Перайсці да зместу

Віленская беларуская пілігрымка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Віленская пілігрымка — штогадовае рэлігійнае шэсце беларускіх пілігрымаў да Кальварыі пад Вільняй. Адбывалася кожны чэрвень працягам 1935—1940 гадоў на Тройцу.

Першая пілігрымка адбылася 2 чэрвеня 1935 году «[…] для таго, каб хрысьціяніну даць адпаведную магчымасьць тайніцы мукаў Збаўцы разважаць, шмат дзе на сьвеце на гэта празначаны, пасьвячаныя з адпаведнымі стацыямі мясцы, якія завуцца Кальварыяй. У нас гэткая Кальварыя знаходзіцца пад Вільняй. У гэту Віленскую Кальварыю […] йшлі і ідуць каталікі нашага краю, часта ў вялікіх працэсіях і пелігрымках, каб там, праз колькі гадзін абходзячы стацыі, прыпамінаючыя галоўныя здарэньні мукі Хрыстуса, разважаць іх і маліцца».[1]

Паколькі малітвы ў Кальварыі прамаўляліся польскай мовай, і малітоўнікі былі таксама па-польску, то таму «як толькі пачалося адраджэньне беларускага народу, беларусы каталікі заўсёды думалі аб тым, каб […] і ў кальварыйскіх пелігрымках карыстацца роднай мовай нашага народу, мовай беларускай. Думка арганізаваць беларускую каталіцкую пелігрымку ў Кальварыю паўстала гадоў таму дзесятак. Паходзіць яна ад кс. В. Гадлеўскага».[2]

Першую пілігрымку зарганізаваў Беларускі Касьцёльны Камітэт у Вільні. Паперад былі апублікаваныя паведамленьні ў беларускай прэсе.[3] Апрача таго была выдадзена кніжачка «Успамін з Кальварыі» з пералікам стацый, малітвамі і набожнымі песнямі.

У першай пілігрымцы ўдзельнічала да 300 чалавек, у тым ліку з Ляхавічаў (Баранавіцкі павет), Жадзішак (Вялейскі павет), Ключанаў, з-пад Свіра (Свянцянскі павет), з-пад Табарышак[4] і Кены, з-пад Барадзеніч (Браслаўскага павету) і з Ашмяншчыны.

Збор адбыўся 2 чэрвеня а 8-й ранку ў касцёле св. Мікалая. Пасля імшы і прамовы кс. Адама Станкевіча працэсія з ім на чале а 9-й гадзіне накіравалася ў Кальварыю, дзе да яе далучыўся кс. Вінцэнт Гадлеўскі, ініцыятар беларускай пілігрымкі, які «павёў далей пелігрымку ўжо па кальварыйскіх стацыях». У канцы дарогі да працэсіі далучыўся кс. Станіслаў Глякоўскі. Па сканчэнні службы ў кальварыйскім касцёле спявалі беларускія рэлігійныя гімны: «О Божа, Спасе наш» і «Божа, што калісь народы…»[5]

Адразу пасля першай пілігрымкі 19 чэрвеня 1935 году адбылася малая пілігрымка кс. В. Шутовіча і Я. Тарасевіча, названая ў прэсе «другай пілігрымкай».[6]. Аднак далей другой была названая вялікая пілігрымка наступнага году, якая адбылася 7 чэрвеня 1936 году.[7] Перад пілігрымкай, 6 чэрвеня, быў урачыста адкрыты помнік на магілцы Казіміра Сваяка на Росах.

У гэты год таксама друкаваліся звароты да беларусаў-каталікоў, заклікаючы іх на абодва мерапрыемства.[8] Сама пілігрымка пачалася як і мінулы раз у касцёле св. Мікалая ўжо а 7-й ранку. Імшу адпраўляў кс. Адам Станкевіч. Прысутнічаў таксама кс. Дулінец з Пінскай дэцызіі. У прэсе адзначаныя групы пілігрымаў: Ключанская, Жодзішская, Адамчуцкая і Табарышская, Мядзведзіцка-Ляхавіцкая (з Баранавіцкага павету), Васілішская (Шчучынскі павет), Ашмянска-Смаргонская, Ваўкавыская і Віленская. Усяго ўдзельнічала ў пілігрымцы больш за 500 чалавек.

