Вышымайка

Вышыма́йка — баваўняная майка з імітацыяй традыцыйнай беларускай вышыўкі, арнаментам і ўзорамі. Вышымайкі з’явіліся на хвалі цікавасці да беларускай нацыянальнай культуры і сімволікі ў 2014 годзе[1]. Першыя вышымайкі былі выпушчаныя летам 2014 году Symbal.by, культурніцкай ініцыятывай «Арт Сядзіба» і беларускай рэдакцыяй Радыё «Свабода».
Паходжанне назвы
[правіць | правіць зыходнік]Назва «вышымайка» ўтворана ад слоў «вышыванка» і «майка». Мовазнаўца Вінцук Вячорка адзначыў, што «вышымайка» стала словам 2014 года[2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 2014 годзе першую партыю вышымаек выпусціла «Арт Сядзіба» і «Радыё Свабода» для сумеснай кампаніі «Свабода ART». У ейных межах праходзілі разнастайныя конкурсы і акцыі для сацыяльных сетак. 200 першых вышымаек былі падарункамі. Але пасля таго, як у інтэрнэце з'явіліся фотаздымкі з імі, пасыпалася вялікая колькасць замоў і пытанняў да людзей, якія таксама хацелі сабе такія вышымайкі. Так вышымайкі сталі масавым прадуктам[3].
Для першых вышымаек быў выкарыстаны вектарны малюнак з беларускім арнаментам з сайта spampavac.by, які стварыў беларускамоўны праграміст Павал Шут[4].
У 2015 годзе праект «Вышымайка» «Арт Сядзібы» атрымаў гран-пры фестывалю беларускамоўнай рэкламы «ADNaK!». Усяго ў конкурсе было больш за 150 удзельнікаў, а заявак падалі больш як 370[5].
5 верасня 2015 года на фолк-фэсце «Камяніца» у Музеі народнай архітэктуры і побыту многія госці былі ў вышыванках і вышымайках[6].
У лютым 2016 года ў Мінску адбылася выстава-кірмаш «Млын», на якой свае дызайнерскія працы выставілі больш за паўтысячы майстроў. Сярод іх было нямала аўтараў, якія актыўна выкарыстоўваюць у творчасці нацыянальныя матывы, а таксама вышымайкі[7].
У сакавіку 2016 года сузаснавальнік Symbal.by Мікіта Броўка адзначыў, што на той час ужо было прададзена 15 000 вышымаек[8].
18 сакавіка 2016 года ў мінскім клубе «Loft» культурная пляцоўка «Арт Сядзіба» зладзіла першы фестываль «ArtSiadziba Forum, альбо Дзень Вышымайкі». Мерапрыемства склалася з дзвюх частак. Першая была прысвечана беларускамоўнаму бізнесу, рэкламе і іх уплыву ў рэалізацыі сумесных нацыянальна арыентаваных праектаў у Беларусі. Другая складалася з музычнай праграмы, конкурсаў і гульняў[9].
У траўні 2016 года ў Пружанах прайшла «Ноч вышыванкі», удзельнікі былі ў вышыванках і вышымайках. Некалькі дзясяткаў гасцей з Пружанаў, Брэста, Кобрына, Бярозы і Польшчы бліжэй пазнаёміліся з беларускай народнай культурай, паслухалі выступы фолк-гуртоў, танчылі ды забаўляліся[10].
1 ліпеня 2016 года на працу ў вышымайках прыйшлі супрацоўнікі «Беларусбанка». Гэта была «Пятніца ў нацыянальным арнаменце» — свята, прысвечанае Дню Незалежнасці. Падчас абедзеннага перапынку ў дворыку галаўнога офіса быў арганізаваны выязны гандаль тэкстыльнымі вырабамі з нацыянальным арнаментам[11].
2 ліпеня 2017 года БРСМ правёў у цэнтры Мінска шэсце ў нацыянальных строях і вышымайках. Арганізатарамі таксама былі Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам. Шэсце прайшло ад Нямігі па частцы праспекта Пераможцаў да пляцоўкі перад Палацам спорту[12].
У ліпені 2018 года супрацоўнікі СПК «Прагрэс-Верцялішкі» Гродзенскага раёна падчас уборачнай апранулі вышымайкі. Гэта акцыя была адной з імпрэз да Году малой радзімы[13].
