Перайсці да зместу

Вялікае Герцагства Тасканскае

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная дзяржава
Вялікае Герцагства Тасканскае
італ.: Granducato di Toscana
лац.: Magnus Ducatus Tusciae
< 
< 
< 
 >
 >
27 жніўня 1569 — 1860

Сталіца Фларэнцыя
Афіцыйная мова італьянская мова
Грашовая адзінка Тасканская ліра[d] і Tuscan florin[d]
Насельніцтва
  • 1 096 641 чал. (1801)
Форма кіравання манархія
Дынастыя Медычы, Габсбургі
Вялікі герцаг
 • 1569—1574 Казіма I
 • 1824—1859 Леапольд II
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Вялікае Герцагства Тасканскае (італ.: Granducato di Toscana, лац.: Magnus Ducatus Tusciae) — дзяржава, якая існавала ў цэнтральнай Італіі з 1569 па 1859 год.

Узнікла ў выніку экспансіі Фларэнтыйскага герцагства (якое замяніла ў 1532 годзе Фларэнтыйскую рэспубліку): у 1557 годзе сусед і даўні супернік Фларэнцыі Сіенская рэспубліка перайшла пад уладу герцагаў Медычы. Вялікае герцагства займала большую частку сучаснага італьянскага рэгіёну Таскана, за выключэннем паўночных зямель маркізата Маса, княства Карара і рэспублікі (а пазней герцагства) Лука. Сталіцай вялікага герцагства была Фларэнцыя.

Першым вялікім герцагам быў Казіма I з дынастыі Медычы. Яго нашчадкі кіравалі там да згасання дынастыі ў 1737 годзе. Тады вялікае герцагства атрымаў у спадчыну Франц Стэфан, герцаг Латарынгіі і зяць імператара Карла VI. Такім чынам у вялікім герцагстве запанавалі Габсбургі.

Касіма І

Вялікае герцагства распалася на перыяд з 1801 па 1815 год у выніку напалеонаўскіх войнаў. У 1801 годзе па Аранхуэсскай дамове на яго тэрыторыі было створана каралеўства Этрурыя, у 1808 яно было зроблена французскай правінцыяй. У 1809 годзе сястра Напалеона Эліза была прызначаная штатгальтэршай у Этрурыі з тытулам вялікай герцагіні Тасканскай. У 1814 годзе Таскана была вернутая вялікаму герцагу Фердынанду III.

Фердынанд III далучыўся да палітычнай сістэмы Аўстрыі і ў 1815 г. заключыў з ёй дамову, па якой у выпадку вайны тасканскія войскі павінны былі знаходзіцца ў распараджэнні аўстрыйскага галоўнакамандуючага. Фердынанду ΙΙI у 1824 годзе успадкаваў яго сын Леапольд II. Калі ў 1840-х гадах у Італіі ўзмацніўся нацыянальны рух і імкненне да рэформаў, урад Леапольда II першапачаткова імкнуўся задаволіць наспеўшыя грамадскія патрэбы. Ён адхіліў прапанову Аўстрыі аб ваенным умяшанні і ў 1847 годзе абяцаў ліберальныя рэформы. У тым жа годзе, пасля адрачэння ад прастола Карла II, герцага Лукі, Лука са сваёй вобласцю была далучана да Тасканы. Наўзамен гэтага набыцця Таскана, згодна з дагаворамі 1817 і 1844 гадоў, саступіла акругу Пантрэмолі герцагству Парме, а акругу Фівіццана — герцагству Модэне. 15 лютага 1848 года Леапольд II, па прыкладу неапалітанскага караля, дараваў Таскане канстытуцыю. У гэты час у Ламбардыі ўспыхнула паўстанне супраць аўстрыйскага валадарства; тасканскія войскі таксама выступілі супраць Аўстрыі, і Леапольд II склаў з сябе тытул аўстрыйскага эрцгерцага.

Апошні вялікі герцаг Тасканскі Леапольд II

У чэрвені 1848 года былі адкрыты сенат і палата дэпутатаў. Урад, на чале якога стаялі спачатку маркіз Рыдольфі, потым маркіз Капоні, аказаўся не ў сілах спыніць разгаранне рэвалюцыйнага руху, правадыром якога быў Гвераці. Калі ў кастрычніку Капоні выйшаў у адстаўку, Леапольд заклікаў у склад урада прадстаўнікоў радыкалізму. Сярод міністраў былі Мантанэлі, Гвераці і Мацоні. У троннай прамове 10 студзеня 1849 года Леапольд II абяцаў аднаўленне нацыянальнай вайны з Аўстрыяй і скліканне ў Фларэнцыі ўстаноўчага сходу для вырашэння пытання аб палітычным пераўтварэнні ўсёй Італіі.

Сам Леапольд II, аднак, быў праціўнікам сваіх новых міністраў, 21 лютага ён пакінуў Фларэнцыю і збег у крэпасць Гаэту. У Фларэнцыі быў устаноўлены часовы ўрад трыумвірата: Мантанэлі, Мацоні і Гвераці і скліканы ўстаноўчы сход на чале з Гвераці. У красавіку 1849 года ўмераная ліберальная партыя зладзіла ў Фларэнцыі контррэвалюцыю: Гвераці і яго прыхільнікі былі арыштаваныя, устаноўчы сход распушчаны. Фларэнтыйскі магістрат, захапіўшы ў свае рукі ўладу, запрасіў вялікага герцага вярнуцца і кіраваць краінай у духу выдадзенай ім канстытуцыі. Леапольд II прызначыў новае міністэрства з Бальдасероні. У верасні 1850 г. дзеянне канстытуцыі было прыпынена, а ў маі 1852 яна была зусім адменена. З папскай курыяй быў заключаны канкардат, у сілу якога каталіцкае духавенства атрымала неабмежаваную свабоду пераследаваць усе праявы пратэстанцтва. Перад вайной, у 1859 годзе Леапольд II распачаў падарожжа ў Рым і Неапаль і дамовіўся з папам і каралём Фердынандам II стаць на баку Аўстрыі. Між тым у Фларэнцыі пачаўся нацыянальны рух, і Леапольд II адышоў у Аўстрыю і адрокся ад прастола на карысць свайго сына Фердынанда IV.

На тэрыторыі Тасканы, герцагстваў Модэнскага і Пармскага ўтварылася пра-сардзінская дзяржава, якая атрымала назву Аб’яднаныя правінцыі Цэнтральнай Італіі. Часовы ўрад прапанаваў сардзінскаму каралю Віктару Эмануілу II дыктатуру, той адхіліў гэтую прапанову, але пагадзіўся ўзяць Таскану на час вайны пад сваю абарону і прызначыў Банкампаньі сваім генеральным камісарам. Апошні ўтварыў міністэрства на чале з Рыказолі і склікаў савет (кансульту). Нацыянальны сход аднагалосна прагаласаваў за далучэнне да Сардзінскага каралеўства. Услед за гэтым дэкрэт 22 сакавіка 1860 года абвясціў аб далучэнні Тасканы да Сардзінскага каралеўства. Вялікае герцагства Тасканскае афіцыйна спыніла сваё існаванне.