Ужо ў апісаннях другой пілігрымкі падкрэслена групавое фатаграфаванне пілігрымаў:

Урэшце стацыі абыйдзены ўсе […] Але тут не да адпачынку. Пачынаецца фатаграфія: сьпярша супольная, а пасьля розных паасобных групаў. Роль фатографа поўніць др. Ст. Грынкевіч, увіхаючыся з апаратам ад пачатку працэсіі аж да яе заканчэньня і разыходу.

Biełaruskaja pilihrymka. Białaruskaja Krynica, 1936, 10 červienia, Nr. 28 (669). Str. 2.

Трэцяя пілігрымка адбылася 6 чэрвеня 1937 году. Яна пачалася з імшы і казання кс. Язэпа Германовіча, які кіраваў той год пілігрыкай. Дапамагалі таксама кс. Адам Станкевіч і ўніяцкі святар Вацлаў Аношка. У 8.30 гадз. працэсія накіравалася праз горад у бок Кальварыі. Удзельнічала да 400 асобаў з 19 мясцінаў апрача Вільні: Свір, Гадуцішкі, Дукшты, Ключаны (Свянцянскага павету), Кена, Лаварышкі, Табарышкі, Тургелі, Малыя-Салечнікі, Жодзішкі, Данюшава (Вялейскага павету), Смаргонь, Куцевічы, Баруны (Ашмянскага павету), Суботнікі, Дзявенішкі (Валожынскага павету), Барадзенічы (Браслаўскага павету), Рэпля (Ваўкавыскага павету), Дзялятычы (Наваградзкага павету). Па сканчэнні вандроўкі быў зроблены групавы здымак «пад кальварыйскімі соснамі».

На гэты час віленскія пілігрымкі ўжо ўспрымаліся не як чыста рэлігійнае мерапрыемства, а як частка нацыянальнага руху, таму да чацвёртай пілігрымкі далучіліся ўжо не толькі каталікі і ўніяты, але былі запрошаныя і праваслаўныя. Чацвёртая пілігрымка была зладжаная на Тройцу і пачалася 12 чэрвеня 1938 году а 7-й ранку пад касцёлам св. Міхаіла. Падчас пілігрымкі святкавалі 25-годдзе святарства Віктара Шутовіча і Язэпа Германовіча. Імшу ў касцёле св. Мікалая адпраўляў Віктар Шутовіч, хорам дырыгаваў Адам Клімовіч, сярод арганізатараў быў Андрэй Цікота. Колькасць удзельнікаў працэсіі налічвала больш за 600 асобаў. Сярод іх былі кс. Адам Станкевіч, Міхайла Літовец. Абход Крыжовай Дарогі трываў каля чатырох гадзінаў. «Тады пачалася фатаграфія. Кожная група фатаграфавалася асобна, бо кожная жадала мець ня толькі агульную фатаграфію, але так-жа й сваю ўласную. Фатаграаваў Ст. Грынкевіч, які папрацаваў дзеля гэтага нямала.»[9]

Памятнае фатаграфаванне ладзілася на кожнай пілігрымцы. Групавыя здымкі прадавалі ў рэдакцыі «Хрысьціянскай Думкі» па 15 грошаў за асобнік.[10]

Пятая Віленская пілігрымка адбылася зноў на Тройцу 4 чэрвеня 1939 году, на ёй святкавалася 950-годдзе хрысціянства ў Беларусі. Агулам на працэсію сабралося каля 800 асобаў. Як і раней, удзельнічалі ксяндзы В. Шутовіч, Ст. Глякоўскі, В. Гадлеўскі. Апрача іншых груп у пілігрымцы бралі ўдзел беларускія скаўты і скаўткі.[11]

Шостая і апошняя Беларуская віленская пілігрымка адбылася 2 чэрвеня 1940 году. Як і раней яна пачалася з набажэнства ў касцёле св. Мікалая. Колькасць удзельнікаў ацэньвалася ў 300 асобаў. Пры канцы ладзіліся ўжо традыцыйныя групавыя фатаграфаваньні. [12]

