Мсціслаўскія
Яўнутавічы або Заслаўскія, пазней Мсціслаўскія, таксама Заслаўскія Мсціслаўскія — княжацкі род літоўскага паходжання, галіна Гедзімінавічаў[1].
Яўнутавічы — традыцыйнае імя па дзедзе, потым родапачынальніку. Прозвішча-тытул Заслаўскія — ад Заслаўя пад Менскам, атрыманага ў сярэдзіне XIV ст.[2][3]. Прозвішча-тытул Мсціслаўскія — ад Мсціслава, атрыманага ў 1499 годзе[3]. Умоўныя найменні роду — Яўнутавічы Заслаўскія і Заслаўскія Мсціслаўскія — ужываюць для ўнікання памылковага атаяснення з Астрожскімі-Заслаўскімі на Валыні (галіной Рурыкавічаў) і Лугвенавічамі Мсціслаўскімі (іншай галіной Гедзімінавічаў).
У снежні 1341 года па смерці вялікага князя літоўскага Гедзіміна велікакняжацкі сталец атрымаў яго сын Яўнут[4][5]. Зімой 1344—1345 гадоў браты Альгерд і Кейстут скінулі Яўнута з вялікага княжання, ён уцёк у Вялікае Княства Маскоўскае. У 1347 годзе Яўнут вярнуўся, прымірыўся з братамі і атрымаў ад іх ва ўдзел Заслаўскае княства[6][7].
Паводле Яна Тэнгоўскага, Яўнут меў трох сыноў — Сямёна, Рыгора і Міхаіла Яўнутавічаў[2]. Заслаўе ў спадчыну па бацьку атрымаў Міхаіл, які такім чынам стаў родапачынальнікам роду Заслаўскіх[2][1].
У 1499 годзе прапраўнук Яўнута — Міхаіл Іванавіч Заслаўскі ажаніўся з мсціслаўскай княжной Ульянай Іванаўнай і атрымаў ад вялікага князя Аляксандра частку Мсціслаўскага княства, удзела нябожчыка-цесця Івана Юр’евіча Лугвенавіча, апошняга з мужчынскай лініі мсціслаўскіх князёў Лугвенавічаў.
У 1526 годзе сын Міхаіла Іванавіча Заслаўскага-Мсціслаўскага — Фёдар Міхайлавіч Мсціслаўскі, не паразумеўся з бацькам і ўцёк у Маскву, дзе атрымаў шматлікія маёнткі і ажаніўся з казанскай княжной Анастасіяй[1]. Маскоўская галіна роду Заслаўскіх-Мсціслаўскіх згасла на чацвёртым калене ў першай паловы XVII ст.
Радавод Яўнутавічаў Заслаўскіх-Мсціслаўскіх
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Wolff 1895, s. 594.
- ↑ а б в Tęgowski 1999, s. 191-192.
- ↑ а б Wolff 1895, s. 587.
- ↑ Stadnicki 1881, s. 71.
- ↑ Krzyżaniakowa, Ochmański 1990, s. 35.
- ↑ Krzyżaniakowa, Ochmański 1990, s. 36.
- ↑ Kuncevicius, Kiaupa, Kiaupienė 2007, s. 117.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Мяцельскi А. А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў XII—XVIII стст. — Мн.: Беларуская навука, 2010. — 664 с.
- Kazimierz Stadnicki. Synowie Gedymina, Wielko–Władcy Litwy. — Lwów: Ignacy Stadnicki, 1881. — 144 с.
- Józef Wolff. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa: Gebethner i Wolff, 1895. — 698 с.
- Jadwiga Krzyżaniakowa; Jerzy Ochmański. Władysław II Jagiełło. — Wrocław: Ossolineum, 1990. — 362 с. — ISBN 8304033178 9788304033177.
- Jan Tęgowski. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. — Wydawn. Historyczne, 1999. — 319 с. — ISBN 8391356310 9788391356319.
- Albinas Kuncevicius, Zigmantas Kiaupa, Jūratė Kiaupienė. Historia Litwy. Od czasów najdawniejszych do 1795 roku. — Wydawnictwo Naukowe PWN, 2007. — 386 с. — ISBN 978-83-01-15190-4.