Перайсці да зместу

Вілайнэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Латгальскае ўпрыгожанае вілайнэ. Рэканструкцыя па знаходках археалагічных раскопак у Карлі-Айнаве (XII стагоддзе). Воўна, латунь. Экспазіцыя Латвійскага нацыянальнага гістарычнага музея  (руск.)

Вілайнэ — прамавугольная няшытая наплечная коўдра  (лат.) з шарсцяной або ільняной тканіны, частка нацыянальнага касцюма латышоў і ліваў. Археалагічныя матэрыялы сведчаць, што вілайнэ насілі вельмі даўно, але простыя знаходкі датуюцца VII стагоддзем[1]. У народным касцюме вілайнэ могуць быць упрыгожаны вышыўкай, а могуць быць без упрыгажэнняў. Па археалагічных знаходках вядома, што іх маглі абшываць металічнымі кольцамі і спіралямі. Па колеры маглі быць белымі, сінімі, зялёнымі, шэрымі або клятчастымі залежна ад рэгіёна і перыяду[2].

Традыцыйна ў латышскім народным строі вілайнэ накідваецца на абодва пляча. За выключэннем Паўднёвага Курземе, дзе ў Руцаве іх насілі на адной руцэ, а ў Ніцы і Барце  (руск.) іх насілі на адным плячы.

У беларускім касцюме

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле археалагічных звестак акрамя іншых відаў жаночай вопраткі на беларускіх землях у X — XIII стагоддзях вясковае насельніцтва насіла і вілайнэ[3]. Хутчэй за ўсё, гэты элемент адзення з’явіўся ў беларусаў у выніку ўзаемадзеяння з народамі ўзбярэжжа Балтыйскага мора[4]. Нягледзячы на тое, што суседнія народы (літоўцы, латышы, эстонцы) шырока выкарыстоўвалі такія шарсцяныя пакрывалы з VII да пачатку XX стагоддзя[5], у больш позні час на тэрыторыі Беларусі лексема «вілайнэ» не сустракаецца[4]. Няма звестак і пра іх выкарыстанне ў комплексе адзення. Магчыма, наплечныя пакрывалы ў сялянак паступова трансфарміраваліся ў іншыя віды вопраткі ці ў больш познія часы замяняліся вялікімі абхіннымі хусткамі, якія часам выконвалі ролю верхняй вопраткі да сярэдзіны XX стагоддзя[4].

У латышскай міфалогіі  (руск.) вілайнэ лічыцца сімвалам неба, бо калісьці магло быць картай сузор’яў, а пляценне і павязванне вілайнэ з’яўляюцца сімвалічнымі касмаганічнымі дзеяннямі. Пакрыццё вілайнэ дае блаславенне і ўрадлівасць. Яны таксама згадваюцца як абавязковая частка пасагу багіні сонца Сауле  (руск.), а ў народных песнях апяваюцца Мара  (руск.) і Сауле, якія накрываюць зялёнымі вілайнэ дрэвы, і Дзіевас, які сваім шэрым або срэбным кажухом накрывае гаспадаркі і палі. З іншага боку, пакрыванне вілайнэ згадваецца ў народных песнях у сувязі з пасыпаннем срэбрам, якое магло быць малітвай да нябесных бостваў пасля ападкаў (напрыклад, дажджу ці снегу) або прынашэннем попелу  (руск.)[6].

  1. Maruta Grasmane. Latviesu tautas terpi, raksti, izšūšana. — 2., papild. izd. — Rīga: Senā Klēts, 2013. — 295 с. — ISBN 978-9984-49-845-4.
  2. Latviešu tradicionālais tautastērps un tā valkāšanas tradīcijas / Aija Jansone. — Rīga: Nemateriālā Kultūras Mantojuma Valsts Ag̕entūra, 2009. — 63 с. — ISBN 978-9934-8035-8-1.
  3. Касцюм жыхароў Беларусі Х―XIII стст. : (паводле археалагічных звестак) / Л. У. Дучыц; [навуковы рэдактар Г. В. Штыхаў] ; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі. — 3-е выд. — Мінск : Беларуская навука, 2005. — 78, [2] с. : іл. ; 22 см. — Бібліяграфія: с. 45―50. — 500 экз. — ISBN 985-08-0639-7. С. 34
  4. а б в Бялявіна, В. М. Беларускі касцюм / В. М. Бялявіна, Л. В. Ракава. — Мінск : Беларусь, 2017. — 463 с. : іл. ISBN 978-985-01-1241-5. С. 348
  5. Историко-этнографический атлас Прибалтики. Одежда /Ин-т этнологии и антропологии им. Н. Н. Миклухо-Маклая АН СССР / Брук С. И., Лаврентьева Л. Н. (гл. ред.), Слава М. К. и др. — Рига: Зинатне, 1986. — 173 с. С. 66
  6. Mitologijas enciklopedija: 2 sejumos. 2 / R. Akmentiņš. — 1. izd. — Rīgā: Latvijas Enciklopēdija, 1994. — 414 с. — ISBN 978-5-89960-044-9, 978-5-89960-046-3.