Ота (карная аперацыя)
Аперацыя «Ота» | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Другая сусветная вайна, Вялікая Айчынная вайна | |||
Дата | 20.12.1943 — 1.1.1944 | ||
Месца | Дрысенскі і Асвейскі раёны | ||
Прычына | Прысутнасць узброеных савецкіх партызанскіх падраздзяленняў у тыле групы армій «Цэнтр» | ||
Статус | аперацыя завершана | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Аперацыя «Ота» (ням.: Unternehmen Otto) — кодавая назва карнай аперацыі нямецкіх войск супраць партызан і мясцовага нсельніцтва, якія выйшлі з-пад удараў карнікаў у лістападзе 1943 года ў ходзе адбіцця аперацыі «Генрых», у Дрысенскім і Асвейскім раёнах 20 снежня 1943 — 1 студзеня 1944 гадоў.
Ход аперацыі
[правіць | правіць зыходнік]Аперацыя праводзілася баявымі групамі Екельна і Готберга. Мэта аперацыі — знішчыць партызанскія сілы на тэрыторыі памеж горадам Дрыса і горадам Себеж, наладзіць бесперашкоднае забеспячэнне фланга групы армій «Поўнач» па дарогах Дрыса — Себеж і Полацк — Себеж. 20 снежня з Себежа, Ідрыцы і Шкяўнэ на поўначы, Даўгаўпілса на захадзе і Полацка на поўдні праціўнік пачаў наступленне супраць партызанскай абароны, якая праходзіла па правым беразе ракі Нішча да яе ўпадзеняя ў раку Дрыса, а потым па Дрысе і далей на поўнач уздоўж дарогі Дзёрнавічы — Задзежжа і па рацэ Свольна. Карнікі вялі наступленне шырокім фронтам 3 эшалонамі, маючы перавагу ў жывой сіле і ўзбраенні. 24 снежня праціўніку ўдалося адцясніць партызан да апошняй лініі іх абароны, да лагераў у раёне вёскі Роўнае Поле (Расонскі раён), дзе сканцэнтраваліся штабы ўсіх брыгад, шпіталі з параненымі, цывільнае насельніцтва. На пасяджэнні Асвейскага і Дрысенскага падпольных райкамаў партыі сумесна з камандзірамі брыгад было прынята рашэнне ў ноч на 28 снежня прарваць блакаду і вывесці жыхароў і параненых праз лінію фронту ў савецкі тыл.
З мэтаю адцягнення сіл праціўніка і прарыву лініі фронту, якая праходзіла па рубяжы станцыі Дрэтунь — возера Нешчарда — горада Пустошка, былі створаны 2 ударныя групы. Адну ў складзе Асвейскай партызанскай брыгады імя М. Ф. Фрунзэ, 1-й Дрысенскай партызанскай брыгады, 2-й Дрысенкай партызанскай брыгады і Латышскага партызанскага атрада ўзначаліў сакратар Асвейскага падпольнага РК КП(б)Б І. К. Захараў, другую, у складзе 1-й, 7-й, 11-й, 12-й, 20-й Калінінскіх брыгад — камандзір 1-й Калінінскай брыгады В. М. Лісоўскі. 26 снежня партызаны схавалі цяжкае ўзбраенне, і 1-я ўдарная група нанесла рашаючы ўдар па карніках каля вёскі Канюхова паміж вёскамі Клясціцы і Сакалішча. Зламаўшы апошні эшалон абароны праціўніка, калона людзей, што расцягнулася амаль на кіламетр па ўмёрзлым у лёд сплаўным лесе перайшла цераз раку Нішча. 30 снежня каля 10 тысяч жыхароў пад прыкрыццём партызан пераправіліся цераз раку Дрыса і ўвайшлі ў размяшчэнне часцей Чырвонай Арміі. Другой ударнай групе прарыў у раёне вёсак Клясціцы — Юхавічы не ўдаўся, і яна з часткаю мясцовых жыхароў, якія ішлі з ёю, пасля 2-дзённых баёў адышла ў лясы на поўначы і захадзе ад вёскі Роўнае Поле, частка насельніцтва выйшла за лінію фронту па маршруце першай ударнай групы.
У ходзе аперацыі «Ота» карнікі толькі па дадзеных баявой групы Готберга расстралялі больш за 2 тысячы чалавек, захапілі для вывазу на прымусовыя работы больш за 500 чалавек.
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]У 1974 годзе ў вёсцы Канюхова Расонскага раёна быў пастаўлены помнік партызанам і мясцовым жыхарам, якія загінулі пры прарыве блакады.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Пасэ, У. С. Ота // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 391. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.