомымі дзеячамі, якія публікавалі пасланні ад імя ўзнесеных валадароў, з’яўляюцца Г. Балард, Элізабэт Профэт, Т. Мікушына.[6][7][8][9] Рэлігійныя арганізацыі, імі створаныя (рух «Я есмь», Мост свабоды, Царква сусветная і пераможная), у адпаведнасці з сучаснай класіфікацыяй прылучаюць да новых рэлігійных рухаў, групы нью-эйдж.[10]
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Паняцце «ўзнесены валадар» (Ascended master) упершыню ўжыта Бэрдам Т. Сполдзінгам у 1924 годзе ў яго серыі кніг «Жыццё і вучэнні майстроў Далёкага Усходу».[11][12] Палажэнне пра ўзнесеных валадароў стала цэнтральным у дзейнасці Гая Баларда (1930—1939 гг.) і было ім шырока распаўсюджанае. Сама ж канцэпцыя «ўзнесеных валадароў», хаця і з крыху адрознай назвай «настаўнікі мудрасці», бярэ пачатак з тэасофскай традыцыі.[3]
Паводле гэтай канцэпцыі, узнесеныя валадары — духоўна развітыя асобы, якія раней увасабляліся ў зямных целах, але больш не залучаныя ў цыклы рэінкарнацыі, то бок дасягнулі ўзнясення. Са свайго ўзнесенага стану яны цяпер калектыўна каардынуюць і падтрымліваюць духоўнае развіццё чалавецтва.[13]
Паняцце «валадары» заснавана на тэзе пра 7 прамянёў. Паводле яе ёсць 7 асноўных якасцяў Абсалюта, праз якія ён выяўляецца ў свеце формы (сіла, мудрасць, любоў і г.д.), і яны сімвалізуюцца 7 прамянямі светлавога спектра (ад ружовага да фіялетавага). Той, хто дасканала авалодаў хаця б адной з гэтых 7 боскіх якасцяў, робіцца валадаром (таксама сустракаецца назва «майстар»).[14]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Перадумовы ўзнікнення
[правіць | правіць зыходнік]Рэлігійныя арганізацыі, якія належаць да Вучэння ўзнесеных валадароў, класіфікуюцца даследнікамі як выйшлыя з тэасофскай традыцыі.[5][3] Адпаведна, перадумовы ўзнікнення Вучэння закладаліся яшчэ праз дзейнасць Алены Блавацкай.[13] У канцы 1880-х яна напісала і апублікавала асноўную сваю працу — «Таемную дактрыну». Паслядоўнікамі сцвярджаецца, што яе сапраўднымі аўтарамі былі будучыя ўзнесеныя валадары Морыя, Кут Хумі і Джвал Кул, якія тэлепатычна надыктавалі «Таемную дактрыну» Блавацкай.[15]
Гай Балард
[правіць | правіць зыходнік]
Афармленне вучэння ў яго цяперашняй форме адбылося праз дзейнасць Гая Баларда. Балард на пачатку 30-х гадоў наведаў гару Шаста (паўночная Каліфорнія), дзе, па яго сцверджанні, ён сустрэў чалавека, які назваўся Сэн-Жэрмэнам, адным з узнесеных валадароў. Вынікам сустрэчы і далейшага супрацоўніцтва было выданне Балардам 3 кніг, у якіх падрабязна апісаны яго містычны досвед, заснаванне разам з жонкай Эднай Балард руху «Я есмь» і перыядычная публікацыя новых пасланняў ад імя Сэн-Жэрмэна і іншых узнесеных валадароў у выданні "Голас «Я есмь». Г. Балард развіў актыўную дзейнасць у ЗША, якая дасягнула свайго піку незадоўга да яго раптоўнай смерці ў 1939 годзе. Агульная колькасць людзей, якія наведалі яго лекцыі, перавышае мільён чалавек.[16][17]
Джэральдзін Інэсэнт
[правіць | правіць зыходнік]Джэральдзін Інэсэнт была членам руху «Я есмь». У 1944 годзе, праз некалькі год пасля смерці Г. Баларда, яна пачала сцвярджаць, што з ёю звязаўся ўзнесены валадар Эль Морыя і пачаў яе рыхтаваць у якасці пасланца. У 1951 годзе Д. Інэсэнт пачала публікаваць пасланні ад імя ўзнесеных валадароў, якія знайшлі пэўны водгук у паслядоўнікаў руху «Я есмь», але яе дзейнасць не была ўхваленая лідарам руху Эднай Балард. У сярэдзіне 1950-х гадоў Д. Інэсэнт засноўвае ўласную рэлігійную арганізацыю «Мост свабоды» (англ.: Bridge to Freedom), якая працягнула сваю дзейнасць і пасля яе смерці ў 1961 годзе.[18]
Марк Профэт і Элізабэт Клэр Профэт
[правіць | правіць зыходнік]