23 жніўня 2019 года на пляцоўцы «Пясочніца» ў Мінску прайшло святкаванне 5-годдзя вышымайкі. На фестывалі выступілі гурты :B:N:, Akute, NaviBand і Dzieciuki[14].
Вышымайкі і знакамітыя людзі
[правіць | правіць зыходнік]У канцы 2014 года беларускі гурт «Лепрыконсы» правёў канцэрт у вышымайках у рэстаране «Друзья». Музыкі змянілі свой звыклы імідж людзей у піянерскіх гальштуках[15].
У верасні 2015 года ў Мінск прыязджаў расійскі тэатр Массавета з камедыяй «Практыкаванні ў выдатным». Расійскія акцёры, сярод якіх быў Гоша Куцэнка, апрануліся ў Мінску ў вышымайкі. Адпаведнае фота ў Instagram змясціў сам Куцэнка і напісаў: «Вышымайкi. Жыве Беларусь!»[16].
У траўні 2016 года Аляксандр і Мікалай Лукашэнка з’явіліся на публіцы ў вышымайках падчас пакосу травы на трактары МТЗ[17].
На Алімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыа-дэ-Жанэйра прафесійная беларуская баскетбалістка, капітан жаночай зборнай Беларусі, бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы, удзельнік двух Алімпійскіх гульняў Кацярына Сныціна на трэніроўках насіла вышымайку[18].
25 чэрвеня 2017 года Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей запрасіў кіраўнікоў акрэдытаваных у Беларусі дыпламатычных місій і чальцоў іхных сем’яў на «Дзень беларускай вышыванкі». Большая частка наведнікаў была ш ў «вышымайках» сучаснага пакрою, упрыгожаных арнаментам з беларускімі матывамі васільковага колеру[19].
2 ліпеня 2017 года на мінскі стадыёне «Трактар» футбалісты клуба «Дынама» (Мінск) выйшлі ў вышымайках ад Symbal.by на час гучання гімну. Такім чынам самы ўганараваны беларускі футбольны клуб падтрымаў Дзень вышыванкі[20].
Варыянты
[правіць | правіць зыходнік]У красавіку 2014 года Symbal.by выпусціў выцімайку — варыянт вышымайкі, на якім заместа арнаменту выкарыстоўваліся прынты алічбаваных выцінанак мастачкі Лізаветы Чырвонцавай[21].
У траўні 2015 года ў краме Symbal.by з’явіліся жаночая вышымайка са стразамі ў выглядзе ўзору з матывамі Ярылы — язычніцкага бога ўрадлівасці і жыццёвых сіл прыроды[22].
У жніўні 2015 года стартап студэнтаў БНТУ Fainy.by паказаў свае альтэрнатыўныя вышыванкі — чорныя, чырвоныя і сінія з белым арнамент, а таксама белыя з сінім арнаментам[23].
У сакавіку 2016 года беларуская фірма вопраткі Mark Formelle дадала ў сваю калекцыю вясна-лета 2016 вышымайкі ўласнага дызайну — розныя варыяцыі народнага арнаменту, а таксама выкарыстанне сіняга, а не толькі чырвонага колеру. Калекцыя атрымала назву «Vyshyvankees»[24].
У траўні 2016 года БРСМ паказаў свой варыянт вышымаек — гэта былі цішоткі-пола, на якіх заместа арнаменту былі стылізаваныя кветкі. Першымі гэтыя вышымайкі прымералі ўдзельніцы нацыянальнага фіналу XXV Міжнароднага міжуніверсітэцкага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства «Каралева Вясна — 2016»[25].
У чэрвені 2016 года беларускі дызайнер Уладзімір Цэслер зрабіў дызайн вышымайкі для праграмістаў. Ён выкарыстаў у арнаменце дваічны код. Гэты варыянт Цэслер прысвяціў 10-годдзю беларускага Парка высокіх тэхналогій[26][27].
У лістападзе 2017 года гомельская фабрыка «8 сакавіка» выпусціла серыю ўласных дызайнерскіх вышымаек з надпісам лацінскімі літарамі «Belarus». На адной з іх у творчай манеры намаляваны нацыянальны арнамент у выглядзе Каляднай зоркі, на іншай — у выглядзе бусла, зубра і трактара — своеасаблівых сімвалаў Беларусі. Малюнак іншай мадэлі цалкам складаецца з арнаменту, а таксама цішоткі з канкрэтнымі сімваламі арнаменту і тлумачэннямі іх значэнняў па-беларуску[28].
