Перайсці да зместу

Мікола Клімавіч Крыжаніўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікола Клімавіч Крыжаніўскі
Микола Климович Крижанівський
Асабістыя звесткі
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці грамадскі дзеяч, актывіст украінскіх арганізацый Брэста

Мікола Клімавіч Крыжаніўскі (укр.: Микола Климович Крижанівський; 12 лістапада 1875, Тульчын, Падольская губерня — ?) — грамадскі дзеяч, актывіст украінскіх арганізацый Брэста, бацька пісьменніка Андрыя Крыжаніўскага.

У 1901 годзе скончыў універсітэт святога Уладзіміра ў Кіеве. Працаваў на Прывіслінскай чыгунцы. У 1908—1914 гадах — земскі начальнік Брэсцкага павета. У 1914—1917 працаваў у міністэрстве юстыцыі ў Петраградзе, у 1917—1918 — міравы суддзя Брацлаўскай акругі Падольскай губерні. Чыноўнік пры галоўным атамане Сымоне Пятлюру. Разам з украінскай арміяй Пятлюры перайшоў у Польшчу, асеў у Заходняй Беларусі — спярша Пінску, потым у Брэсце[1].

З 1922 года — чыноўнік брэсцкага магістрата. Спрыяў стварэнню ў Брэсце прыватнай украінскай школы імя Алексы Старажэнкі і стаў яе першым дырэктарам. Сузаснавальнік і ў 1928—1929 гадах старшыня таварыства «Просвіта на Поліс­сі»[2].

У яго брэсцкім доме (цяпер бульвар Касманатаўтаў) бываў кіраўнік УНР Андрэй Лівіцкі, які інкогніта прыязджаў з Варшавы[3].

За актыўную ўкраінскую дзейнасць у 1936 годзе звольнены з працы ў Брэсцкім магістраце, пераязджае з жонкай ў Варшаву, у 1939 годзе вяртаецца ў Брэст. Апошняе, што пра яго вядома: пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР быў вывезены ў Казахстан.

Так і не атрымаў грамадзянства Польшчы, заставаўся грамадзянінам УНР[4].

Жонка — Лідзія Давыдаўна Крыжаніўская, у дзявоцтве Падгурская, 1884 г.н., кіраўніца жаночага гуртка «Просвіты» ў Брэсце (брэсцкага філіяла «Саюза ўкраінак»).

Сын — Андрый Крыжаніўскі, пісьменнік.

  1. О. Л. Ільїн Крижанівський Микола Климович(укр.) // Енциклопедія Сучасної України. — 2014-12-12.
  2. Віктор Місіюк. ПРОСВІТА НА ПОЛІССІ (1923–1938 РР.).
  3. Берасце: украінскія гісторыі. Вялікі тур (англ.). IZI Travel. Праверана 26 кастрычніка 2025.
  4. Олександр Ільїн Андрій Крижанівський — український письменник-неоромантик із Берестейського Полісся // Справа : часопіс. — 2016. — Т. Выпуск 3. — С. 103-104.