Перайсці да зместу

Малькаўскі нацыянальны літоўскі сельсавет

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Малькаўскі нацыянальны літоўскі сельсавет
Краіна  Беларуская ССР
Уваходзіў у Мсціслаўскі раён
Адміністрацыйны цэнтр Малькаўка
Дата ўтварэння 1928
Дата скасавання 1939

Ма́лькаўскі нацыянальны літоўскі сельсавет — былая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Цэнтр — вёска Малькаўка. Літоўцы складалі 81,5 % насельніцтва сельсавета[1].

Магчымасць стварэння літоўскага сельсавета з цэнтрам у Малькаўцы, дзе кампактна пражывалі літоўцы, відавочна, разглядалася яшчэ ў часы знаходжання гэтай тэрыторыі ў складзе РСФСР.

Паводле даведніка «Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне БССР» Малькаўскі літоўскі сельсавет быў арганізаваны ў 1928 годзе ў складзе Расненскага раёна Аршанскай акругі БССР[2]. Аднак дакументальна гэта не пацвярджаецца. У матэрыялах абследавання Малькаўскага літоўскага сельсавета ад 12 па 21 снежня 1930 г. пазначана, што сельсавет створаны ў 1929 годзе[3][4]. Гэты ж год называецца і ў звестках аб арганізацыі калгасаў[5][4].

Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Расненскім раёне БССР, з 8 ліпеня 1931 года ў Мсціслаўскім раёне БССР.

Паводле таго ж даведніка ў 1931 годзе рэарганізаваны ў Малькаўскі латышскі нацыянальны сельсавет, які ў 1937 годзе рэарганізаваны ў Малькаўскі нацыянальны літоўскі сельсавет[2]. Аднак у дакладной запісцы, пададзенай у канцы 1933 года старшынёй Малькаўскага літоўскага сельсавета, адзначалася, што ў сельсавеце пражывала 485 чалавек, з якіх 96 % складалі літоўцы, а астатнія 4 % — беларусы і палякі[6][4]. Пры гэтым у дакуменце няма згадкі пра латышоў, а ў самім яго загалоўку відавочна пазначана, што сельсавет літоўскі[4]. Няма звестак і аб рэарганізацыі сельсавета з латышскага зноў у літоўскі[4].

З 20 лютага 1938 года ў складзе Магілёўскай вобласці. 20 красавіка 1939 года скасаваны, тэрыторыя далучана да Доўгавіцкага сельсавета[2].

Малькаўскі нацыянальны літоўскі сельсавет стаў апошнім нацыянальным саветам, ліквідаваным у БССР. Прычынай яго ліквідацыі называўся перавод на беларускую мову савецкага і гаспадарчага апарату і рэарганізацыя літоўскай няпоўнай сярэдняй школы ў беларускую ў 1938 годзе[1].

  1. а б Альховік, М. К. Рэарганізацыя і ліквідацыя нацыянальных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак БССР у 1934—1939 гг. / М. К. Альховік // Веснік Палескага дзяржаўнага універсітэта. Серыя грамадскіх і гуманітарных навук : навукова-практычны часопіс. — 2023. — № 2. — С. 3-10.
  2. а б в Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / А. И. Карпачева и др. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Т. 1: (1917―1941 гг.). — Мн., «Беларусь», 1985. — 390 с.
  3. НАРБ. — Ф. 701. Воп. 1. Спр. 109, арк. 54
  4. а б в г д Агеенка Т. М., Каралёў М. Г. Да пытання аб статусе Малькаўскага сельсавета ў 1930-я гг. / Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць : зборнік навуковых артыкулаў удзельнікаў ХІІ Міжнар. навук. канф., 25-26 чэрвеня 2021 г., г. Магілёў / уклад. І. А. Пушкін. — Магілёў: БДУТ, 2021. — 193—195.
  5. НАРБ. — Ф. 251. Воп. 1. Спр. 85, арк. 253, 254
  6. НАРБ. — Ф. 4-п. Воп. 1. Спр. 6293, арк. 412
  • Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / А. И. Карпачева и др. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Т. 1: (1917―1941 гг.). — Мн., «Беларусь», 1985. — 390 с.