Паташня (Гомельская вобласьць)
Паташня лац. Patašnia | |
Дата заснаваньня: | перад 1772 годам[a] |
Былая назва: | Запаташня, Запаташны Засьценак |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Хвойніцкі |
Сельсавет: | Судкоўскі |
Насельніцтва: | 43 чал. (2021) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2346 |
СААТА: | 3254816053 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°53′51″ пн. ш. 29°48′42″ у. д. / 51.8975° пн. ш. 29.81167° у. д.Каардынаты: 51°53′51″ пн. ш. 29°48′42″ у. д. / 51.8975° пн. ш. 29.81167° у. д. |
Паташня на мапе Беларусі ± ![]() ![]() Паташня |
Пата́шня[1] — вёска ў Беларусі, на левым беразе ракі Віці. Уваходзіць у склад Судкоўскага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2021 год — 43 чалавекі. Знаходзіцца за 11 км на захад ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў, каля аўтамабільнай дарогі Хвойнікі — Мазыр.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Адна з найранейшых пісьмовых зьвестак пра вёску Запаташня з 4 дварамі ў добрах староства Загальскага сустрэтая ў матэрыяле Генэральнай візытацыі Загальскай Сьвята-Траецкай уніяцкай царквы Мазырскага дэканату, праведзенай а. Эліяшам (Ільлёй) Бародзічам, протанатарыем апостальскім дыяцэзіі Пінскай і Тураўскай, датаванай 9-м днём лютага 1778 году. У мэтрычных кнігах Юравіцкага парафіяльнага касьцёлу захаваўся запіс ад 24 лютага (ст. стылю) 1785 года, паводле якога айцец Дыянізы Крэткоўскі, настаяцель царквы ў Загальлі, віцэ-дэкан мазырскі, ахрысьціў Мацея, сына шляхетных сужэнцаў пана Эліяша і Марціяны Парыкевічаў, абывацеляў аколіцы Запаташні Загальскага староства, а кумамі былі шляхетны пан Стэфан Віслаух і дачка сьвятара Еўдакія, пан Антоні Казлоўскі і панна Багуміла Піатроўская з Запаташні[2]. У візытацыі, выкананай Загальскай царквы 10 студзеня 1787 году каад'ютарам пінскім і тураўскім Язафатам Булгакам, сказана, Запаташні налічвала ўжо 6 двароў[3].
Расейская імпэрыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Паташня апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году — у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[4]. У крыніцы, грунтаванай на зьвестках рэвізіі 1795 года, ізноў жа згаданае паселішча з назвай Запаташна[5], з 1797 года — Менскай губэрні Расейскай імпэрыі. У мэтрычным запісе Юравіцкага касьцёлу, датаваным 5 красавіка 1796 года, паведамляецца аб хросьце айцом-дамініканінам Бруна Лявіцкім немаўляці Феліцыяна, сына шляхетных Георгія і Юліяны з дому Скарадэцкіх Дубікоўскіх, кумамі былі шляхетныя Мікалай Навіцкі і Тэадозія Завітневічаўна; усе яны з Паташні (de villa Potasznia)[6]. «Запоташный Застенок» паказаны на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 года.
Аколіцы Паташня і Сачкоў (Шацкоў, Шачкоў), іх насельнікі зь ліку чыншавай шляхты на зямлі Загальскага староства, якое трымаў часовы ўладальнік пан Тадэвуш Солтан, прысутныя таксама ў шляхецкай рэвізыі 1811 года[7]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 109 жыхароў «Слободки Поташни» былі парафіянамі Юравіцкага касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[8].