Марк Профэт быў наступны, хто пачаў атрымоўваць і публікаваць пасланні ад імя ўзнесеных валадароў. У 1958 годзе ён заснаваў рэлігійную арганізацыю Summit Lighthouse (Вяршынны маяк). У 1964 годзе яго жонка Элізабэт Профэт таксама пачынае публічна атрымоўваць пасланні ўзнесеных валадароў. Пасля смерці Марка Профэта ў 1973 годзе яна працягнула дзейнасць арганізацыі, даўшы ёй новую назву «Царква сусветная і пераможная». Элізабэт развівае актыўную дзейнасць: здзяйсняе працяглы тур з лекцыямі па тэрыторыі ЗША, засноўвае навучальныя цэнтры, удзельнічае ў агульнанацыянальных тэлепраграмах, выдае кнігі. У 2000 годзе з прычыны праблем са здароўем (хвароба Альцгеймэра) яна пакідае пост духоўнага лідара арганізацыі.[19][20]
Таццяна Мікушына
[правіць | правіць зыходнік]
Т. Мікушына ў 2001 годзе засноўвае духоўна-асветніцкі цэнтр «Сірыюс», а ў 2005 г. пачынае публікаваць пасланні ад імя ўзнесеных валадароў. Пасланні зазвычай публікаваліся штодня на афіцыйным сайце ў перыяды летняга і зімовага сонцастаяння, а пасля гэтыя цыклы пасланняў выдаваліся асобнымі кнігамі. У 2008 г. быў пабудаваны навучальны цэнтр ля Омска як аснова для будучага пасялення. Прыярытэтнай мэтай было заяўлена стварэнне «Абшчыны Духу», як узору для будучых пасяленняў па ўсёй зямной кулі. У 2005—2023 гадах было выдадзена блізу 70 кніг. Асноўныя працы перакладзены на два дзясяткі моў. У 2014 годзе была заснавана міжнародная грамадская арганізацыя «За маральнасць».[21][22][9]
Вучэнне
[правіць | правіць зыходнік]Асновы Вучэння
[правіць | правіць зыходнік]Закон кармы
[правіць | правіць зыходнік]У Вучэнні сцвярджаецца, што закон кармы — гэта асноўны закон гэтага Сусвету. Што б мы ні рабілі, гэта будзе мець наступствы, і гэта азначаецца тэрмінам «карма». Тое, што мы здзейснілі ў мінулым, выяўляе сябе ў цяперашнім. Тое, што мы робім цяпер, будзе мець наступствы ў будучыні, у тым ліку ў наступных увасабленнях.[23]
Раскрываецца ўяўленне пра карму як пра энергію. Чалавек чэрпае энергію ад Бога, прапускае яе праз сябе і сваімі думкамі, пачуццямі, справамі пераўтварае яе, фарміруючы ў выніку станоўчую або адмоўную карму, якая назапашваецца і перабывае ў самым чалавеку як энергія з пэўнымі характарыстыкамі.[24][25]
| Кожны ўчынак, які вы здзяйсняеце не ў адпаведнасці з Воляй Бога, прыводзіць да таго, што Боская Энергія, якой вы карыстаецеся безупынна і без якой вы проста не змаглі б існаваць, афарбоўваецца гэтым вашым недасканалым дзеяннем. І чым больш недасканалае дзеянне вы здзяйсняеце, тым больш нізкія вібрацыі набывае Боская Энергія. Гэтая энергія нікуды не дзяецца, яна захоўваецца ў вашай ауры, у вашых эмацыйным, мянтальным і эфірным целах.[26]
Далей уваходзіць у сілу закон падабенства. Няправільна кваліфікаваная энергія, якая безупынна спадарожнічае вам у жыцці, прыцягвае да вас тыя жыццёвыя сітуацыі, якія вы мусіце прайсці, каб засвоіць урок і ўчыніць у гэтай сітуацыі не ў адпаведнасці з вашай воляй, а ў адпаведнасці з Воляй Бога.[27] |
Закон рэінкарнацыі
[правіць | правіць зыходнік]Закон рэінкарнацыі разглядаецца як закон развіцця. Адпаведна, самыя пераўвасабленні выходзяць як дабро, якое дазваляе выправіць былыя няправільныя ўчынкі, усвядоміць сваю сапраўдную прыроду і паступова рэалізаваць свой духоўны патэнцыял у свеце формы.[23] З гэтага пункту гледжання тое, што завецца чалавечым жыццём, уяўляе собою не больш чым адзін дзень у існаванні сапраўднай духоўнай сутнасці чалавека.[28][29]
Сцвярджаецца, што цераз працэс пераўвасаблення праходзіць не фізічнае цела, не эмацыйная прырода і не розум. Тое, што праходзіць праз працэс пераўвасаблення, знаходзіцца над усімі гэтымі аспектамі індывіда.[30]
Маральны закон