  • Naša pieršaja Kalwaryja. Chryściajanskaja Dumka. 1935, čerwień. Nr. 6 (108), str. 1-2.
  • Da Biełarusaŭ katalukoŭ! Białaruskaja Krynica. 1936, 31 traŭnia. Nr. 27 (668). Str. 4.
  • Biełaruskaja pilihrymka. Białaruskaja Krynica, 1936, 10 červienia, Nr. 28 (669). Str. 2.
  • Pakłon Kazimieru Swajaku i Kalwaryja. Chryścijanskaja dumka. 1936, čerwień. Nr. 6 (120). Str. 1-2.
  • Paśla Kalwaryji. Chryścijanskaja Dumka. 1937, 20 čerwienia. Nr. 12 (138). Str. 1-3.
  • U Kalvaryju!.. Chryścijanskaja Duymka. 1938, 20 traŭnia, Nr.15 (163). Str. 1.
  • Kalvaryja i pravasłaunyja. Chryścianskaia Dumka. 1938, 1 červienia, Nr. 16 (164). Str.1.
  • U niadzielu 12.VI.38 na śv. Trojcu ŭsie ŭ Kalvaruju!. Chryścijanskaja Dumka. 1938, 10 červienia, Nr. 17 (165). Str. 8.
  • Niezabytyja časiny (Paśla Biełaruskaj Pilihrymki ŭ Kalvaryju). Chryścijanskaja Dumka. 1938, 20 červienia, Nr. 18 (166). Str. 1.
  • Fatahrafii z Biełaruskaj Pilihrymki ŭ Kalvaryju. Chryścijanskaja Dumka. 1938, 20 červienia, Nr. 18 (166). Str. 8.
  • Biełaruskaja Pilihrymka ŭ Kalvaryi (u 950-yja ŭhodki Chryścijanstva ŭ Biełarusi). Chryścijanskaja Dumka. 1939, 10 červienia. Nr. 18 (202). Str. 1.
  • K.M. Paśla Kalvaryi (zaciemki i uražańni). Krynica, 1940, 7 červienia, Nr. 45 (754). Str. 1.

У архіве Віленскага Беларускага Музэя захоўваюцца здымкі зь пілігрымак розных гадоў са збораў Аляксея Анішчыка й Міраславы Русак:

  1. Naša pieršaja Kalwaryja. Chryściajanskaja Dumka. 1935, čerwień. Nr. 6 (108). Str. 1-2.
  2. Naša pieršaja Kalwaryja. Chryściajanskaja Dumka. 1935, čerwień. Nr. 6 (108). Str. 1-2.
  3. Da Biełarusaŭ katalukoŭ! Białaruskaja Krynica. 1936, 31 traŭnia. Nr. 27 (668). Str. 4.
  4. Jarmałkowič, J. List u redakciju [Падзяка арганізатарам ад Табарыскай парафіі]. Chryścijanskaja Dumka, 1935, lipień, Nr. 7 (109). Str. 7.
  5. Naša pieršaja Kalwaryja. Chryściajanskaja Dumka. 1935, čerwień. Nr. 6 (108), str. 1-2.
  6. Druhaja pilihrymka ŭ Kalwaryju. Chryścijanskaja dumka. 1935, lipień, Nr. 7 (109). Str. 8.
  7. Pakłon Kazimieru Swajaku i Kalwaryja. Chryścijanskaja dumka. 1936, čerwień. Nr. 6 (120). Str. 1-2.
  8. Da Biełarusaŭ katalukoŭ! Białaruskaja Krynica. 1936, 31 traŭnia. Nr. 27 (668). Str. 4.
  9. Niezabytyja časiny (Paśla Biełaruskaj Pilihrymki u Kalvaryju). Chryścijanskaja Dumka. 1938, 20 červienia, Nr. 18 (166). Str. 1.
  10. Fatahrafii z Biełaruskaj Pilihrymki u Kalvaryju. Chryścijanskaja Dumka. 1938, 20 červienia, Nr. 18 (166). Str. 8.
  11. Biełaruskaja Pilihrymka u Kalvaryi (u 950-yja uhodki Chryścijanstva u Biełarusi). Chryścijanskaja Dumka. 10 červienia 1939. Nr. 18 (202). Str. 1.
  12. K.M. Paśla Kalvaryi (zaciemki i uražańni). Krynica, 7 červienia 1940, Nr. 45 (754). Str. 1.