Перайсці да зместу

Магілёўскае народнае апалчэнне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Магілёўскае народнае апалчэнне — пачаткам фарміравання атрадаў народнага апалчэння ў Магілёве лічыцца 26 чэрвеня 1941 года, калі на партыйна-камсамольскім сходзе быў створаны знішчальны батальён, у які запісаліся 500 камуністаў і камсамольцаў. Камандзірам яго быў прызначаны начальнік школы НКУС М. І. Калугін, камісарам — загадчык аддзела прапаганды і агітацыі гаркама КП(б)Б С. К. Бандарэнка. Да 10 ліпеня ў апалчэнне ўступіла больш за 12 тысяч чалавек, у тым ліку на фабрыцы штучнага шоўку 600, трубаліцейным заводзе 250, мясакамбінаце 180, цагельным заводзе 120 чалавек. Атрады народнага апалчэння былі створаны на гарбарным, аўтарамонтным, косцеперапрацоўчым заводах, чыгуначным вузле, у педінстытуце і іншых. З супрацоўнікаў абласнога ўпраўлення НКУС і міліцыі сфарміраваны батальён пад камандаваннем капітана К. Р. Уладзімірава і атрад капітана Дз. С. Вольскага. Рашэннем абкама і гаркама КП(б)Б былі створаны штабы народнага апалчэння: абласны, у які ўвайшлі намеснік старшыні аблвыканкама І. М. Кардовіч (начальнік), сакратар абкама КП(б)Б Н. Т. Вараненка, сакратар абкама ЛКСМБ Ф. А. Сурганаў, і гарадскі, у які ўвайшлі сакратар гаркама КП(б)Б А. І. Марозаў (начальнік), М. Ю. Шпалянскі, П. Ф. Валожын, П. Я. Цярэнцеў і іншыя. Камандаваў народным апалчэннем абласны ваенны камісар І. П. Ваяводзін. Апалчэнцы вялі барацьбу з нямецкімі дыверсантамі і шпіёнамі, ахоўвалі прамысловыя аб'екты і лініі сувязі, удзельнічалі ў эвакуацыі насельніцтва, прамысловага і транспартнага абсталявання, у стварэнні абарончых рубяжоў. З 3 па 26 ліпеня разам з чырвонаармейцамі абаранялі горад: атрады фабрыкі штучнага шоўку, гарбарнага і косцеперапрацоўчага заводаў — у радах 388-га стралковага палка, які ахоўваў Магілёў з захаду; атрады чыгуначнага вузла, трубаліцейнага завода, батальёны знішчальны і супрацоўнікаў міліцыі, атрад завода «Адраджэнне» — у саставе зводнага палка пад камандаваннем маёра В. А. Кацюшына, які трымаў абарону горада з паўночнага захаду; атрады аўтарамонтнага завода, мясакамбіната і іншых прадпрыемстваў, педінстытута і атрад Дз. С. Вольскага — у саставе 747-га і 394-га стралковых палкоў, якія прыкрывалі флангі і тыл 172-й дывізіі на левым беразе Дняпра. З 250 байцоў батальёна супрацоўнікаў міліцыіў жывых засталося толькі 19 чалавек, у баі за дняпроўскі мост загінулі ўсе апалчэнцы атрада Дз. С. Вольскага, больш за палову саставу страціў забітымі атрад фабрыкі штучнага шоўку. У ноч на 26 ліпеня частка апалчэнцаў разам з воінамі 172-й дывізіі вырвалася з акружэння і працягвала барацьбу ў радах Чырвонай Арміі, частка ў партызанскіх атрадах і падполлі.

На брацкіх магілах апалчэнцаў у Магілёве і пасёлку Гаі пастаўлены помнікі, у Магілёве ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі, ёсць вуліца Народнага апалчэння.

  • В. П. Гардзееў. Магілёўскае народнае апалчэнне // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 316-317. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.