[правіць | правіць зыходнік]Маральны закон скіраваны на тое, каб чалавек пераадолеў сваю эгаістычнасць і выявіў боскую прыроду.[31] Дзеля гэтага даюцца прынцыпы паводзінаў, заснаваныя на богацэнтрычнай мадэлі свету, у процівагу немаральным паводзінам, заснаваным на эгацэнтрызме.[32]
| Рана ці позна надыдзе дзень, калі чалавек пераможа жывёльнае ўсярэдзіне яго самога, пераможа свае жарсці, пераможа сваё эга і дасць магчымасць Духу атрымаць поўнае панаванне над сабою. І чалавек не будзе болей ніжэйшым чалавекам, сумессю жывёлы і чалавека. Звер будзе ўтаймаваны, і чалавек зробіцца падобным да Бога.
Жывёльны чалавек павінен саступіць месца Боскаму чалавеку. Цялесны розум павінен саступіць месца Боскаму розуму. І гэта здзеецца. Таму што іскра і полымя ў вас не дадуць вам спакою да тае пары, пакуль гэта не адбудзецца. Вы будзеце кідацца, вы будзеце шукаць. Вы будзеце імкнуцца знайсці ў фізічным свеце той стан нірваны, пра які памятае часцінка Вышэйшых Істотаў у вас. Вы будзеце шукаць гэты стан паўсюль на Зямлі. І вы не знойдзеце яго на фізічным плане.[33] |
Абвяшчаецца адзінства маральных прынцыпаў усіх рэлігіяў, грунтуючыся на тым, што ўсялякая праўдзівая рэлігія мае сваёй асновай імкненне сцвердзіць боскую частку чалавечай існасці і выкараніць эгаістычную.[34][35]
Дадатковыя тэзы Вучэння
[правіць | правіць зыходнік]Будова Сусвету
[правіць | правіць зыходнік]Сусвет з’яўляецца эманацыяй Бога.[36][37] Усё, што яго складае — гэта боская энергія, якая вібруе на розных частасцях. Бачны свет (фізічны план) адпавядае самай нізкай дапушчальнай частасці.[38] Побач з фізічным планам знаходзіцца астральны план. Астральныя целы людзей (пачуцці, жаданні) маюць яго асяроддзем свайго існавання. Далей ідзе мянтальны план, дзе перабываюць створаныя думкамі формы. Акрамя спараджэнняў чалавечых астральны і мянтальны планы населеныя ўласнымі істотамі, якія валодаюць пластычнымі і высокаэнергетычнымі формамі. Гэтыя планы (астральны і мянтальны) ўнутрана расслоеныя, і істоты, якія іх насяляюць, адрозніваюцца па вышыні перабывання і, адпаведна, напоўненасці святлом — ад даволі нізкіх і цёмных да высокіх і поўных святла.[39] За мянтальным існуюць больш высокія планы. Яны з’яўляюцца месцам перабывання ўзнесеных валадароў.[40]
Будова чалавека
[правіць | правіць зыходнік]Будова чалавека падобная на матрошку. Вылучаюцца 7 складнікаў чалавека:[41][29][30]
- Я Есмь Прысутнасць
- каўзальнае цела
- Я Хрыста
- эфірнае цела
- мянтальнае цела
- астральнае цела
- фізічнае цела[24][42]
Гэтыя целы звязаныя між собою сістэмай энергетычных цэнтраў (чакраў), асноўныя з якіх змешчаныя ўздоўж хрыбетнага слупа.[43][32]
Касмічная іерархія
[правіць | правіць зыходнік]Іерархія святла працінае ўсю структуру свету. Яна ўяўляе з сябе іерархію існасцяў, якія перабываюць на розных эвалюцыйных ступенях. Іерархі, якія знаходзяцца на больш высокіх прыступках, не звышнатуральныя. Яны прайшлі доўгі шлях духоўнага развіцця, рэалізавалі сваю боскую сутнасць і цяпер дапамагаюць выканаць гэтую задачу астатнім.[44] У крытычныя перыяды развіцця чалавецтва вялікія іерархі прыходзяць ва ўвасабленне і прыносяць людзям страчаную ісціну. Да такіх іерархаў прылічваюць заснавальнікаў рэлігіяў, філасофскіх вучэнняў, грамадскіх рэфарматараў.[32][39]
Сцвярджаецца, што ў дадзены перыяд, з-за крайняй аддаленасці чалавецтва ад Бога, увасабленне валадароў практычна немагчымае. Таму выкарыстоўваецца інстытут пасланніцтва. Пасланцы не з’яўляюцца дасканалымі людзьмі. Яны тыя, хто надзеленыя даверам прадстаўляць інтарэсы Братэрства на фізічным плане.[45]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ "Ascended Masters Teachings". The new encyclopedia of the occult. Llewellyn Worldwide. 2003. p. 40. ISBN 1567183360.
