Галіцка-Валынскі летапіс
Галіцка-Валынскі летапіс | |
---|---|
![]() | |
Мова арыгінала | старажытнаруская мова і царкоўнаславянская мова |
Апублікаваны ў | Іпацьеўскі летапіс |
![]() |
Галіцка-Валынскі летапіс — трэцяя частка Іпацьеўскага летапісу, летапісны звод галіцка-валынскага паходжання (адсюль назва). Магчыма, што апошнія артыкулы, якія датычаць апошняй чвэрці 13 ст., пісаліся ў Турава-Пінскім княстве[заўв 1]. Звод ахоплівае падзеі ад пачатку да канца 13 ст. (дакладней, 1201—1292).
Летапіс удзяляе шмат увагі тагачасным падзеям у Панямонні: войнам з яцвягамі, літоўцамі, дамове групы літоўскіх князёў з валынянамі (1219) і пад.
Галіцка-Валынскі звод не меў уласнага падзелу на гадавыя запісы. Больш позняя разбіўка на гады аказалася недакладнай, і была выпраўлена М. Грушэўскім (1901).
Летапіс з'яўляецца самай каштоўнай першакрыніцай па дзяржаваўтварэнню ВКЛ, і адной з дзвюх асноўных першакрыніц на гэтую тэму (Гл. таксама: Лівонская старэйшая рыфмаваная хроніка).
Структура
[правіць | правіць зыходнік]Летапіс складаецца з дзвюх частак[1][2]. Першая з іх і найбольш вядомая — «Летапісец Данілы Галіцкага», створаны паміж 1256 і 1258 гадамі ў горадзе Холм пры мясцовай епіскапскай кафедры. Летапісец займае прыкладна дзве трэція ўсяго тэксту летапісу і прысвечаны дзейнасці князя Данілы Раманавіча. Твор вылучаецца свецкім характарам аповеду і адназвязнасцю матэрыялу (праз адсутнасць пагадовай разбіўкі, якая была зроблена пазней, верагодна, пры ўкладанні твора ў Іпацьеўскі збор). Прычынна-выніковы аповед, што змяніў традыцыйную для жанру летапісу пагадовую структуру, сведчыць пра разбурэнне рэлігійнага прынцыпу летапісання[заўв 2] і ўзнікненне на Русі новага тыпу гістарычнай прозы, набліжанага да заходнееўрапейскіх хронік.
Другой часткай Галіцка-Валынскага летапісу з'яўляецца так званы «Валынскі летапіс», створаны ў 90-х гадах XIII стагоддзя. Як і «Летапісец Данілы Галіцкага», ён не меў пагадовай структуры, аднак выкладанне ўсё ж падпарадкоўвалася храналагічнай паслядоўнасці падзей. «Валынскі летапіс», у адрозненне ад Летапісца, мае больш лакальны, рэгіянальна абмежаваны характар і вылучаецца лаканічнасцю апавядання.
Мастацкія асаблівасці
[правіць | правіць зыходнік]Стыль летапісу адметны маляўнічасцю, багаццем вобразна-паэтычнай мовы, выкарыстаннем метафар, параўнанняў, эмацыянальных воклічаў. Асаблівая ўвага надаецца апісанню бітваў, паходаў, зброі, што парадняе твор са свецкімі хронікамі заходнееўрапейскага тыпу.
Значэнне для беларускай гістарыяграфіі і літаратуры
[правіць | правіць зыходнік]У Галіцка-Валынскім летапісе змяшчаюцца каштоўныя звесткі пра гісторыю беларускіх гарадоў, такіх як Навагрудак, Гродна, Тураў, Пінск, Брэст, Ваўкавыск, Слонім, а таксама пра палітычныя падзеі ў Верхнім Панямонні і дзейнасць такіх дзеячаў, як Міндоўг, Войшалк і Трайдзень. Нягледзячы на падачу матэрыялу з пагляду інтарэсаў Галіцка-Валынскага княства, летапіс змог стварыць выразныя вобразы літоўска-беларускіх уладароў і ў цэлым аб'ектыўна адлюстраваць працэс фарміравання дзяржаўнасці літоўскага і беларускага народаў.
Летапіс стаў шырока вядомым беларускім кніжнікам у XV—XVI стагоддзях і паўплываў на стварэнне «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і «Хронікі Быхаўца». Форма і стыль апавядання Галіцка-Валынскага летапісу сталі ўзорам для «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх», складзенага каля 1430 года.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ На думку Дз. Ліхачова, А. Насонава.
- ↑ Традыцыйныя летапісы вядуць храналогію ад біблійнага стварэння свету, захоўваючы пагадовы характар пераліку падзей.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. — 2-е выд. — Жэшаў, 2000. — ISSN 1230-512X. С.9—11.
- Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў / Рэд.: В. А. Чамярыцкі. — 2-е выданне. — Мн.: Беларуская навука, 2007. — Т. 1. — С. 81—82.
- Галицко-Волынская летопись. Текст. Комментарий. Исследование / Сост. Н. Ф. Котляр, В. Ю. Франчук, А. Г. Плахонин; Под ред. Н. Ф. Котляра. — СПб: Алетейя, 2005. — 424 с. — (Славянская библиотека). — ISBN 5-89329-756-3.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Галіцка-Валынскі летапіс