Вітольд Абрамовіч
Вітольд Абрамовіч | |
---|---|
![]() | |
Дата нараджэння | 28 жніўня 1874 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | не раней за 1940 |
Грамадзянства | |
Адукацыя |
|
Партыя | |
Род дзейнасці | палітык |
Узнагароды | |
![]() |
Вітольд Абрамовіч (польск.: Witold Abramowicz; 28 жніўня 1874, Калуга — не раней за 1940[1]) — польскі грамадскі і палітычны дзеяч з Віленшчыны, дэпутат Сойма Сярэдняй Літвы і Заканадаўчага Сойма Польскай Рэспублікі, дэпутат Сената Польскай Рэспублікі 2-га і 3-га склікання.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў Калузе ў сям’і суддзяў Яна і Марыі (у дзявоцтве Мрачкоўскай)[1]. Скончыў філалагічную гімназію ў Маскве[1], вывучаў матэматыку ў Санкт-Пецярбургскім і Маскоўскім універсітэтах, а таксама права ў Варшаўскім і Харкаўскім універсітэтах. Скончыў апошні ў 1898 г. Пасля вучобы працаваў юрысконсультам у чыгуначным упраўленні (у Вільні і ў Харкаве). З 16 лістапада 1899 г. жанаты з Вандзе Буднай[1].
З 1901 г. ён займаўся палітычнай дзейнасцю — быў членам Польскай сацыялістычнай партыі (ППС). Падчас рэвалюцыі 1905—1907 гг. і пасля яе належаў да дэмакратычна-ліберальнай плыні руху краёўцаў[2][3]. Пасля рэвалюцыі прымаў удзел у масонскім руху ў Вільні, належаў да ложаў «Лучнасць», «Літва», «Верны Літвін»[4]. У 1911 г. разам з братам Людвікам арганізаваў выданне штотыднёвай газеты «Przegląd Wileński», быў членам яе рэдакцыйнага камітэта ў 1911—1915 гг.[5]. Ва ўступным артыкуле дадзенага выдання ад 12 лістапада 1911 г. размясціў свой артыкул «Маладая Беларусь», у якім знаёміў чытачоў з гісторыяй беларускага нацыянальнага руху, падрабязна асвятляў дзейнасць «Нашай нівы», вітаў імкненне беларусаў «гаварыць пра ўласныя беды на роднай мове»[6]. У 1912 г. увайшоў у склад Часовага дэмакратычнага выбарчага камітэта, які спрабаваў аб’яднаць усе дэмакратычныя сілы Віленскай губерні на выбарах у IV Дзяржаўную Думу вакол кандыдатуры Браніслава Крыжаноўскага[7]. У 1913 г. быў абраны ў Віленскую гарадскую думу[8].
Пасля пачатку Першай сусветнай вайны падтрымліваў кантакты з польскімі незалежніцкімі арганізацыямі, выступаў за адраджэнне Рэчы Паспалітай у форме федэрацыі Польшчы з Беларуссю, Літвой і Ўкраінай[9]. У верасні 1915 г., пасля германскай акупацыі Вільні, увайшоў у склад Віленска-Ковенскага грамадзянскага камітэта[10], які прэтэндаваў на ролю агульнакраёвага прадстаўніцтва і ўключаў у свой склад прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцяў краю, аднак хутка распаўся праз нацыянальныя супярэчнасці. У 1916 г. увайшоў у склад Польскага камітэта ў Вільні, які паўстаў на аснове створанага яшчэ ў 1914 г. Польскага камітэта дапамогі ахвярам вайны і быў, з аднаго боку, дабрачыннай арганізацыяй, з другога, цэнтрам арганізацыі ўсіх польскіх грамадска-палітычных сіл Віленшчыны[11]. Падчас нямецка-савецкіх мірных перамоў у Брэсце падпісаў шэраг дакументаў у снежні 1917 — лютым 1918 гг. ад імя Аб’яднаных польскіх палітычных партый на Літве, адрасаваных германскім уладам, у якіх сцвярджалася права нацый на самавызначэнне і адстойвалася ідэя федэрацыі Польшчы і Літвы. У студзені — сакавіку 1918 г. удзельнічаў у складзе дэлегацыі Польскага камітэта з прадстаўнікамі Літоўскай Тарыбы, якія не прынеслі вынікаў, паколькі дзеячы літоўскага нацыянальнага руху стаялі ў гэты час на пазіцыях поўнай незалежнасці Літвы, што адлюстравалася ў акце 16 лютага 1918 г.[12]. У апошнія месяцы германскай акупацыі ў 1918 г. выдаваў у Вільні нелегальную газету «W Przededniu»[13].
Пасля сканчэння Першай сусветнай вайны і ва ўмовах вываду германскіх войскаў з акупаваных тэрыторый у снежні 1918 г. увайшоў у склад створанай польскімі грамадска-палітычнымі дзеячамі Нацыянальнай рады і Часовай урадавай камісіі ў Літве, што на мяжы 1918—1919 гг. прэтэндавалі на ўладу на Віленшчыне[14]. Пасля таго як у красавіку 1919 г. Вільня была занята польскімі войскамі, стаў бурмістрам горада. Працягваў падтрымліваць федэралістычную ідэю палітычнага ўладкавання земляў былой Рэчы Паспалітай[15].
Пасля паўстання на чале з генералам Люцыянам Жалігоўскім 9 кастрычніка 1920 г. увайшоў у склад Часовай кіруючай камісіі Сярэдняй Літвы і падпісаў яе зварот «Да народа Сярэдняй Літвы»[16][17][18]. 12 кастрычніка 1920 г. ён быў прызначаны Вярхоўным галоўнакамандуючым арміі Сярэдняй Літвы Люцыянам Жалігоўскім на пасаду дырэктара Дэпартамента ўнутраных спраў[19].