- ↑ Колодний, А. Н. (2010). "Вчення Вознесених Володарів як релігія синтезу". Нові релігії України/Історія релігії в Україні (в 10 томах)(укр.). Київ. pp. 795–797. ISBN 966-531-201-4.
- ↑ а б в Ascended Master. Архівавана з першакрыніцы 3 снежня 2021.
- ↑ Осипов, Вадим Евгеньевич (2010). "О противоречиях между учением „Живой этики" и "Учениями вознесенных владык"". Философия, вера, духовность: истоки, позиция и тенденции развития(руск.). p. 232—259.
- ↑ а б Lewis, James R. (2005). Controversial New Religions. Oxford University Press. pp. 281–286. ISBN 9780195156829.
- ↑ Melton, J. Gordon (1991). "Prophet, Markus L.". Religious Leaders of America. Gale Research Inc. p. 376. ISBN 0810349213.
- ↑ Western Esoteric Family I: Ancient Wisdom. Архівавана з першакрыніцы 5 лютага 2021.
- ↑ Hammer, Olav (2013). "The Summit Lighthouse: Its Worldview and Theosophical Heritage". Handbook of the Theosophical Current. Brill. p. 178. ISBN 978-90-04-23597-7.
- ↑ а б Domatajs.lv (лат.). Архівавана з першакрыніцы 7 лютага 2022.
- ↑ Gallagher, Eugene V. (2004). "The I AM Religious Activity and the Church Universal and Triumphant /// The New Age and Its Antecedents". The New Religious Movements Experience in America. Greenwood Publishing Group. pp. 85–91. ISBN 9780313328077.
- ↑ Mather, George A. (2006). "Church Universal and Triumphant (CUT); The "I AM" Ascended Masters". Encyclopedic Dictionary of Cults, Sects, and World Religions. Zondervan. pp. 83–87. ISBN 978-0-31023954-3.
- ↑ Depth research of selected topics. world-news-research.com. Архівавана з першакрыніцы 21 верасня 2021.
- ↑ а б Ascended Masters. Архівавана з першакрыніцы 12 лістапада 2021.
- ↑ Melton, J. Gordon (2001). Encyclopedia of Occultism and Parapsychology. Gale Group, Inc. p. 1057. ISBN 0-8103-8570-8.
- ↑ Melton, J. Gordon (2001). "Blavatsky, Helena Petrovna". Encyclopedia of Occultism and Parapsychology. Gale Group, Inc. p. 196. ISBN 0-8103-8570-8.
- ↑ Jones, Lindsay (2005). "I Am". Encyclopedia of Religion (vol.6). Thomson Gale. pp. 4245–4247. ISBN 978-0-8108-6332-3.
- ↑ Tim Rudbøg. I AM Activity (англ.). Архівавана з першакрыніцы 30 студзеня 2021.
- ↑ Bridge to Spiritual Freedom. Архівавана з першакрыніцы 16 ліпеня 2021.
- ↑ Jones, Lindsay (2005). "= Church Universal and Triumphant". Encyclopedia of Religion (vol.3). Thomson Gale. pp. 1781–1784. ISBN 0-02-865736-5.
- ↑ Erin Prophet, Susan Palmer. Church Universal & Triumphant / Summit Lighthouse (англ.). Архівавана з першакрыніцы 22 студзеня 2021.
- ↑ Tatyana Mickushina (англ.). readersfavorite.com. Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2024.
