Зоя Коўш
Зоя Коўш | |
---|---|
![]() | |
Род дзейнасці | юрыст |
Дата нараджэння | 16 красавіка 1911 |
Месца нараджэння |
|
Дата смерці | 17 кастрычніка 1994 (83 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Бацька | Аляксандр Коўш |
Альма-матар | |
Член у | |
![]() |
Зоя Аляксандраўна Коўш, у шлюбе Кратовіч (16 красавіка 1911, Люблін, Варшаўскае генерал-губернатарства — 17 кастрычніка 1994, Вільня) — беларуская грамадская дзяячка, юрыстка.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]
Нарадзілася ў сям’і праваслаўнага святара і грамадска-палітычнага і царкоўнага дзеяча Аляксандра Каўша і Елізаветы Суравец, гарадзенскай мяшчанкі[1]. Бацька пасля сканчэння бухгалтарскіх курсаў працаваў у Люблінскім аддзеле Расійскага дзяржаўнага банка. Разам з сям’ёй на пачатку Першай сусветнай вайны эвакуяваны ў Разань, а потым у Майкоп. У 1921 годзе сям’я вярнулася ў Заходнюю Беларусь, у 1921 годзе Аляксандр Коўш у Гродне стаў святаром, а ў 1925 годзе сям’я пераехала ў Вільню. Брат Зоі Святаслаў пазней таксама стаў святаром, а эміграваўшы, стаў вядомым царкоўна-праваслаўным дзеячам[2].

Зоя Коўш у 1929 годзе скончыла Віленскую беларускую гімназію, потым юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Уваходзіла ў Беларускі студэнцкі саюз[2].
У час нямецкай акупацыі працавала юрысконсультам Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. Летам 1944 года выехала ў Германію, дзе жыла ў Берліне[2].
У 1951 годзе Янка Чарапук у сваім ліце да Станіслава Грынкевіча наступным чынам апісваў дзейнасць Зоі Коўш у час нямецкай акупацыі і яе пасляваенны побыт[3]:
![]() |
Дзеці зьнішчанага немцамі бацькі йдуць да апошніх на службу, і то як агенты гестапа! Сучасны супрацоўнік др. Шчорса Сьвятаслаў Коўш працуе ў аддзеле гестапа, а ягоная сястра Зоя Коўш як гестапаўскі агент устаўляецца ў Беларускі Нацыянальны Камітэт у Вільні як сакратарка. Др. Грабінскі як старшыня Камітэту меў нямала зь ёю клопатаў, бо сваёй пазыцыяй у немцаў ня раз паважна шантажавала. Аб гэтым цяпер можа расказаць др. Грабінскі, які жыве ў ЗША. Таму Камітэт быў прымушаны насіцца з Зояй, як з „балячкаю“. Усе беларусы, якія зналі а. Каўша, а тым больш, што нашыя палітычныя разыходжаньні зь немцамі ўжо на самым пачатку зусім выявіліся, таму паводзіны дзяцей а. Каўша ўсім выдаліся зусім ненатуральнымі, проста хвараблівымі. Бо няхай і была б нейкая палітычная канцэпцыя карысная, але нармальнай людзкой рэакцыяй ёсьць, што калі нейкая ўлада зьнішчыць бацьку, у такім прыпадку з такой уладай супрацоўніцтва актыўнае зусім не да падуманьня. |
![]() |
Улетку 1944 года была сакратаркай Радаслава Астроўскага ў Берліне. Пры набліжэнні савецкіх войск да Берліна БЦР са ўсімі сваімі аддзеламі эвакуявалася на захад Германіі. Паводле Чарапука, Коўш у ліку супрацоўнікаў таксама паехала туды, але неўзабаве вярнулася ў Берлін, дзе і засталася да прыходу Савецкай Арміі. Да канца 1946 года жыла ў савецкай зоне акупацыі. Яе брат Святаслаў Коўш быў камендантам беларускага лагера для перамешчаных асоб у Ватэнштаце ў брытанскай зоне акупацыі. Зоя наведвала брата ў лагеры і распавядала жудасныя рэчы пра бальшавікоў. Вярнулася ў Берлін, каб прадаць свае рэчы. Паводле слоў Чарапука, Зою арыштавалі на чорным рынку на Александэрплац. Чарапук пісаў, што яе брат «цяпер пачаў рэклямаваць мучальніцкую сьмерць сястры за Бацькаўшчыну»[3]. У 1947 годзе Зою Коўш арыштавалі савецкія органы контрразведкі і вывезлі ў Беларусь[2]. У лагеры для перамешчаных асоб было шмат савецкіх агентаў, а таму па вяртанні Зоі Коўш у Берлін, яе ўжо чакалі спецслужбісты.
