Жыццё
Жыццё́ — асаблівая форма існавання матэрыі, якая характарызуецца сукупнасцю працэсаў самападтрымання і самаўзнаўлення[1]. Паводле сучасных навуковых і філасофскіх уяўленняў, жыццё не мае простага і агульнапрынятага азначэння, таму яно часцей за ўсё апісваецца праз набор характэрных уласцівасцей і працэсаў[1][2][3]. Да ключавых прыкмет жывога адносяць упарадкаваную структуру, здольнасць да размнажэння, рост і развіццё, перапрацоўку энергіі або метабалізм, рэгуляцыю ўнутранага асяроддзя або гамеастаз, рэакцыю на раздражняльнікі з навакольнага асяроддзя і эвалюцыйную адаптацыю[2]. Вывучэннем жыцця займаецца біялогія[2].
Усе вядомыя формы жыцця маюць клетачную будову, дзе клетка з’яўляецца найменшай адзінкай, здольнай да самастойнай жыццядзейнасці. Арганізмы могуць складацца з адной клеткі (аднаклетачныя) або мноства (мнагаклетачныя)[1][4]. У аснове жывой матэрыі ляжаць чатыры хімічныя элементы: вуглярод, вадарод, кісларод і азот, якія складаюць каля 96 % яе масы[5]. Цэнтральную ролю адыгрывае вуглярод, здольнасць якога ўтвараць разнастайныя малекулы забяспечвае біялагічную разнастайнасць[6]. Спадчынная інфармацыя, неабходная для развіцця і функцыянавання арганізма, кадзіруецца ў малекулах ДНК і перадаецца праз гены[7]. Асноўнымі функцыянальнымі кампанентамі клетак з’яўляюцца бялкі, на долю якіх можа прыпадаць больш за 50 % іх сухой масы[8].
Згодна з навуковымі данымі, жыццё на Зямлі існуе не менш за 3,5-3,7 мільярда гадоў, пра што сведчаць выкапнёвыя рэшткі мікраарганізмаў[1][9]. Усе вядомыя сёння віды, уключаючы чалавека, з’яўляюцца вынікам эвалюцыйнага працэсу, які пачаўся ад агульных продкаў[10]. На сучасным этапе біёлагамі апісана каля 1,8 мільёна відаў, хаця агульная колькасць відаў на планеце можа складаць ад 10 да 100 мільёнаў і больш[11]. Уся разнастайнасць жывога свету падзяляецца на тры дамены: бактэрыі, археі і эўкарыёты (куды ўваходзяць царствы жывёл, раслін і грыбоў, а таксама пратысты)[11]. Пры гэтым, паводле ацэнак, больш за 99,9 % відаў, якія калі-небудзь існавалі на Зямлі, ужо вымерлі[1]. Усе зямныя віды існуюць у межах адносна тонкай абалонкі, вядомай як біясфера. Існаванне жыцця па-за межамі Зямлі не даведзена[1].
Акрамя навуковага, існуюць філасофскія і рэлігійныя падыходы да асэнсавання жыцця. У філасофіі адным з ключавых з’яўляецца пытанне пра сэнс жыцця, якое можа датычыцца яго сутнасці, мэты або каштоўнасці[12]. Многія рэлігійныя вучэнні разглядаюць жыццё як вынік стваральнага акту Бога або багоў і, такім чынам, указваюць на духоўную і фізічную сувязь паміж жыццём чалавека і космасам[13]. Паняцце жыцця таксама спараджае маральныя і прававыя дыскусіі. Гэтыя дыскусіі часта засяроджваюцца на пытаннях пачатку індывідуальнага жыцця (у кантэксце кантрацэпцыі і абортаў) і яго заканчэння (у сувязі з развіццём медыцынскіх тэхналогій). Пры гэтым сама па сабе біялогія не дае адназначнага адказу наконт дакладнага моманту пачатку жыцця чалавека як асобы, што пакідае прастору для разнастайных інтэрпрэтацый[3].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е Lynn Margulis, Carl Sagan, Dorion Sagan. Life (англ.). Encyclopædia Britannica (23 жніўня 2025). Праверана 20 верасня 2025.
- ↑ а б в Urry 2020, с. 3.
- ↑ а б Carlos Mariscal. Life (англ.). Stanford Encyclopedia of Philosophy (30 лістапада 2021). Праверана 20 верасня 2025.
- ↑ Urry 2020, с. 93.
- ↑ Urry 2020, с. 29.
- ↑ Urry 2020, с. 64.
- ↑ Urry 2020, с. 6-7.
- ↑ Urry 2020, с. 75.
- ↑ Urry 2020, с. 526.
- ↑ Urry 2020, с. 11.
- ↑ а б Urry 2020, с. 12.
- ↑ Wendell O’Brien. The Meaning of Life: Early Continental and Analytic Perspectives (англ.). Праверана 22 верасня 2025.
- ↑ Long 1993, с. 542.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Lisa A. Urry, Michael Lee Cain, Steven Alexander Wasserman, Peter V. Minorsky, Rebecca B. Orr. Campbell biology. — 12th ed. — Pearson, 2020. — ISBN 978-0135188743.
- Long, J. Bruce. Life // The Encyclopedia of Religion. — New York: Macmillan Pub. Co., 1993. — Т. 7. — С. 541—547.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Жыццё