Перайсці да зместу

Мірскі дзяржаўны каледж

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мірскі дзяржаўны каледж
Дата заснавання 1988
Тып каледж
Размяшчэнне
mgk.by

Мірскі дзяржаўны каледж — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова ў Міры Карэліцкага раёна, створаная ў 1988 годзе як адзіная ў Беларусі навучальная ўстанова, якая рыхтавала спецыялістаў па рэстаўрацыі[1]. Размяшчаецца па адрасе вуліца Танкістаў, 42.

Сёння ў каледжы навучаецца каля 300 чалавек па шасці спецыяльнасцях[2]. Выпускнікі маюць магчымасць працягнуць адукацыю ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы, Індустрыяльна-педагагічным каледжы і Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі, з якімі заключаны дагаворы[2].

Навучальная ўстанова была заснавана ў другім квартале 1988 года як Мірскае сярэдняе прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 234. Яно ад пачатку спецыялізавалася на падрыхтоўцы майстроў па рэстаўрацыйных работах[1].

1 верасня 1989 года ўстанова атрымала назву Мірскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 234 будаўніча-рэстаўрацыйных работ. Акрамя асноўнай спецыяльнасці «Рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы», рыхтавала спецыялістаў па спецыяльнасцях «Сталярныя, паркетныя і шкляныя працы» і «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва»[1].

26 чэрвеня 2001 года вучылішча было перайменавана ў Мірскае дзяржаўнае мастацкае ПТВ № 234 будаўніча-рэстаўрацыйных работ[1].

Вучылішча рыхтавала спецыялістаў па наступных кваліфікацыях[1]:

  • сталяр; разьбяр па дрэве і бяросты; вытворца мастацкіх элементаў мэблі;
  • мастак па роспісе дрэва; інкрустатар саломкай;
  • ганчар; вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі;
  • рэстаўратар помнікаў драўлянага дойлідства;
  • рэстаўратар дэкаратыўна-мастацкіх афарбовак; рэстаўратар дэкаратыўных тынковак і ляпніны;
  • рэстаўратар помнікаў мураванага дойлідства.

З 2008 года ператворана ў сярэднюю спецыяльную навучальную ўстановы і атрымала новую назву — Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж. Пачалася падрыхтоўка спецыялістаў па спецыяльнасцях «Тэхналогія дрэваапрацоўчай вытворчасці» і «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва»[1].

У 2022 годзе навучальная ўстанова атрымала сучасную назву[1].

Матэрыяльна-тэхнічная база

[правіць | правіць зыходнік]

Для вытворчага навучання дзейнічаюць механічны цэх па дрэваапрацоўцы, 13 вучэбна-вытворчых майстэрняў, піларама і сушылка драўніны. Для тэарэтычнай падрыхтоўкі абсталявана 18 аўдыторый, з іх 8 прызначаныя для прафесійных дысцыплін. Для заняткаў фізічнай культурай выкарыстоўваюцца спартыўная і тэнісная залы, пакой атлетычнай гімнастыкі і стадыён[2].

Інтэрнат на 420 месцаў забяспечвае пражыванне ўсіх іншагародніх навучэнцаў. У вучэбным корпусе працуе сталовая на 180 пасадачных месцаў[2].

У каледжы дзейнічаюць 7 гурткоў прафесійнай накіраванасці, 3 спартыўныя секцыі, народны тэатр-студыя «Батлейка», вакальны гурток. Ёсць выставачная зала з лепшымі творамі навучэнцаў, пакой баявой славы, а таксама выстава-продаж практычных работ[2].

Удзел у рэстаўрацыйных працах

[правіць | правіць зыходнік]

Будаўніча-рэстаўрацыйнае вучылішча брала ўдзел у рэстаўрацыі Мірскага замка, Нясвіжскага палаца, Лошыцкай сядзібы ў Мінску, царквы святых Пятра і Паўла ў Мінску[1].

  1. а б в г д е ё ж Max, Shablouski. История, традиции, достижения колледжа (руск.). mgk.by. Праверана 16 жніўня 2025.
  2. а б в г д Max, Shablouski. Колледж сегодня (руск.). mgk.by. Праверана 16 жніўня 2025.