Перайсьці да зьместу

Генадзь Кесьнер

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Генадзь Кесьнер
Род дзейнасьці журналіст, перакладчык
Дата нараджэньня 11 траўня 1971
Месца нараджэньня Менск, цяпер Беларусь
Дата сьмерці 2 сьнежня 2021
Месца сьмерці Менск, Беларусь
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак журналіст
Месца працы

Генадзь Кесьнер (11 траўня 1971, Менск — 2 сьнежня 2021, Менск) — беларускі журналіст, перакладчык, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х – пач. ХХІ ст.

Нарадзіўся ў працоўнай сям’і ў Менску.

Вучыўся на нямецкім аддзяленьні перакладчыцкага факультэту Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту замежных моваў (пазьней — Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт)[1]. У 1990-м студэнты Кесьнер і Вольга Калацкая ачолілі моладзевую суполку, якая падтрымала выкладчыкаў у імкненьні зьмяніць рэктарку Ніну Краснову, якая займала пасаду дваццаць гадоў і працягвала праводзіць палітыку «закручваньня гаек». Зварот у рэдакцыю маскоўскага тыднёвіка «Собеседник» падштурхнуў да абраньня на альтэрнатыўнай аснове новага рэктара[2].

У пачатку 1990-х працаваў у Беларускім дабрачынным фондзе «Дзецям Чарнобыля» пад кіраўніцтвам Генадзя Грушавога, зь якім пасябраваў.

На запрашэньне Жанны Літвіной пачаў супрацоўнічаць з радыёстанцыяй «Беларуская маладзёжная»[1]. Працаваў у штаце радыёстанцыі да моманту яе закрыцьця ўвесну 1994 году, напярэдадні першых прэзыдэнцкіх выбараў у гісторыі Беларусі.

Ад ліпеня 1995 году да жніўня 1996 году Кесьнер у складзе былой каманды «Беларускай маладзёжнай» рабіў прыватнае «Радыё 101,2 FM», якое ўлады Беларусі закрылі напярэдадні рэфэрэндуму[1].

Цягам чвэрці стагодзьдзя Генадзь Кесьнер супрацоўнічаў з беларускімі незалежнымі мэдыя. Ад 2005 да 2019 году быў карэспандэнтам Deutsche Welle, стаяў у вытокаў радыёпраграмы «Белорусская хроника»[3]. Быў карэспандэнтам «Радыё Рацыя», газэты «Новы Час» і іншых выданьняў. Сыстэматычна асьвятляў грамадзка-палітычныя працэсы ў Беларусі, праблемы правоў чалавека, нацыянальнага адраджэньня і беларускай культуры.

Генадзя Кесьнера называюць «адным зь першапраходцаў незалежнай радыёжурналістыкі ў Беларусі»[4]. Кесьнер «доўгія гады змагаўся за справядлівасьць і дэмакратычныя перамены ў Беларусі, за захаваньне і разьвіцьцё беларускай культуры і мовы»[3].

Ён быў сярод заснавальнікаў Беларускай асацыяцыі журналістаў (1995), у кіроўныя органы якой уваходзіў шмат год[5].

Генадзь Кесьнер некалькі апошніх год лячыўся ад анкалягічнага захворваньня, а памёр пасьля інфікаваньня каранавірусам[6]. Яго пахавалі на Заходніх могілках Менску[1].

  • Генадзь Кесьнер удзельнічаў у запісе культавага беларускага супольнага музычнага праекту «Народны Альбом» (1997), запіс якога адбываўся ў студыі «Радыё 101,2».
  • Прафэсійны перакладчык зь нямецкай мовы, Кесьнер у прыватнасьці сынхронна перакладаў на расейскую мову канцлерку Нямеччыны Ангелу Мэркель[5].
  • За распавядальніцкі талент у журналісцкай супольнасьці яго называлі «геніем гісторый»[7].


  1. ^ а б в г Гена Кеснер: «Новы Час» — маё апошняе месца працы». Новы Час (3.12.2021). Праверана 2025-05-06 г.
  2. ^ Уладзімер Арлоў. Генадзь Кесьнер // Імёны свабоды / рэд. Вольга Навумовіч. — 5-е выд. — Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2023. — С. 798―799. — 906 с. — (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). — ISBN 978-1-948784-01-6
  3. ^ а б Скончался бывший корреспондент DW в Беларуси Геннадий Кеснер. DW (2.12.2021). Праверана 2025-05-06 г.
  4. ^ Пасьля цяжкай хваробы пайшоў з жыцьця Генадзь Кесьнер. Разьвітаньне ў пятніцу. Беларуская асацыяцыя журналістаў (2.12.2021). Праверана 2025-05-06 г.
  5. ^ а б Памёр беларускі журналіст і сынхраніст Генадзь Кесьнер, які перакладаў Ангелу Мэркель. Радыё Свабода (2.12.2021). Праверана 2025-05-06 г.
  6. ^ Памёр журналіст Генадзь Кеснер. Наша Ніва (2.12.2021). Праверана 2025-05-06 г.
  7. ^ Гена Кеснер — геній гісторый. 12 прыколаў з жыцьця крутога журналіста. j4t (2.12.2022). Праверана 2025-05-06 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]