Каўшанку трымалі пад следствам у Мінску. У выніку яе асудзілі на 10 гадоў зняволення ў ППК. У сваіх мемуарных нататках Зоя Коўш апісвае выпрабаванні і жахі этапнай перасылкі. Яна заўважае, што была ўдзячна лёсу нават за тое, што яе этапавалі ўзімку і яна мела на сабе цёплыя боты, таму не адмарозіла ногі. На перасылку яе прывезлі ва Ухту (горад у Рэспубліцы Комі). На перасылку прыязджалі кіраўнікі лагерных пунктаў і выбіралі сабе зняволеных. Коўш станам здароўя трапіла ў трэцюю катэгорыю для лягчэйшай працы. Абяцаная лягчэйшая праца ў саўгасе насамрэч аказалася для яе і іншых жанчын брыгады лесапавалам. На знясільвальную працу даводзілася дабірацца пяць кіламетраў пешшу па замерзлай рэчцы. Зоя Коўш апісвае жахлівыя лагерныя ўмовы працы і побыту, пры тым добрым словам згадвае лекара Сямёна Крыстальнага, які сам быў раней палітвязнем, і дапамог ёй выжыць. Ён, колькі мог, трымаў яе ў шпіталі. Потым Зоя Коўш трапіла ў меншы лагер пры цагельні, там была праца ў кар’еры. Далей было этапаванне ў Варкуту, дзе быў больш строгі рэжым зняволення. Давялося працаваць на пракладцы чыгуначных шпал і рэек праз тундру.
З савецкіх канцлагераў Зоя Коўш вярнулася ў другой палове 1950-х гадоў пасля амністыі для палітвязняў, абвешчанай 17 верасня 1955 года[2]. У Вільню яна вярнулася праз паўгода пасля смерці маці[1]. Сваякоў ужо нікога не было. Вярнула матчын дом на вуліцы Летняй, 7[2][1], у якім жылі самасёлы[1]. З лагераў яна прыехала са сваім будучым мужам Аляксандрам Кратовічам, які працаваў канторскім службоўцам. У Вільню вярталіся многія іншыя беларусы-вязні ГУЛАГа, якія спрабавалі сацыялізавацца ў новых, ужо літоўскіх умовах, трымацца адны за другіх[1]. У пачатку 1960-х гадоў Зоя Коўш выйшла замуж за Кратовіча[2]. Аляксандр Кратовіч даносіў у лагеры на іншых вязняў-беларусаў, а яго шлюб з Зояй Коўш, некаторыя крыніцы называюць часткай спецзадання па пранікненні ў беларускае кола. Вядома, што ягоным агентурным псеўданімам быў «Шквал» і ён даносіў савецкім спецслужбам на беларускіх дзеячаў у пасляваенны час, у тым ліку на Ларысу Геніюш[4].
Пад канец жыцця муж быў паселены ў пакойчык для прыслугі. Па ўспамінах Сяргея Шупы, «чатыры дробныя звяглівыя дварнякі, якія спалі на канапах і замянілі пані Зоі сям’ю і сяброў». Сяргей Шупа са сваёй сям’ёй пасяліўся ў доме Зоі Каўшанкі ў 1991 годзе, ужо пасля смерці мужа. Зоя ўжо на той час цяжка хварэла на рак[1].
