Дыяніз Ілкавіч
Дыяніз Ілкавіч | |
---|---|
![]() | |
Дата нараджэння | 18 студзеня 1907 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 3 жніўня 1980 (73 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Дзеці | Дагмар Гаўлава[d] |
Род дзейнасці | фізік, педагог, выкладчык універсітэта, хімік |
Навуковая сфера | фізіка[1] і фізічная хімія[1] |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Узнагароды |
ганаровы доктар Універсітэта імя Я. А. Коменскага[d] (19 чэрвеня 1969) |
Ды́яніз І́лкавіч (славацк.: Dionýz Ilkovič; 18 студзеня 1907, Шарышскі Шцьяўнік — 3 жніўня 1980, Браціслава) — славацкі фізік і фізікахімік русінскага паходжання[2]. Разам з Яраславам Гейраўскім заклаў падставы паляраграфіі — аднаго з метадаў аналітычнай хіміі. Найбольш вядомы як аўтар базавага ўраўнення паляраграфіі, названага яго імем.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сям’і грэка-каталіцкага параха русінскай нацыянальнасці. Скончыўшы каталіцкую рэальную гімназію ў Прэшаве, паступіў у Тэхнічны ўніверсітэт у Празе, але праз год перайшоў на прыродазнаўчы факультэт Карлавага ўніверсітэта (1925—1929). У 1932 годзе на хімічным факультэце КУ абараніў дысертацыю «Даследаванне ртутнага кропельнага катоду пры электралітычным раскладанні вады», пасля чаго атрымаў званне доктара прыродазнаўчых навук .
Выкладаў хімію і фізіку ў розных пражскіх гімназіях і рэальных вучылішчах, спалучаючы працу з даследаваннямі ва ўніверсітэце, дзе заклаў асновы паляраграфіі. Найбольш значным яго дасягненнем стала вывядзенне сувязі між паляраграфічным дыфузійным токам, канцэнтрацыяй раствору і характарыстыкамі кропельнага ртутнага электрода, вядомай як ураўненне Ілкавіча . У пражскі перыяд апублікаваў 9 самастойных навуковых прац, яшчэ 4 — у суаўтарстве.
У 1937—1938 навучальным года праходзіў стажыяванне на фізіка-хімічным факультэце Парыжскага ўніверсітэта, дзе пад кіраўніцтвам прафесара Яраслава Гейраўскага займаўся даследаваннем ультрафіялетавага выпраменьвання з дапамогай фотаэлектрычных камп'ютараў. Дзеля працягу хабілітацыі вярнуўся ў Прагу, аднак гэтым планам перашкодзіў выбух Другой сусветнай вайны.
Дыяніз Ілкавіч прыняў прапанову Славацкага тэхнічнага інстытута ў Браціславе (СТІ) і ўладкаваўся экстраардынарным прафесарам тэхнічнай фізікі, а пазней прызначаны дэканам факультэту тэхнічнай фізікі. Пасля ўтварэння прыродазнаўчага факультэта Славацкага ўніверсітэта (ПФСУ) атрымаў у ім пасаду экстраардынарнага прафесара фізікі, а таксама выкладаў на факультэце хімію і фізікахімію. Падрыхтаваў новае пакаленне славацкіх выкладчыкаў. З такой колькасцю абавязкаў не засталося часу на навуковую дзейнасць. Ягонай апошняй навуковай працай стала публікацыя ў 1940 годзе манаграфіі «Паляраграфія». У 1942 заняў пасаду дэкана ПФСУ. У 1944 годзе з утварэннем фізічнага аддзялення ПФСУ стаў яго кіраўніком.
Пасля вайны Дыяніз Ілкавіч, на той час ужо поўны прафесар фізікі і СТІ, і ПФСУ, вярнуўся да завяршэння габілітацыі. 3 мая 1946 атрымаў званне дацэнта кафедры фізічнай хіміі ПФСУ. Акрамя ранейшых абавязкаў, стаў выкладаць медыцынскую фізіку, узначальваў аддзяленне медыцынскай фізікі медыцынскага факультэта Славацкага ўніверсітэта. У 1951 годзе сышоў з прыродазнаўчага факультэта, цалкам прысвяціўшы сябе працы ў СТІ.
З пачатку 1950-х прыклаў багата намаганняў дзеля заснавання Славацкай (АНС) і Чэхаславацкай (АНЧС) акадэмій навук. Ад заснавання ў 1953 годзе стаў сапраўдным сябрам АНС, а таксама намеснікам старшыні матэматычна-фізічнага аддзялення АНЧС і старшынёй камісіі матэматыкі і фізікі АНС. З апошняй пазней утвораны Фізічны інстытут АНС, кіраўніком якога да 1961 года быў Ілкавіч.
І пазней развіваў айчынную фізіку: быў загадчыкам кафедры фізікі электратэхнічнага факультэта СТІ, старшынёй Навуковай калегіі фізікі АНС, старшынёй Нацыянальнага камітэта тэарэтычнай і прыкладной фізікі, сябрам прэзідыуму Славацкай камісіі па наданні навуковых ступеняў. Ад часу заснавання (1957) быў яшчэ галоўным рэдактарам навуковага часопісу АНС.
Падрыхтаваў першы славацкі падручнік па фізіцы для вышэйшых навучальных устаноў, які ў 1957—1971 гадах выдаваўся ў пяці рэдакцыях агульным тыражом 40 000 асобнікаў.
Выйшаў на пенсію ў 1976 годзе. Памёр у Браціславе.
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]- Бацька: Гіларыён Ілкавіч (1874—1956)
- Маці: Ірэна Ілкавічава, у дзявоцтве Торанская (1881—1963)
- Браты і сёстры: Мікулаш (1904—1978), Аляксей (1910—1944), Марта (1912—1993)
- Жонка: Ленка, у дзявоцтве Сасінкава (1922—?)
- Дзеці: Дагмар Гаўлава (нар. 1951), Эва Потфаёва (нар. 1952)
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]Імя Ілкавіча нададзенае вуліцы ў Браціславе. З 2017 года ўручаецца прэмія імя Дыяніза Ілкавіча[3].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Národní autority České republiky Праверана 7 лістапада 2022.
- ↑ Profesor Dionýz Ilkovič (славацк.). Martinus. Праверана 21 красавіка 2024.
- ↑ Ocenenie za rozvoj mimoškolskej činnosti (славацк.). Nadácia Dionýza Ilkoviča. Праверана 21 красавіка 2024.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Жыццяпіс Дыяніза Ілкавіча (славацк.)
- Жыццяпіс Дыяніза Ілкавіча (англ.)
- 100-годдзе нараджэння Дыяніза Ілкавіча (славацк.)
- Матэматычны інстытут АНС (славацк.)
- Нарадзіліся 18 студзеня
- Нарадзіліся ў 1907 годзе
- Нарадзіліся ў Прэшаўскім краі
- Памерлі 3 жніўня
- Памерлі ў 1980 годзе
- Памерлі ў Браціславе
- Выкладчыкі Карлавага ўніверсітэта
- Выпускнікі Карлава ўніверсітэта
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Фізікі Славакіі
- Хімікі Славакіі
- Фізікахімікі
- Фізікі Чэхаславакіі
- Хімікі Чэхаславакіі
- Славацкія русіны