У студзені 1922 г. быў абраны дэпутатам Сойма Сярэдняй Літвы ад Польскага дэмакратычнага выбарчага камітэта. У сойме ўзначаліў фракцыю Дэмакратычнага клуба, у якая складалася з чатырох дэпутатаў. Члены дадзенай фракцыі падтрымлівалі ідэю далучэння Сярэдняй Літвы да Польшчы, але з захаваннем яе аўтаноміі[20]. Пасля аб’яднання Сярэдняй Літвы з Польскай Рэспублікай у 1922 г. стаў дэпутатам Устаноўчага сойма апошняй.
Выступаў за кампраміс з нацыянальнымі меншасцямі на паўночна-ўсходніх тэрыторыях Польскай Рэспублікі. Удзельнічаў у стварэнні Польска-беларускага таварыства ў 1924 г. з сядзібай у Вільні. Член Краёвага народнага аб’яднання літоўска-беларускіх земляў «Згуртаванне» з 1927 г.[21] Двойчы, у 1928 і 1930 гг., атрымліваў мандат сенатара 2-га і 3-га склікання ў парламенце Польскай Рэспублікі ад спісу Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам на Віленшчыне[22].
У 1930-я гг. стаў падтрымліваць апазіцыю. Крытыкаваў палітыку віленскага ваяводы Людвіка Бацянскага, які праводзіў актыўную палітыку паланізацыі. У 1938 г. заснаваў у Вільні Дэмакратычны клуб, а ў 1939 г. уступіў у Дэмакратычнае аб’яднанне[22].
Пасля таго, як савецкая армія захапіла ўсходнія тэрыторыі Польскай Рэспублікі, 25 верасня 1939 г. быў арыштаваны НКВД, утрымліваўся ў турме ў Вілейцы. 5 ліпеня 1940 г. быў асуджаны на 5 гадоў зняволення ў лагеры ў Салікамску Пермскай вобласці. Паводзе адных звестак, памёр 6 верасня 1940 г. у лагеры ў Свярдлоўскай вобласці, паводле іншых, апошні раз яго бачылі ў 1941 г.[23] Месца пахавання застаецца невядомым.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г Czy wiesz kto to jest? / red. S. Łoza. — Warszawa: Wydawnictwo Głównej Księgarni Wojskowej, 1938, s. 2.
- ↑ Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. 2001, p. 120.
- ↑ Pukszto A. 2006, p. 35.
- ↑ Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. 2001, p. 173-175, 204-205.
- ↑ Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. 2001, p. 178.
- ↑ Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. 2001, p. 258.
- ↑ Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. 2001, p. 192-193.
- ↑ Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. 2001, p. 212.
- ↑ Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. 2001, p. 227—233.
- ↑ Pukszto A. 2006, p. 21–22.
- ↑ Pukszto A. 2006, p. 38.
- ↑ Pukszto A. 2006, p. 47-48, 94.
- ↑ Pukszto A. 2006, p. 73.
- ↑ Pukszto A. 2006, p. 50-51.
- ↑ Pukszto A. 2006, p. 140—142.
- ↑ Do ludności Litwy Środkowej // Dziennik Urzędowy Tymczasowej Komisji Rządzącej ,Nr 1 z 17 listopada 1920, s. 1-2, Tymczasowa Komisja Rządząca.
- ↑ Odezwa rządu Litwy środkowej // Kurier Warszawski", Nr 296, z 25 października 1920, s. 1-2.
- ↑ Gierowska-Kałłaur J. Straż Kresowa wobec kwestii białoruskiej. Deklaracje i praktyka // Studia z Dziejów Rosji i Europy Środkowo-Wschodniej", XLIV, 2009, s. 32.
- ↑ Dekret no 2 Naczelnego dowódcy Wojsk Litwy Środkowej // Dziennik Urzędowy Tymczasowej Komisji Rządzącej, Nr 1, z 17 listopada 1920, s. 2. Tymczasowa Komisja Rządząca.
- ↑ Sejm Wileński 1922: przebieg posiedzeń według sprawozdań stenograficznych w opracowaniu kancelarji sejmowej. — Wilno: Wyd-wo Księgarni Józefa Zawadzkiego, 1922. — S. VII—VIII, XI.
- ↑ Wojtacki M. Krajowe Stronnictwo Ludowe Ziem Litewsko-Białoruskich «Zjednoczenie» i jego organ prasowy «Wioska» w kampanii wyborczej do Sejmu II kadencji (1928—1930) // Historia i Polityka, Nr 13(20), 2015, s. 132.
- ↑ а б Kto był kim w Drugiej Rzeczypospolitej, red. J. Majchrowski. — Warszawa: BGW, 1994. — S. 580.
- ↑ https://senat.edu.pl/historia/senat-rp-w-latach-1922-1939/senatorowie-ii-rp/senator/witold-abramowicz
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Смалянчук А. Ф. Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905—1907 гг.. — Гродна: Ратуша, 2000.
- Смалянчук А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г.. — Гродна: ГрДУ, 2001.
- J. Majchrowski (рэд.). Kto był kim w Drugiej Rzeczypospolitej. — Warszawa: BGW, 1994.
- A. Pukszto. Między stołecznością a partykularyzmem. Wielonarodowościowe społeczeństwo Wilna w latach 1915—1920. — Toruń: Adam Marszałek, 2006.
- Sejm Wileński 1922: przebieg posiedzeń według sprawozdań stenograficznych w opracowaniu kancelarji sejmowej. — Wilno: Wyd-wo Księgarni Józefa Zawadzkiego, 1922.