Віктар Юзафавіч Янчэўскі
Віктар Юзафавіч Янчэўскі | |
---|---|
польск.: Wiktor Janczewski | |
![]() | |
Дата нараджэння | 1858 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | не раней за 1922 |
Грамадзянства | |
Адукацыя | |
Партыя | |
Род дзейнасці | адвакат, палітык |
![]() |
Віктар Юзафавіч Янчэўскі (1858, Магілёўская губерня — не раней за 1922) — польскі землеўдалальнік і палітык, дэпутат Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі І склікання ад Мінскай губерні.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў Магілёўскай губерні[1]. Выпускнік гімназіі ў горадзе Ялец Арлоўскай губерні, якую скончыў з залатым медалём. Затым скончыў юрыдычны факультэт Кіеўскага універсітэта са ступенню кандыдата права. З 1883 г. пераехаў у Мінск, дзе служыў прысяжным павераным.
З 1892 г. гласны, пазней старшыня Мінскай гарадской думы. Быў ініцыятарам праектаў па ўраўнаванні правоў польскай і яўрэйскай моў з рускай, па ўстанаўленні ў Мінску ўніверсітэта і рамеснага вучылішча. Адзін з арганізатараў Мінскага гарадскога крэдытнага таварыства, старшыня яго назіральнага камітэта. Быў ініцыятарам заснавання ў Мінску публічнай бібліятэкі, вылучыў на гэта ўласныя сродкі. Перадаў бібліятэцы ў дар каля 1600 тамоў розных твораў на розных мовах[2]. Кіраваў дзейнасцю шэрагу мінскіх гарадскіх камісій.
Падчас рэвалюцыі 1905—1907 гг. узначаліў камісію ў складзе 9 чалавек для падрыхтоўкі петыцыі на імя імператара Мікалая ІІ з прапановамі аб удасканаленні дзяржаўнага ладу Расійскай імперыі, якая пачала дзейнічаць 28 лютага 1905 г. На працягу сакавіка 1905 г. камісія правяла некалькі пасяджэнняў, аднак у далейшым яе праца была спынена паводле рашэння губернскіх уладаў. 6-8 ліпеня 1905 г. прадстаўляў Мінск на усерасійскім з’ездзе земскіх і гарадскіх органаў самакіравання ў Маскве, працаваў у камісіях па ўскраінным пытанні, па пытанні аб выпрацоўцы праекта выбарчага закона. Увайшоў у склад Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі народнай свабоды, у красавіку 1905 г. арганізаваў і узначаліў аддзяленне партыі ў Мінску.
14 красавіка 1906 г. абраны ў Дзяржаўную думу I склікання ад агульнага складу выбаршчыкаў Мінскага губернскага выбарчага сходу. Уваходзіў у канстытуцыйна-дэмакратычную фракцыю і ў Краёвае кола Літвы і Русі. Уваходзіў у камісію па выкананні дзяржаўнага роспісу даходаў і выдаткаў. Удзельнічаў у дэбатах па законапраекце «Аб недатыкальнасці асобы». Пакінуў свой подпіс пад «Выбаргскай адозвай», выдадзенай 9 (22) ліпеня 1906 г. шэрагам дэпутатаў у знак пратэсту супраць пасля разгону І Дзяржаўнай думы, у якой грамадства заклікалася да пасіўнага супраціўлення царскай уладзе (адмова ад выплаты падаткаў, выканання вайсковай павіннасці).
Падчас Першай сусветнай вайны намеснік старшыні Мінскага Саюза гарадоў[3]. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года абраны членам Мінскага камітэта грамадскай бяспекі, адыграў вялікую ролю ў стварэнні міліцыі горада, для чаго часта сустракаўся з яе кіраўніком М. В. Фрунзе[4]. 12-15 жніўня 1917 года ўдзельнічаў у працы Дзяржаўнай нарады ў Маскве. У 1919—1920 гады быў членам Мінскага аддзела польска-беларускага таварыства[4]. Далейшы лёс і дата смерці невядомыя.
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]Захаваўся дакумент, што 7 чэрвеня 1891 года Янчэўскі звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу з просьбай аб прадастаўленні яму зямельнага ўчастка для будаўніцтва двухпавярховага каменнага будынка па фасадзе на 8 вокнаў па вуліцы Петрапаўлаўскай (цяпер вуліца Энгельса). Менавіта ў былым асабняку Янчэўскага знаходзілася рэзідэнцыя генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. У 1976 годзе спусцелы асабняк быў узарваны[4].
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Боиович М. М. Члены Государственной думы (Портреты и биографии). Первый созыв. — М., 1906. — С. 177.
- Первая Государственная Дума. Алфавитный список и подробные биографии и характеристики членов Государственной Думы. — М.: Тип. Товарищества И. Д. Сытина, 1906. — 175 с.
- Государственная дума Российской империи: 1906—1917 / Б. Ю. Иванов, А. А. Комзолова, И. С. Ряховская. — Москва: РОССПЭН, 2008. — C. 725.
- Posłowie polscy w parlamencie rosyjskim 1906—1917 : słownik biograficzny / Cz. Brzoza, K. Stepan. — Warszawa: Wydawnictwo Sejmowe, 2001.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Д. С. ЛАВРИНОВИЧ. КОНСТИТУЦИОННЫЕ ДЕМОКРАТЫ В МИНСКОЙ ГУБЕРНИИ (1905–1917 гг.) // ВЕСТНИК ПОЛОЦКОГО ГОСУДАРСТВЕННОГО УНИВЕРСИТЕТА. Серия А. 2009. No 7 . Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2015. Праверана 18 мая 2015.
- ↑ Шибеко З. В., Шибеко С. Ф.. Старые Минские адреса. // Крыніца: Минск. Страницы жизни дореволюционного города. Минск, 1990. . Архівавана з першакрыніцы 16 красавіка 2015. Праверана 18 мая 2015.
- ↑ Бондаренко Вячеслав. «Здесь газы и огонь - там золото, бриллианты...»: тыловой быт Белоруси времён Великой войны 1918-14 гг. . Архівавана з першакрыніцы 9 жніўня 2014. Праверана 18 мая 2015.
- ↑ а б в Олег Усачев. Особняк Виктора Янчевского . Архівавана з першакрыніцы 24 лістапада 2012. Праверана 18 мая 2015.