Міцэны — дробныя грыбы-сапратрофы, некаторыя віды паўпаразіты. Шапачка канічная або званочкавая, дыяметр рэдка перавышае некалькі сантыметраў. Ножка тонкая, ломкая. Большасць міцэн шэрага або карычневага колеру, але ёсць і ярка афарбаваныя віды. Пласцінкі прырослыя, споравы парашок ва ўсіх відаў белага колеру. Некаторыя віды адрозніваюцца адзін ад аднаго толькі па мікраскапічных прыкметах. Некаторыя віды ядавітыя (напрыклад, міцэна чыстая (Mycena pura), якая змяшчае мускарын і Mycena cyanorrhiza, якая змяшчае псілацібын), а некаторыя ядомыя, але занадта дробныя.
Пашыраны ў лясной зоне зямнога шара. Род аб’ядноўвае каля 200 відаў, з якіх прыкладна 60 расце на тэрыторыі Расіі і іншых дзяржаў былога СССР[1][2]. Растуць у лясах адзіночна і групамі на драўніне і подсціле. Важны фактар у развіцці грыбоў — мохавае покрыва, што стварае мікракліматычныя ўмовы для развіцця міцэлію.
Лебедева Л. А. Определитель шляпочных грибов (Agaricales). — Москва; Ленинград: Гос. из-во с.-х. лит., 1949. — С. 142. — 563 с. — 5 000 экз.(руск.)
Жизнь растений. В 6-ти т. / Гл. ред. чл.-кор. АН СССР, проф. Ал. А. Федоров. — Т. 2. Грибы. Под. ред. проф. М. В. Горленко. М.: «Просвещение», 1976. — С. 273—276. — 479 с. с ил.; 32 л. ил. — 300000 экз. (руск.)
Сержанина Г. И. Шляпочные грибы Белоруссии. Определитель и конспект флоры (руск.) / Г. И. Сержанина. — Мн.: Наука и техника, 1984. — С. 8, 10, 18, 84—94, 273—281. — 407 с. — 5 000 экз.