Перайсці да зместу

Кароль Маліноўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кароль Маліноўскі
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 19 студзеня 1741(1741-01-19)
Месца нараджэння
Дата смерці не раней за 1796
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці настаўнік, паэт, журналіст

Кароль Маліноўскі (польск.: Karol Malinowski; 19 студзеня 1741, Падляшша — пасля 1796) — дзеяч каталіцкага касцёла, паэт, педагог, журналіст[1].

Паходзіў з падляшскага шляхецкага роду Маліноўскіх герба «Побуг»; брат Антаніна Маліноўскага[1].

Пачатковую адукацыю атрымаў у Гарадзенскім езуіцкім калегіуме. У 1755 годзе ўступіў у езуіцкі ордэн у Вільні[1]. Вучыўся ў 1755—1757, 1761—1766 і 1769—1770 гадах у Вільні, у 1757—1759 гадах — у Слуцку, у 1766—1769 гадах — Гародні[1].

Працаваў прафесарам у Новагародку ў 1759—1760 гадах і ў Гародні ў 1761 годзе, выкладаў у Віленскім «Калегіум нобіліум» французскую мову, геаметрыю, рыторыку, паэтыку і геаграфію ў 1770—1772 гадах[1].

У 1762 годзе выдаў зборнік вершаў у гонар біскупаў жамойцкага Яна Дамініка Лапацінскага і віленскага Ігнацыя Масальскага. У 1771 годзе, пасля замаху барскіх канфедэратаў на караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, напісаў паэму «Wiersz po odebranej wiadomości o zupełnym ozdrowieniu Najjaśniejszego Stanisława Augusta» («Верш да атрыманага паведамлення аб поўным выздараўленні найяснейшага Станіслава Аўгуста»)[1].

Пасля скасавання ордэна езуітаў ў 1773 годзе атрымаў парафію ў Новым Двары каля Гародні. У 1774 годзе быў прызначаны біскупам Масальскім візітатарам парафіяльных школ у Адукацыйнай камісіі[1].

Безвынікова спрабаваў адкрыць уласную друкарню ў Гародні, але з 1775 года кіраваў Гарадзенскай друкарняй Антонія Тызенгаўза, супрацоўнічаў з газетай «Gazeta Grodzieńska» і штогод складаў «Гарадзенскі каляндар»[1].

У 1780—1787 гадах выкладаў у Гарадзенскай школе Адукацыйнай камісіі. У 1790 годзе атрымаў пенсію, у 1792 — ганаровы тытул каноніка жамойцкага[1].

У 1792—1796 гадах разам з іншымі выдаваў у Варшаве газету «Korespondent Warszawski i Zagraniczny» (пазней — «Korespondent Krajowy i Zagraniczny», «Pismo Periodyczne Korespondent», «Korespondent Narodowy i Zagraniczny»), у якой друкаваў уласныя вершы[1].

Газета станоўча ацаніла прыняцце Канстытуцыі 3 мая 1791 года і рэзка крытыкавала Таргавіцкую канфедэрацыю; за гэта Маліноўскі быў судом адхілены ад працы ў рэдакцыі, але вырак не быў выкананы. Ён рашуча падтрымаў паўстанне 1794 года. Газета была зачынена прускімі ўладамі[1].

Далейшы лёс Маліноўскага невядомы[1].

  1. а б в г д е ё ж з і к л Кароль Маліноўскі на сайце Электронная энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае»
  • Łossowska-Zaporowska I. Korespondent Warszawski 1792—1796 // Materiały i Studia do Historii Prasy i Czasopiśmiennictwa Polskiego. Warszawa, 1969. Z. 14.