Віталь Уладзіміравіч Сушчынскі
Віталь Уладзіміравіч Сушчынскі | |
---|---|
![]() | |
Род дзейнасці | лётчык |
Дата нараджэння | 1 чэрвеня 1890 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 8 кастрычніка 1938 (48 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Прыналежнасць | Расійская імперыя |
Віталь Уладзіміравіч Сушчынскі (1 чэрвеня 1890, Галдобуршчына, Магілёўская губерня, Расійская імперыя — 8 кастрычніка 1938, Архангельск, РСФСР) — беларускі і савецкі лётчык, удзельнік Першай сусветнай вайны і Грамадзянскай вайны, першаадкрывальнік паветраных трас у Ненецкай нацыянальнай акрузе РСФСР, ахвяра сталінскіх рэпрэсій.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 1 чэрвеня 1890 года ў в. Галдобуршчына (ліквідаваны пасёлак ў Галоўчынскім сельсавеце Бялыніцкага раёна) ў сям'і святара. Па нацыянальнасці беларус. Вучыўся ў рэальным вучылішчы ў горадзе Магілёве. Скончыў механіка-тэхнічнае вучылішча ў горадзе Вязнікі 1910 годзе, працаваў токарам па метале ў механічным цэху марскога порта ва Уладзівастоку ў 1911 годзе.
У 1911 годзе пачаў кар’еру ў авіяцыі як вучань-пілот і авіямеханік. Скончыў Далёкаўсходнюю аэраклубную школу. З пачаткам Першай сусветнай вайны добраахвотна пайшоў на фронт. Прайшоў курсы авіяцыі пры Петраградскім політэхнічным інстытуце. Быў лётчыкам-разведчыкам на Заходнім фронце і інструктарам Севастопальскай ваеннай авіяшколы. Узнагароджаны чатырма Георгіеўскімі крыжамі[1].
Падчас Грамадзянскай вайны ваяваў на баку Чырвонай Арміі, служыў камандзірам авіяатрада ў Сібіры, удзельнічаў у дзеяннях партызанскіх атрадаў Сяргея Лазо ў Забайкаллі. Апынуўся на тэрыторыі белых, патрапіў пад прымусовую мабілізацыю і таму некаторы час быў інструктарам авіяшколы ў арміі Калчака, але пасля наступу японскіх войск у 1920 годзе далучыўся да чырвоных[1].
У 1920-я гады працаваў на розных пасадах: электрамеханікам, шафёрам, слесарам ва Уладзівастоку і Харбіне, служыў лётчыкам у авіяатрадзе ў Сібіры. У 1924 годзе вярнуўся ў Магілёў, дзе працаваў авіяканструктарам і займаўся сельскай гаспадаркай у роднай вёсцы Галдабуршчыне[1].
У 1930 годзе падчас калектывізацыі быў арыштаваны як «вораг калгаснага руху» і сасланы на Поўнач тэрмінам на пяць гадоў[1][2]. Там працаваў у Архангельску і Кемі, пазней стаў лётчыкам у авіяатрадзе АДПУ.
З 1935 года жыў і працаваў у Нар’ян-Мары, дзе ўвайшоў у першы склад Ненецкай авіяцыі і праклаў 8 новых маршрутаў[3]. За два гады налётаў больш за 64 тысячы кіламетраў у складаных умовах Запаляр’я, выконваючы палёты паміж Нар’ян-Марам, Ухтой, Усць-Цільмай, Котласам, Салехардам і іншымі населенымі пунктамі.
Віталь Сушчынскі адкрыў новы паветраны маршрут Нар’ян-Мар — Мязень — Архангельск (люты 1936), даставіў першы санітарны самалёт з Архангельска ў Нар’ян-Мар (15 красавіка 1936). Разам з Самуілам Клябанавым адкрыў у Ненецкай акрузе восем новых паветраных ліній. Іхняя даўжыня — 2470 км, для гэтага яны здзейснілі болей за 260 вылетаў[4].
У 1937 годзе быў арыштаваны органамі НКУС СССР па абвінавачванні ў шпіянажы, шкодніцтве, контррэвалюцыйнай дзейнасці і развале авіяцыі. Расстраляны 8 кастрычніка 1938 года. Рэабілітаваны 2 лютага 1958[2].
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]Імем Віталя Сушчынскага ў 2011 годзе названа вуліца ў расійскім Нар’ян-Мары[5].
У 2025 годзе запланавана ўстаноўка бюста Сушчынскаму ў Нар’ян-Мары на алеі палярных лётчыкаў на тэрыторыі Старога аэрапорта[3].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г Суровцев С. В. Подвиги белорусских летчиков(руск.) // Актуальные вопросы образования и науки. — 2015. — № № 5—6 (51—52). — С. 9—10.
- ↑ а б Списки жертв . lists.memo.ru. Праверана 27 чэрвеня 2025.
- ↑ а б В Нарьян-Маре увековечат память лётчика Сущинского (руск.). Новости Нарьян-Мара сегодня – Последние события в НАО – Информационное агентство NAO24.RU. Праверана 28 чэрвеня 2025.
- ↑ Суровцев С. В. Подвиги белорусских летчиков (руск.) // Актуальные вопросы образования и науки. — 2015. — № № 5—6 (51—52). — С. 11.
- ↑ СОВЕТ ГОРОДСКОГО ОКРУГА "ГОРОД НАРЬЯН-МАР" 32-я сессия II созыва РЕШЕНИЕ от 28.06.2011 г. N 271-р О ПРИСВОЕНИИ НАЗВАНИЯ "ИМ. В.В.СУЩИНСКОГО" ВНОВЬ ОБРАЗОВАННОЙ УЛИЦЕ В ГОРОДЕ НАРЬЯН-МАРЕ. Актуально в 2019 году | ЗаконПрост! . www.zakonprost.ru. Праверана 27 чэрвеня 2025.