Рэакцыі
[правіць | правіць зыходнік]Старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрый Сурскі:
— Сёння вельмі шмат спекуляцый вакол арнаментыкі. Куды яе толькі ні лепяць! Для мяне «вышымайкі» — асартымент сумніўнага характару. Тым не менш праз гэта таксама трэба прайсці. І добра, што гэта ёсць насамрэч, што людзей павярнулі да вытокаў, семантыкі нашых знакаў. Але ўсё ж такі прафесіяналізм ляжыць крыху вышэй. Трэба пераасэнсоўваць традыцыі больш глыбока, знаходзіць нейкія ўнікальныя матывы і правільна падаваць гэту мову, тэхналогію[29].
Культуролаг Барыс Шчука:
— Культура ў грамадстве спажывання – гэта масавая культура, а ў ёй хвалі моды змяняюць адна адну. Доўгатэрміновых з’яў тут не будзе па вызначэнні. Для тых, хто носіць «вышымайкі» і іншае, гэта калі не проста даніна часовай (!) модзе, то ідэалагічны атрыбут. Знак «каманды», «заўзятарам» якой чалавек ёсць. Як шалік “Дынама-Мінск”, значак “За свабоду!” або георгіеўская стужачка. Нам можа падацца, што медыйная балбатня вакол вышыванак азначае нейкія «глыбокія перамены, нацыянальны ўздым». Зусім не абавязкова[30].
Фэшн-стыліст і гісторык моды Юлія Чынвяокву:
— Я думаю, у гэтым нічога дрэннага няма. З аднаго боку, гэта папулярызацыя нацыянальнага адзення, нацыянальнай культуры, і гэта добра. Калі я бачу чалавека ў футболцы, на якую нанесены «вышываначны» прынт, я разумею, што ён неабыякавы да Беларусі, ён дэманструе сваю прыналежнасць да роднай гісторыі і культуры[31].
Дызайнер, графік, фатограф, паэт, перакладчык і публіцыст Міхал Анемпадыстаў:
Вышымайка. Сістэмная памылка, запушчаная ў маскультуру. Безумоўна, калі гаворка ідзе пра беларускія вышымайкі. Ва ўкраінцаў гэта ўсё ў рамках традыцыі. Мы павінныя прыдумаць нешта сваё. Матэрыялу, фактураў, ідэяў у нас дзеля гэтага мора[32].
Кіраўнічы кампаньён кампаніі Universal Press Аляксандр Дзешкавец:
— Феномен з вышыванкамі быў ва Украіне, а ў нас ідзе простае калькаванне. Адпаведна, калька не падтрыманая такімі шырокімі масамі спажыўцоў, як гэта было на хвалі пэўных грамадскіх настрояў у нашых паўднёвых суседзяў. Але я не кажу, што беларускія арнаменты і вышыўка не падыходзяць для адзення. Пытанне ў падыходзе, а ў выпадку «вышымаек» ён шаблонны: прапанаваныя вырабы не маюць дастатковай спажывецкай якасці як з пункту гледжання дызайну, так і з пункту гледжання выканання — якасці самой майкі і спосабаў друку. І, безумоўна, трэба не забываць, што любая арнаментальная аснова — гэта мноства сакральных сэнсаў, якімі можна гуляць, паглыбляцца ў іх, рабіць зусім іншыя малюнкі, спалучаючы сучасныя графічныя трэнды з уласцівай нам выяўленчай традыцыяй. Дарэчы, немагчыма мець капірайт на традыцыйны арнамент, можна толькі на арыгінальны дызайн[33].
Адзін з заснавальнікаў і былы дырэктар «Арт Сядзібы», стваральнік і кіраўнік крамы SYMBAL.BY Павел Белавус:
— А ў нас ад самага пачатку была ідэя выйсці на папсовую аўдыторыю, на незаангажаваную аўдыторыю. А каб выйсці на яе, трэба рабіць лёгкі, просты, даступны і масавы прадукт, якім і стала тая ж вышымайка. А праз яе людзі пачалі цягнуцца і да сапраўднай вышыванкі, даведвацца пра яе гісторыю, ісці да сапраўдных майстроў, адмыслова замаўляць, шукаць у сувенірных крамах. Я думаю, што мы вельмі добрую справу робім у папулярызацыі не толькі стылізацый, але і сапраўдных беларускіх рамёстваў[34].
