Дэнацыяналізацыя
Дэнацыяналізацыя (фр.: denationalisation) — страта нацыянальна-спецыфічнага ў культуры, мове, побыце і г.д. народа ў выніку свядомай дзяржаўнай палітыкі ці ад кантактаў з іншымі народамі ў розных сферах іх грамадскага жыцця[1].
Дэнацыяналізацыя беларусаў
[правіць | правіць зыходнік]У гісторыі беларускага народа ў перыяд Рэчы Паспалітай прапольскія дзяржаўныя колы і высокія асобы каталіцкага духавенства ў мэтах паланізацыі насаджалі сярод беларускага насельніцтва польскую культуру і мову. Дзеля атрымання пэўных сацыяльных выгод першымі сталі выракацца сваіх нацыянальных традыцый, пачынаць жыць паводле чужых духоўных стандартаў заможныя пласты беларускага народа. Не маючы дзяржаўнай падтрымкі і магчымасці нармальна развівацца, беларуская культура, кантактуючы з даволі развітай на той час польскай культурай, зведвала не толькі станоўчы ўплыў, але і істотную дэфармацыю, што прычыніла велізарную шкоду беларускай культуры, дэфармавала яе нацыянальную аснову[1].
З канца XVIII ст. і да 1917 г. станаўленне і развіццё беларускай нацыі зведала як станоўчы, так і адмоўны ўплыў больш развітой рускай культуры. І ў гэтым выпадку дэнацыяналізацыя праводзілася пераважна на дзяржаўным узроўні, у чым актыўны ўдзел брала і праваслаўнае духавенства. Гэта прывяло да яшчэ большага разбурэння нацыянальных асноў духоўнага жыцця беларусаў. У выніку многія з іх вымушаны былі прыняць рускую мову і культуру, пачалі выракацца сваёй этнічнай прыналежнасці[1].
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]У канцы XIX — пачатку XX ст. на Беларусі набыло размах нацыянальна-культурнае адраджэнне, працягам якога стала беларусізацыя ў 1920-я гг. У працэсе яе ажыццяўлення ўдалося істотна пераадолець адмоўныя вынікі дэнацыяналізацыі, якая раней праводзілася на Беларусі. У Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг. польскімі ўладамі ажыццяўлялася планамерная паланізацыя яе карэннага насельніцтва, што сустракала моцнае супраціўленне з боку беларускага нацыянальнага руху[1].
З канца 1920-х гг. у БССР дэнацыяналізацыя паступова зноў стала вызначальным кірункам дзяржаўнай палітыкі, якую фарміравала бальшавіцкая партыя. На канец 1980-х гг. беларускі народ у значнай ступені быў дэнацыяналізаваны, будаваў сваё жыццё пераважна на рускіх культурна-моўных традыцыях, якія ў прапагандысцкіх мэтах ідэалагічныя службы партыі называлі «агульнасавецкімі»[1].
Крокі канца 1980-х — пачатку 1990-х гг. па нацыянальна-культурным адраджэнні часткова спынілі працэс дэнацыяналізацыі беларускага народа. Але барацьба з ім не стала складовай часткай дзяржаўнай палітыкі[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е Леанід Лыч. Дэнацыяналізацыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Леанід Лыч. Дэнацыяналізацыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.