Дзяржаўная прэмія РСФСР

Дзяржаўная прэмія РСФСР — прэмія, якая прысуджалася ў РСФСР штогод за «выбітныя творы і працы ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры, якія садзейнічаюць камуністычнаму выхаванню працоўных, якія адказваюць прынцыпам сацыялістычнага рэалізму і атрымалі шырокае грамадскае прызнанне». Заснавана пастановай Савета Міністраў РСФСР у 1965 годзе.
Першапачаткова ўключала пяць катэгорый:
- прэмія імя М. Горкага (у галіне літаратуры);
- прэмія імя І. Рэпіна (у галіне выяўленчага мастацтва);
- прэмія імя М. Глінкі (у галіне музычнага мастацтва);
- прэмія імя К. Станіслаўскага (у галіне тэатральнага мастацтва);
- прэмія імя братоў Васільевых (у галіне кінамастацтва).
Неўзабаве да іх дадалося яшчэ дзве:
- 1967 — прэмія ў галіне архітэктуры;
- 1969 — прэмія імя Н. К. Крупскай (за мастацкія творы для дзяцей і юнацтва).
Творы намінаваліся рэспубліканскімі арганізацыямі (міністэрствамі, творчымі саюзамі, рэдкалегіямі і г. д.) і потым адбіраліся Камісіяй Прэзідыума Савета Міністраў РСФСР (у 1966 годзе складалася са 111 членаў). Лаўрэатам прэміі ўручаліся ганаровы знак і дыплом.
Як правіла, Дзяржаўная прэмія РСФСР незалежна ад яе катэгорыі прысуджалася толькі адзін раз. Аб гэтым увесь час нагадвалася ў пастановах пры немагчымасць паўторнага ўзнагароджання якога-небудзь кандыдата. Але з 1990 года гэтая традыцыя пачала парушацца. Лаўрэатамі дзвюх Дзяржаўных прэмій РСФСР сталі А. І. Барысаў, М. М. Няёлава, У. В. Васільеў, К. С. Максімава.
У 1990 годзе ў назве прэмій адбыліся змены — яны сталі «безназоўнымі». З’явіліся таксама дзве новыя катэгорыі:
- прэмія за працы і творы ў галіне народнай мастацкай творчасці;
- прэмія за працы і творы ў галіне літаратуры і мастацтва, створаныя замежнымі суайчыннікамі.
Апошні раз прысуджэнне дзяржаўных прэмій РСФСР было ажыццёўлена Пастановай Урада Расійскай Федэрацыі ад 26 снежня 1991 года № 66[1].
Пастановай Савета Міністраў РСФСР ад 14 лістапада 1986 года (№ 497) была заснавана Дзяржаўная прэмія РСФСР у галіне навукі і тэхнікі. Уручалася ў 1987—1991 гадах.