Казьма-Дзям’янаўскі манастыр (Мінск)
Манастыр | |
Казьма-Дзям’янаўскі манастыр | |
---|---|
Краіна | |
Месцазнаходжанне |
|
Казьма-Дзям’янаўскі манастыр — уніяцкая, магчыма, перад тым праваслаўная манаская грамада і комплекс яе маёмасці ў Менску да пачатку XVII ст.
Узнік не раней за 1510 год пры царкве Святых Казьмы і Дзям’яна. У 1510 годзе сярод менскага кліру згаданы «поп козмодемяньскии Фома», запісаны пасля настаяцеляў-ігуменаў Узнясенскага і Мікольскага манастыроў і менскага пратапопа, але перад іншымі менскімі «папамі»[1]. Пэўна ўжо быў да 1615 года, калі архімандрыт менскі Афанасій Пакоста названы адначасова настаяцелем Узнясенскага і Казьмядзям’янскага манастыроў.
Размяшчаўся на ўзвышшы, якое пасля пажару 1547 года пачалі забудоўваць як новы цэнтр горада — Новы (Верхні) Рынак. Да манастыра са старога Нізкага Рынку ішла Казьмадзям’янаўская вуліца, як пішуць некаторыя аўтары — адна з найстарэйшых у Менску, але на чым яны грунтуюцца не ясна.
У 1600 годзе група шляхціцаў «… в месте Минском… на шпиталь и школу при церкви Св. Кузьмы и Демьяна напавши секли и стреляли, … по месту ездичи и ходечи на ратушу стреляли, …»[2]. Такім чынам, ратушу на Новым Рынку пабудавалі да 1600 года[3]. Пры манастыры, калі ён ужо існаваў, як вынікае, да таго часу была школа[4] і шпіталь.
Пасля 1615 года архімандрыт менскі Афанасій Пакоста абмяняў з менскім магістратам «кгрунт церковный Кузмодемъянский, людми оселы, такъже в рынку подле того пляца их лежачый» на «пляц пустый» каля пабудаванай у 1598 годзе царквы Святога Духа «в рынку противъ ратуша лежачый» для пабудовы базыльянскага манастыра. У 1617 годзе абмен пацверджаны архімандрыту Пакосту прывілеем караля Жыгімонта Вазы.[5]
Пазней Казьма-Дзям’янаўскі манастыр не згадваецца. Царква святых Казьмы і Дзям’яна існавала як прыходская да 1633 года, калі на яе месцы пабудавалі касцёл кляштара бернардзінак[6].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Груша, Доўнар, Палехаў 2021.
- ↑ НГАБ, ф. 1727, воп. 1, адз.зах. 1, арк. 336—338 аб.; паводле: Боровой Р. В. Минские древности. «Cтарый город» средневекового Минска по письменным источникам. // Гістарычна-археалагічны зборнік № 15, 2000;
- ↑ Баравы 2004.
- ↑ Турилов А. А., Флоря Б. Н. К вопросу об исторической альтернативе Брестской унии // Брестская уния 1596 г. и общественно-политическая борьба на Украине и в Белорусии в конце XVI — первой половине XVII в. Ч. 2: Брестская уния 1596 г. Исторические последствия события / Под ред. Флори Б. Н. — М., 1999. — С. 30.
- ↑ Менскія акты. Вып. 1 (XV—XVIII ст.) / Склад. З. Даўгяла. — Мінск : Інстытут беларускай культуры, 1930. — 413 с. — № 67, С. 106—107.
- ↑ Лісейчыкаў Д. Уніяцкія парафіі Мінска ў XVII—XIX стст. // Нашыя святыні: Матэрыялы міжнар. навук. канф., Мінск, 7 чэрвеня 2008 г. / Польскі інстытут у Мінску; рэд. кал. Т. Кандрусевіч [і інш.]; навук. рэд. Т. Кандрусевіч, А. І. Мальдзіс і М. Каламайска. — Мн.: Выд. В. Хурсік, 2009. — С. 138—150. — С. 139.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Баравы Р. В. Менск у ХVI стагоддзі: першы «генеральны» план горада і яго магчымы аўтар // Беларускі гістарычны агляд. — 2004. — Снежань — Vol. 1-2 (20-21). — Т. 11. — С. 58-74.
- Груша А. І., Доўнар А. Б., Палехаў С. У. Судовае рашэнне архіепіскапа і мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Русі Іосіфа II Солтана за 1510 г. // Архіварыус. — 2021. — № 19. — С. 51-76.