Клецкая беларуская гімназія
| Клецкая беларуская гімназія | |
|---|---|
| Заснавана | 1924 |
| Закрыта | 1931 |
| Тып | гімназія |
| Краіна | |
| Размяшчэнне | |

Клецкая беларуская гімназія — сярэдняя навучальная ўстанова 1924—1931 гадоў у Клецку.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Заснавана ў 1924 годзе ініцыятывай беларускай грамадскасці Клецка і навакольных вёсак з дазволу польскіх улад. Утрымлівалася на ахвяраванні і аплаты за навучанне. Дырэктарам быў Р. Якубёнак.
Прымаліся вучні, якія скончылі 4 класы народнага вучылішча. Выпускныя экзамены навучэнцы здавалі ў Віленскай або Навагрудскай гімназіях. За час існавання гімназія выпусціла 3 патокі абітурыентаў, каля 20 атрымалі пасведчанні пра сярэднюю адукацыю. У 1924/25 навучальным годзе займалася 58 юнакоў і дзяўчат у 1—4-м класах і 20 у падрыхтоўчым, у асноўным дзеці местачкоўцаў, сялян з навакольных вёсак Клеччыны і Стаўбцоўскага павета. У 1925/26 — 78 вучняў у 1—5-м класах і 20 у падрыхтоўчым, у 1930/31 — 160 вучняў у 1—8-м класах з усёй Заходняй Беларусі. Для маламаёмных сялянскіх дзяцей адкрыты тры інтэрнаты, іх вызвалялі ад платы за навучанне. Выкладчыкамі працавалі В. Арэнь, М. Чарнецкі, В. Сініцына, В. Русак, Я. Драчан, М. Рудакевіч. А. Кішкель, Ю. Мушкат, А. Валынчык,[1] Ганна Малойла і іншыя. Пры гімназіі быў літаратурны гурток, які пазней пераўтварыўся ў лiтаратурна-мастацкi, а таксама хор i аркестр
У канцы 1920-х гадоў у гімназію паступова пранікала палітызацыя, якая спачатку мела нацыянальна-адраджэнскі характар. У 1928 годзе створана падпольная камсамольская арганізацыя, гімназісты падтрымлівалі сувязь з Беларускім сялянска-работніцкім клубам «Змаганне». У 1929 годзе гімназію папоўніла група гімназістаў, выключаных за рэвалюцыйную дзейнасць з Віленскай, Навагрудскай і Радашковіцкай гімназій. На тэрыторыі сучаснага Клецкага раёна ў 19 вёсках навучэнцы гімназіі стварылі камуністычныя ячэйкі, у якіх было 88 камсамольцаў. У жніўні 1931 года дэфензіва выкрыла падпольную дзейнасць навучэнцаў гімназіі і правяла арышты. Гімназія закрыта польскімі ўладамі. У канцы 1932 года адбыліся судовыя працэсы, больш за 20 гімназістаў засуджаны на розныя тэрміны турэмнага зняволення.[1]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Сокал 1994.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вабішчэвіч А. М. Беларускія гімназіі ў культурна-асветніцкім і грамадска-палітычным жыцці Заходняй Беларусі (1920-1930-я гг.) // Białoruskie Zeszyty Historyczne. — 2002. — № 18. — С.78 — 90.
- Вабішчэвіч А. М. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921—1939) // Беларускі гістарычны часопіс. — 1994. — № 2. — С. 38-46.
- Вабішчэвіч А. М. Асвета ў Заходняй Беларусі (1921—1939). — Брэст, 2004. — 116 с.
- Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. — Мн.: Народная асвета, 1968. — 624 с.
- Загідулін А. М. Дзяржаўная палітыка Польшчы ў галіне беларускай адукацыі // Веснік ГрДУ. Серыя 1. Гуманітарныя навукі. — Гродна: ГрДУ, 2005. — С. 13 — 22.
- Сокал В. Клецкая гімназія // Беларуская мінуўшчына. — 1994. — № 4. — С. 28-31.