Панцеляймон (Ражноўскі)
| Панцеляймон | |
|---|---|
|   | |
|  | |
| Адукацыя | |
| Дзейнасць | святар | 
| Нараджэнне | 27 кастрычніка 1867 | 
| Смерць | 30 снежня 1950 (83 гады) | 
| Пахаванне | |
|  Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Панцеляймо́н, свецкае імя Павел Стэфанавіч Ражноўскі (27 кастрычніка 1867, Кастрама — 30 снежня 1950, Мюнхен) — епіскап Рускай праваслаўнай царквы; з восені 1942 года — экзарх Беларусі, архіепіскап, з сакавіка 1942 — мітрапаліт Мінскі і Беларускі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Скончыў Ваенна-інжынернае вучылішча, курсы пры Казанскай духоўнай акадэміі, у 1897 годзе прыняў манаскі пострыг. З 1905 года — настаяцель Маркава Свята-Траецкага манастыра ў Віцебску. У 1913 годзе хіратанісан у епіскапа Двінскага. У 1918 годзе Патрыярх Ціхан прызначыў уладыку Панцеляймона ў Пінск з тытулам Пінскі і Наваградскі для кіравання цэрквамі Менскай епархіі, якія апынуліся на тэрыторыі Польшчы. У 1922 годзе Панцеляймон удзельнічаў на польскім Саборы ў Варшаве, дзе выступіў рэзка супраць аўтакефаліі польскай царквы, якую навязвалі ўлады. За гэта рэпрэсіраваны, пазбаўлены кафедры і сасланы ў Мілецкі, а затым у Жыровіцкі манастыр.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР прызначаны мітрапалітам Сергіем архіепіскапам Гродзенскім і Вілейскім. У гады Вялікай Айчыннай вайны Панцеляймон узначаліў Праваслаўную царкву ў Беларусі. Увосень 1941 года разам з епіскапам Венедыктам заснаваў Беларускую мітраполію. 6 кастрычніка 1941 года на Першым саборы епіскапаў у Жыровічах архіепіскап Гродзенскі Панцеляймон (Ражноўскі) абраны кіраўніком царквы ў сане мітрапаліта Мінскага і ўсяе Беларусі[1]. Ён таксама ўзначаліў Мінскую епархію. 2 верасня 1942 года, пасля Усебеларускага Сабора і дэкларацыі на ім аўтакефаліі, мітрапаліт Панцеляймон атрымаў афіцыйны тытул «Мітрапаліт Святой Праваслаўнай аўтакефальнай Беларускай Царквы і Архіепіскап Менскі».
Нямецкія акупанты паставілі шэраг умоў, якія запатрабавалі выканаць, галоўным з якіх было абвяшчэнне аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы, аддзяленне яе ад Маскоўскага Патрыярхата. Панцеляймон прыняў пастаўленыя яму ўмовы з умовай, якая фактычна цалкам супярэчыць ім — аддзяленне можа адбыцца толькі пасля таго, як беларуская царква арганізуецца, паспее для аўтакефаліі і аформіць гэтае аддзяленне кананічна, гэта значыць з дазволу Маскоўскай Патрыярхіі.
Неўзабаве пачалася барацьба нацыянальна арыентаваных калабарацыяністаў з мітрапалітам Панцеляймонам. Калабарацыяністы з палітычных меркаванняў настойвалі на неадкладнай аб’яве аўтакефаліі, замене святароў рускай нацыянальнасці на беларусаў, беларусізацыю Царквы. Уладыка, які на першае месца ставіў рэлігійна-багаслоўскія прынцыпы пярэчыў гэтым зменам, паслядоўна адмаўляўся ад аб’явы аўтакефаліі, вядзення пропаведзяў на беларускай мове і іншага. Калабарацыяністы пісалі шматлікія скаргі і даносы ў генеральны камісарыят Беларусі, у выніку мітрапаліт Панцеляймон у маі 1942 года адхілены немцамі ад кіраўніцтва Беларускай царквой і сасланы ў Жыровіцкі манастыр.
Кіраванне царкоўнымі справамі прыняў на сябе архіепіскап Філафей (Нарко), нядаўна ўзведзены ў гэты высокі сан. Імкнучыся адарваць праваслаўных беларусаў ад Расіі, нямецкія ўлады аказвалі моцны ціск на мясцовы епіскапат, жадаючы дамагчыся ад вернікаў абвяшчэння аўтакефаліі. Кіраўніцтва царквы ўсяляк сабатавала і зацягвала выкананне гэтага патрабавання, заяўляла, што без мітрапаліта не могуць прымаць такія рашэнні. Таксама сабатавалі рашэнне сходу прадстаўнікоў Мінскай і Наваградскай епархіі, названае імі Усебеларускім царкоўным саборам, датычнае звароту да прадстаяцеляў усходніх цэркваў з просьбай прызнаць аўтакефалію беларускай царквы.
У выніку ў красавіку 1943 года мітрапаліт Панцеляймон вернуты ў Мінск, аднак, звароты так і не былі адпраўленыя. У маі 1944 года сабраў епіскапскі сабор, абвясціў пазапраўнымі рашэнні так званага «Усебеларускага царкоўнага сабора» 1942 года на грунце таго, што акупацыйнымі ўладамі на яго не былі дапушчаны Панцеляймон і Венедыкт.
У 1944 годзе вывезены ў Германію, дзе пасля вайны далучыўся да Рускай праваслаўнай царквы за мяжой. Памёр 30 снежня 1950 года.
Панцеляймон разам з іншымі царкоўнымі дзеячамі ў складаных умовах ваеннага часу сыграў важную ролю ў захаванні і ладзе царкоўнага жыцця не толькі ў Мінскай епархіі, але і на ўсёй Беларусі, паслядоўна адстойваў захаванне кананічнай сувязі з Маскоўскім Патрыярхатам.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Канфесіі на Беларусі. Мн., 1998. С. 218.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Адзін Госпад, адна Вера, адзін Хрост: Крыніцазнаўчае дасьледаваньне / Укл. і прадм. А. Любіча; Камэн. і імянны паказальнік Л. Задзяркоўскай. — Мн.: Кнігазбор, 2007. — 336 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны; Кн. 12). — ISBN 985-6824-52-4
- Выпускнікі Мікалаеўскага інжынернага вучылішча
- Нарадзіліся 27 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1867 годзе
- Нарадзіліся ў Кастраме
- Памерлі 30 снежня
- Памерлі ў 1950 годзе
- Памерлі ў Мюнхене
- Пахаваныя ў Мюнхене
- Асобы
- Епіскапы Рускай праваслаўнай царквы
- Епіскапы Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы
- Епіскапы мінскія
- Епіскапы пінскія і лунінецкія
- Епіскапы гродзенскія і ваўкавыскія
 
	
