Перайсці да зместу

Гроднаграмадзянпраект

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Інстытут Гроднаграмадзянпраект»
Тып унітарнае прадпрыемства
Заснаванне 1944
Краіна
Размяшчэнне Беларусь Гродна
Галіна архітэктурнае праектаванне, горадабудаўніцтва
Прадукцыя праектна-каштарысная дакументацыя

«Інстытут Гроднаграмадзянпраект» — інстытут комплекснага праектавання грамадзянскага будаўніцтва ў Гродне. Займаецца горадабудаўніцтвам, праектаваннем жыллёва-грамадзянскіх аб’ектаў, распрацоўкай генеральных планаў і праектаў дэталёвага планавання населеных пунктаў. Размяшчаецца ў будынку па адрасе вуліца Дзяржынскага, 2/1.

21 ліпеня 1944 года былы кіраўнік перадваеннай праектна-каштарыснай групы Іосіф Валюда падпісаў загад № 1 аб аднаўленні арганізацыі і ўскладанні на сябе абавязкаў дырэктара. Афіцыйна філіял быў замацаваны загадам па інстытуце «Белдзяржпраект» № 46 ад 1 верасня 1944 года і атрымаў назву «Гродзенскі філіял Белдзяржпраекта»[1][2]. У пасляваенныя гады асноўнымі задачамі былі аднаўленне зруйнаваных будынкаў і распрацоўка першага генплана Гродна[1].

23 мая 1945 года філіял узначаліў Міхаіл Маліноўскі, які кіраваў ім 28 гадоў. Умовы працы былі складанымі: вялікі аб’ём заданняў, дэфіцыт кадраў і тэхнічных сродкаў. Калектыў у асноўным складаўся з ветэранаў вайны[1][2].

У 1950-я гады філіял распрацаваў праекты аднаўлення цэнтральных вуліц і плошчаў Гродна, у тым ліку Савецкай плошчы, вуліц Міру, Чырвонаармейскай, Парыжскай Камуны, Гагарына, а таксама планіроўку набярэжнай Нёмана[1][2].

К 1965 году колькасць супрацоўнікаў павялічылася з 41 да 188. Сфарміраваліся спецыялізаваныя аддзелы: архітэктурна-тэхнічны, сантэхнічны, электратэхнічны і іншыя[1]. Рост прамысловасці ў 1960-я гады выклікаў патрэбу ў новых жылых раёнах, што па маштабах перавышалі памеры старога горада. Філіял падрыхтаваў карэкціроўкі генеральных планаў Гродна, Ліды, Волкавыска, Ашмян, дэталёвы план цэнтра Слоніма, генпланы іншых раённых цэнтраў[1][2], а таксама праекты буйных аб’ектаў: абласную бальніцу, навучальныя і культурныя ўстановы. Значным напрамкам стала праектаванне жылых раёнаў Гродна («Фарты», «Пярэселка»)[1].

Пастановай Савета Міністраў БССР у 1975 годзе на базе філіяла быў створаны самастойны інстытут «Гроднаграмадзянпраект»[1][2]. У наступнае дзесяцігоддзе (1975—1985) аб’ём работ перавысіў паказчыкі папярэдніх трох дзесяцігоддзяў. Сярод аб’ектаў таго часу — забудова па вуліцы Горкага, мікрараёны «Прынёманскі-2» і «Прынёманскі-3», трохзальны кінатэатр, які атрымаў прэмію Савета Міністраў БССР[1], і гасцініцы «Турыст» і «Беларусь»[1][2].

У 1980-я гады інстытут распрацаваў праекты новых мікрараёнаў у паўночна-ўсходнім і паўднёва-ўсходнім сектарах горада — Дзевятоўкі і Вішняўца — што адзначыла пераход ад тыпавых да індывідуальных праектаў[1]. У 1984 годзе быў створаны аддзел аўтаматызацыі праектных работ, які стаў адным з вядучых у рэспубліцы[1].

Комплексным выпрабаваннем стала рэалізацыя ў 19921994 гадах праекта жылога гарадка для вайскоўцаў у Росі Ваўкавыскага раёна сумесна з нямецкай кампаніяй «ARGE BENОBA». У кароткія тэрміны былі спраектаваныя школа, дзіцячы сад, гандлёвы цэнтр, аптэка і поўны комплекс камунікацый. Праект атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь і прэмію імя У. А. Караля, а забудова была ўключана ў Міжнародную энцыклапедыю 1000 лепшых дасягненняў архітэктуры XX стагоддзя[1][2].

У 2001 годзе інстытут афіцыйна перайменаваны ў абласное ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут Гроднаграмадзянпраект». У 2002 годзе інстытут узначаліў Уладзімір Дзяшко, арганізацыя пачала трансфармацыю ў інжынірынгавую кампанію, якая сумяшчае функцыі заказчыка, праекціроўшчыка і генеральнага падрадчыка[1]. Інстытут рэалізаваў шэраг буйных аб’ектаў дарожна-транспартнага прызначэння: транспартную развязку па вуліцы Будзённага, рэканструкцыя гістарычнага моста цераз Нёман з падыходамі да яго[2].

У 2011—2012 гадах галоўным аб’ектам інстытута стала праектаванне і будаўніцтва ўнутрыгарадской кальцавой магістралі ў Гродна са збудаваннем трох пуцеправодаў і пешаходных мастоў[2].

З 2013 года дырэктарам працуе Вячаслаў Тарасевіч. Пад яго кіраўніцтвам былі завершаныя праекты будынка абласной філармоніі, цэнтральнай раённай бальніцы ў Астраўцы і іншых аб’ектаў АЭС, школы з басейнам у мікрараёне Паўднёвы-4 у Альшанцы, комплексу будынкаў ГрДУ імя Янкі Купалы па вуліцы Дубко, бальніцы ва ўрочышча Пышкі пад анкалагічны цэнтр, праекты рэстаўрацыі Каложскай царквы, і Старога замка ў Гродне[1].

Уздзеянне і ўзнагароды

[правіць | правіць зыходнік]

Інстытут — двойчы лаўрэат прэміі Урада Рэспублікі Беларусь у галіне якасці, шматразовы пераможца ў намінацыях «Аб’ект года», «Тэхналогія года», «Энергазберажэнне», «Кіраўнік года». Праекты адзначаліся медалямі ВДНГ СССР і міжнароднымі ўзнагародамі.

Сярод супрацоўнікаў — заслужаныя будаўнікі і архітэктары Беларусі, у тым ліку Міхаіл Маліноўскі, Рышард Кацынель, Іван Мазнічка і Васіль Еўдакімаў[1].

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о п Гродногражданпроект : 75 лет / [автор текста: Кацынель Рышард Брониславович; научный редактор: Карев Дмитрий Владимирович]. — Гродно : Гродненская типография, 2019. — 127, [1] с. : ил., фот., схемы; 31 см. — Перед выпускными данными заглавие: Гродногражданпроект 75 лет. — 99 экз. — ISBN 978-985-7230-02-0
  2. а б в г д е ё ж з Восстановить Гродно после войны, возвести новые микрорайоны и реконструировать Старый мост. «Институт Гродногражданпроект» – 75 лет | Новости региона | Гродненский областной исполнительный комитет. grodno-region.gov.by. Праверана 19 верасня 2025.
  • ggp.by — афіцыйны сайт «Гроднаграмадзянпраекта»