Памерла 17 кастрычніка 1994 года ў Вільні. Пахавана на віленскіх Ліпаўскіх (Спаса-Ефрасінеўскіх) могілках. У кастрычніку 1995 года адбылося адкрыццё помніка з паніхідай[2]. Хата на Летняй вуліцы пасля яе смерці адышла да літоўскай дзяржавы, але Сяргею Шупу ўдалося выкупіць будынак[1]. У 2008 годзе былы прыватны дом Зоі Коўш быў зруйнаваны[2].
Публікацыі
[правіць | правіць зыходнік]- «Fräulein… ад беларускага камітэту» // Наша Ніва. 1991. № 4. Стр. 2, 14-15. (Успаміны часаў нямецкай акупацыі Вільні)
- Дзесяць месяцаў у адзіночнай камэры Менскай турмы // Наша Ніва. 1993. № 10. С. 6-7.
- Успамін вучаніцы // Беларус Віленшчыны № 13 (дадатак да Эхо Литвы № 19, 28 студзеня 1994. — С. 4. Пра Антона Луцкевіча.)
- Роздумы з юбілею гімназіі // Беларус Віленшчыны № 34 (дадатак да Эхо Литвы № 123, 24 чэрвеня 1994. — С. 4.)
Інтэрв’ю
[правіць | правіць зыходнік]- Так мне напісана ў Страшнай кнізе // Наша Ніва. 1994. № 10. С. 6-7. № 12. С. 6-7.
Некралог
[правіць | правіць зыходнік]- Зоя Кратовіч-Каўшанка // Беларус Віленшчыны № 50 (дадатак да Эхо Литвы № 207, 21 кастрычніка 1994. — С. 4.)
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е ё Сяргей Шупа. пара пісаць успаміны? :) . Craoltoir (20 лістапада 2008). Праверана 21 лістапада 2024.
- ↑ а б в г д е ё ж з 110 гадоў з дня нараджэння Зоі Коўш — БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ
- ↑ а б Сьвет эміграцыйнага эпісталярыю. Лявон Юрэвіч ў ARCHE 3(17)-2001. "…ад першай хвалі новых эмігрантаў зь Беларусі Янка Чарапук апынуўся паміж варагуючымі кааліцыямі, згуртаваньнямі, аб’еднаньнямі і задзіночаньнямі, прычым сутнасьць той варажнечы часта заставалася для яго невытлумачальнай…" . A R C H E S k a r y n a. Праверана 21 лістапада 2024.
- ↑ Агент Шквал і агент Арэф’еў: як КГБ атачаў Ларысу Геніюш сексотамі, на якіх яна не магла і падумаць . Наша Ніва (30 студзеня 2021). Праверана 21 лістапада 2024.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Луцкевіч Л. Развітанне з сяброўкай // Беларус Віленшчыны № 51 (дадатак да Эхо Литвы № 213, 28 кастрычніка 1994. — С.4)
- Войцік, Галіна. Дзяўчынка ў сіняй сукенцы: да 5-годзьдзя з дня сьмерці Зоі Каўшанкі. Рунь. 9 лістапада 1999. №27. С.2.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 1 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2004..
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005..
- У Вільні знеслі дом Зоі Каўшанкі //Наша Ніва 18 лістапада 2008
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Зоя Коўш
- Вопіс архіва Зоі Коўш у Віленскім Беларускім Музеі імя Івана Луцкевіча
- Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, якія не маюць старонак цёзак па прозвішчы
- Асобы
- Нарадзіліся 16 красавіка
- Нарадзіліся ў 1911 годзе
- Нарадзіліся ў Любліне
- Памерлі 17 кастрычніка
- Памерлі ў 1994 годзе
- Памерлі ў Вільні
- Пахаваныя на Свята-Ефрасіннеўскіх могілках
- Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта
- Члены Беларускага студэнцкага саюза
- Грамадскія дзеячы Беларусі
- Юрысты Беларусі
- Юрысты паводле алфавіта