Культуролаг Максім Жбанкоў:
— Папулярнасць праекта вышыванак і вышымаек тлумачыцца адсутнасцю годнай дзяржаўнай мадэлі нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў. [35]
Майстрыха традыцыйнага адзення Юлія Літвінава:
— Сучасныя «вышымайкі» вельмі добра спрыяюць распаўсюду традыцыйнага строю, бо наўпрост ці ўскосна скіроўваюць да яго позірк і думку[36].
Доктар мастацтвазнаўства Вольга Лабачэўская:
— Трэба глядзець, наколькі гэтая мода будзе жыць. Попыт у моладзевым нацыянальнаарыентаваным асяродку ёсць[37].
Супрацоўніца Музея народнай архітэктуры і побыту і газеты «Культура» Алена Ляшкевіч:
— Няхай культура такім чынам пра сябе заяўляе шырокаму грамадству. Нават зараз у самых нечаканых месцах часам сустрэнеш чалавека ў вышымайцы. Калі чалавек хоча пазначыць сябе беларусам – гэта выдатна![38]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Свабода, Радыё. Менск пераапрануўся ў вышыванкі . Радыё Свабода (6 кастрычніка 2014). Праверана 28 лютага 2025.
- ↑ Свабода, Радыё. Вышымайка, вышыванка, вышыватнік — беларускія словы 2014 году . Радыё Свабода (10 снежня 2020). Праверана 28 лютага 2025.
- ↑ Студзінская, Іна. Павал Белавус: Праз вышымайку людзі пачалі цягнуцца і да сапраўднай вышыванкі . Радыё Свабода (3 студзеня 2015). Праверана 1 сакавіка 2025.
- ↑ Студзінская, Іна. Беларускамоўны праграміст распавёў, як яго сайт спрычыніўся да «вышыванкавай рэвалюцыі» . Радыё Свабода (10 жніўня 2016). Праверана 1 сакавіка 2025.
- ↑ Грузьдзіловіч, Алег. Вышымайкі — гран-пры фэстывалю Adnak. «Жыцьцё пасьля раку» — сярод пераможцаў ФОТА . Радыё Свабода (2 ліпеня 2015). Праверана 1 сакавіка 2025.
- ↑ Вячорка, Франак. Тысячы менчукоў у нацыянальных строях сабраліся на фольк-фэстывалі «Камяніца» . Радыё Свабода (5 верасня 2015). Праверана 1 сакавіка 2025.
- ↑ Карней, Ігар. «Млын», дзе пануе беларускасьць . Радыё Свабода (27 лютага 2016). Праверана 1 сакавіка 2025.
- ↑ Аа. 15000 чалавек адзелі ў «вышымайкі». Арт Сядзіба правяла чарговы фэстываль у Менску . Радыё Свабода (19 сакавіка 2016). Праверана 1 сакавіка 2025.
- ↑ Аксіновіч, Павел. Дзень ВышыМайкі. Вялікі фотарэпартаж . Новы Час (19 сакавіка 2016). Праверана 2 сакавіка 2025.
- ↑ Пд. «Ноч вышыванкі» адбылася ў Пружанах . Радыё Свабода (28 мая 2016). Праверана 1 сакавіка 2025.
- ↑ Супрацоўнікі «Беларусбанка» прыйшлі на працу ў вышымайках ФОТА . Наша Ніва (1 ліпеня 2016). Праверана 1 сакавіка 2025.
- ↑ БРСМ правёў у цэнтры Мінска шэсце ў нацыянальных строях і вышымайках . Наша Ніва (2 ліпеня 2016). Праверана 1 сакавіка 2025.
- ↑ На полях под Гродно комбайнеры работают в вышиванках (руск.) . belta.by (30 ліпеня 2018). Праверана 1 сакавіка 2025.
- ↑ Вышымайцы 5 гадоў. Вялікі фэстываль у «Пясочніцы». ФОТА . Радыё Свабода (24 жніўня 2019). Праверана 1 сакавіка 2025.
- ↑ «Лепрыконсы» памянялі піянерскія гальштукі на вышыванкі ФОТАФАКТ . Наша Ніва (22 лістапада 2014). Праверана 1 сакавіка 2025.