- ↑ Krämer, Hans Martin (2020). "Effects of Theosophy on Russian Cultural History". Theosophy across Boundaries: Transcultural and Interdisciplinary Perspectives on a Modern Esoteric Movement. SUNY Press. p. 444. ISBN 9781438480435.
- ↑ а б Lewis, James R. (2005). Controversial New Religions. Oxford University Press. p. 285. ISBN 9780195156829.
- ↑ а б Mather, George A. (2006). "Church Universal and Triumphant (CUT); The "I AM" Ascended Masters". Encyclopedic Dictionary of Cults, Sects, and World Religions. Zondervan. p. 86. ISBN 978-0-31023954-3.
- ↑ Hammer, Olav (2013). Handbook of the Theosophical Current. Brill. p. 164. ISBN 978-90-04-23597-7.
- ↑ Илларион (10 апреля 2005г.). Архівавана з першакрыніцы 24 красавіка 2022.
- ↑ Сурия (19 марта 2005г.). Архівавана з першакрыніцы 23 сакавіка 2021.
- ↑ Hammer, Olav (2013). Handbook of the Theosophical Current. Brill. p. 184. ISBN 978-90-04-23597-7.
- ↑ а б Melton, J. Gordon (2001). Encyclopedia of Occultism and Parapsychology. Gale Group, Inc. p. 293. ISBN 0-8103-8570-8.
- ↑ а б Melton, J. Gordon (2002). Religions of the world : a comprehensive encyclopedia of beliefs and practices. ABC-CLIO. p. 347. ISBN 1-57607-761-6.
- ↑ Greer, John Michael (2010). "Ascended Masters Teachings". The Element Encyclopedia of Secret Societies and Hidden History. Harper Collins Publishers. p. 165. ISBN 978-0-007-35917-2.
- ↑ а б в Melton, J. Gordon (2002). Religions of the world : a comprehensive encyclopedia of beliefs and practices. ABC-CLIO. p. 348. ISBN 1-57607-761-6.
- ↑ Заратустра (30 марта 2005г.). Архівавана з першакрыніцы 17 сакавіка 2018.
- ↑ Tøllefsen, Inga Bårdsen (2017). "Elizabeth Clare Prophet". Female Leaders in New Religious Movements. Palgrave Macmillan. pp. 59–60. ISBN 978-3-319-61527-1.
- ↑ Учение о ненасилии (руск.). Архівавана з першакрыніцы 20 лютага 2020.
- ↑ Mather, George A. (2006). "Church Universal and Triumphant (CUT); The "I AM" Ascended Masters". Encyclopedic Dictionary of Cults, Sects, and World Religions. Zondervan. p. 85. ISBN 978-0-31023954-3.
- ↑ Hammer, Olav (2013). Handbook of the Theosophical Current. Brill. p. 163. ISBN 978-90-04-23597-7.
- ↑ Tøllefsen, Inga Bårdsen (2017). "Elizabeth Clare Prophet". Female Leaders in New Religious Movements. Palgrave Macmillan. p. 63. ISBN 978-3-319-61527-1.
- ↑ а б Яблоков, под ред. И. Н. (2005). "Надконфессиональная синкретическая религиозная философия". Основы религиоведения. Учебник(руск.). Высшая школа. pp. 364–381. ISBN 5-06-004254-5.
- ↑ York, Michael (2004). "Church Universal And Triumphant". The A to Z of New Age Movements. Scarecrow Press. p. 166. ISBN 978-0-8108-6332-3.
- ↑ Hammer, Olav (2013). Handbook of the Theosophical Current. Brill. p. 182. ISBN 978-90-04-23597-7.
- ↑ Учение о душе в Посланиях Владык Мудрости. Часть 1 (руск.). Архівавана з першакрыніцы 1 ліпеня 2020.
- ↑ Hammer, Olav (2013). Handbook of the Theosophical Current. Brill. p. 183. ISBN 978-90-04-23597-7.
- ↑ Mather, George A. (2006). Encyclopedic Dictionary of Cults, Sects, and World Religions. Zondervan. pp. 83, 87. ISBN 978-0-31023954-3.
- ↑ Hammer, Olav (2013). Handbook of the Theosophical Current. Brill. p. 155. ISBN 978-90-04-23597-7.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Афіцыйныя сайты
- Г. Балард (Рух «Я Есмь») (англ.)
- Д. Інэсэнт (Мост свабоды) (англ.)
- Марк і Элізабэт Профэт (англ.)
- Т. Мікушына (руск.)
- Карысныя спасылкі