- ↑ Гоша Куцэнка і іншыя акцёры з Масквы апрануліся ў Мінску ў вышымайкі (фота) | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm (25 верасня 2015). Праверана 1 сакавіка 2025.
- ↑ Александр Лукашенко и Коля косят траву в вышимайках (руск.). Наша Ніва (29 мая 2016). Праверана 1 сакавіка 2025.
- ↑ Фота: беларускія алімпійцы ў вышымайках у Рыа | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm (9 жніўня 2016). Праверана 1 сакавіка 2025.
- ↑ Макей апрануў дыпляматаў у «вышымайкі». Фотафакт . Радыё Свабода. Праверана 1 сакавіка 2025.
- ↑ Мінскае «Дынама» выйшла на поле ў вышымайках ФОТА . Наша Ніва (2 ліпеня 2017). Праверана 1 сакавіка 2025.
- ↑ У вышымайкі з’явілася сястра — выцімайка ФОТА . Наша Ніва (4 красавіка 2015). Праверана 28 лютага 2025.
- ↑ Symbal.by прадставіў вышымайку са стразамі ФОТА . Наша Ніва (27 мая 2015). Праверана 28 лютага 2025.
- ↑ Студэнты БНТУ пачалі прадаваць «альтэрнатыўныя» вышымайкі ФОТА . Наша Ніва (13 жніўня 2015). Праверана 28 лютага 2025.
- ↑ Mark Formelle запускае продаж калекцыі з нацыянальным арнаментам ФОТЫ . Наша Ніва (29 сакавіка 2016). Праверана 28 лютага 2025.
- ↑ Аа. БРСМ зрабіў сваёй уніформай «вышымайкі» . Радыё Свабода (24 мая 2016). Праверана 28 лютага 2025.
- ↑ Фотафакт: Вышымайка для праграмістаў ад Цэслера | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm (2 чэрвеня 2016). Праверана 28 лютага 2025.
- ↑ Цеслер представил "вышимайку" для белорусских айтишников (руск.) . belta.by (2 чэрвеня 2016). Праверана 28 лютага 2025.
- ↑ Гомельская фабрыка «8 сакавіка» выпусціла серыю дызайнерскіх «вышымаек» . Новы Час (13 ліпеня 2016). Праверана 28 лютага 2025.
- ↑ Як прыдаць паўсядзённаму адзенню нацыянальны каларыт (руск.)(недаступная спасылка). zviazda.by (4 мая 2016). Архівавана з першакрыніцы 8 верасня 2020. Праверана 28 лютага 2025.
- ↑ Будзьма беларусамі! » Ці робіць вышыванка-“вышымайка” беларусам? . budzma.org. Праверана 28 лютага 2025.
- ↑ Будзьма беларусамі! » Юлія Чынвяокву: Беларускі нацыянальны касцюм можна стварыць проста цяпер! . budzma.org. Праверана 28 лютага 2025.
- ↑ Будзьма беларусамі! » Стыль як фактар ідэнтычнасці (Частка 5, заключная) . budzma.org. Праверана 28 лютага 2025.
- ↑ Будзьма беларусамі! » Аляксандр Дзешкавец: “Усё беларускае пры першай жа магчымасці непазбежна пачынае прабівацца праз асфальт” . budzma.org. Праверана 28 лютага 2025.
- ↑ Студзінская, Іна. Павал Белавус: Праз вышымайку людзі пачалі цягнуцца і да сапраўднай вышыванкі . Радыё Свабода (3 студзеня 2015). Праверана 28 лютага 2025.
- ↑ Белорусская вышимайка: это не о политике? – DW – 22.06.2016 (руск.). dw.com. Праверана 2 сакавіка 2025.
- ↑ Будзьма беларусамі! » Ці робіць вышыванка-“вышымайка” беларусам? . budzma.org. Праверана 2 сакавіка 2025.
- ↑ Будзьма беларусамі! » Ці робіць вышыванка-“вышымайка” беларусам? . budzma.org. Праверана 2 сакавіка 2025.
- ↑ Алена Ляшкевіч: Немагчыма адзін дзень пісаць пра палітыку, а наступны – пра традыцыйную культуру . Беларуская асацыяцыя журналістаў (27 сакавіка 2016). Праверана 2 сакавіка 2025.