У парэформавы пэрыяд Паташня вядомая як паселішча (у розных крыніцах засьценак ці аколіца, а таксама вёска) у Хвойніцкай воласьці Рэчыцкага павету Менскай губэрні. У 1864 годзе паташэнцы зьвярнуліся да Яго Эксцэленцыі мітрапаліта Станеўскага са скаргай на зьнішчэньне рыма-каталіцкай парафіі і руйнаваньне Юравіцкага касьцёлу дзеля ўладкаваньня праваслаўнай царквы[9]. З другой паловы 1860-х гадоў яны сталі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. Найбольш раньнімі і пашыранымі ў паташэнцаў прозьвішчамі былі Казлоўскія, Арлоўскія, Цішкевічы, Яворскія, Міхалоўскія, Сакалоўскія, Дубікоўскія, Скаратэцкія, Тамковічы, Навіцкія.
У кліравой ведамасьці Загальскай Сьвята-Траецкай царквы 1869 году сказана, што за 1 вярсту ў 3/4 двара[b] аколіцы (!) Паташня жылі 3 мужчыны і 1 жанчына зь ліку яе прыхаджанаў[10].
На пачатак 1870 года тут налічвалася 27 мужчынскіх душ былых аднадворцаў, прыпісаных да воласьці, 10 душ аднадворцаў, прыпісаных да Загальскага сельскага таварыства, 6 душ былых казённых сялянаў[11]. Паводле перапісу 1897 году 36 двароў, 212 жыхароў. На 1909 год 30 двароў з 210 жыхарамі[12].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Паташня ў складзе Хвойніцкай воласьці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[13].
1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Хвойніцкая воласьць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР. Згодна з дакумэнтам «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 сьнежня 1920 і на 15 красавіка 1921 году ў Паташні працавала школа першай ступені адпаведна з 20 і з 37 вучнямі[14].
З 8 сьнежня 1926 да 23 жніўня 1937 году цэнтар Паташненскага нацыянальнага польскага сельсавету (да 30 сьнежня 1927 года — Паташненскі сельсавет) Хвойніцкага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 да 26 ліпеня 1930 года Гомельскай акругі БССР. У 1920—1930-х гадох існавалі вёскі Паташня і Новая Паташня. У запісцы пад назвай «Сведения о польских населённых пунктах Гомельского округа», пазначанай 1929 годам, згаданая і Паташня, у якой 100% жыхароў складалі каталіцкія альбо «польскія» сем'і (60 сямей, 312 душ[c]). Згодна з «Арыентыровачным плянам калектывізацыі польскіх вёсак на Гомельшчыне 1929/1930 году», у Паташні меркавалася арганізаваць машыннае, малочнае і жывёлагадоўчае таварыствы[15]. У 1930 годзе меліся школа, хата-чытальня. У 1931 годзе арганізаваны калгас «ОСОАВИАХИМ», працавала кузьня. У гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнічала патрыятычнае падпольле (кіраўнік Юліян Мечыслававіч Цішкевіч). 26 жыхароў загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 года 419 жыхароў. Вёска ў складзе саўгасу «Хвойніцкі» (цэнтр в. Казялужжа).
Да 1 снежня 2009 года вёска ўваходзіла ў склад Казялужскага сельсавету[16]. У 2009 годзе перададзена ў склад Дварышчанскага сельсавету, які тады ж быў перайменаваны ў Судкоўскі сельсавет.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 2004 год — 37 двароў, 88 жыхароў
- 2021 год — 17 двароў, 43 жыхароў[17]
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Леанід Цішкевіч (нар. 1960) — былы расейскі ваеначальнік, камандуючы войскамі апэратыўна-стратэгічнага камандаваньня паветрана-касьмічнай абароны (2009—2010), генэрал-маёр.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ На Генэральнай мапе «Беларускія землі ў канцы XVIII ст.» Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі, пазначаны засьценак Запа(та)шны Загальскага староства. Вядома, што ўкладальнікі абапіраліся на крыніцы, папярэднія падзелу Рэчы Паспалітай 1772 г., гл.: Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах: Т. 2. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. С. 122, 232
- ^ Так запісана ў крыніцы. Але, як засьведчыў іерэй Расьціслаў Бандарэнка, меліся на ўвазе ня ўласна сядзібы, а царкоўныя двары, кожны зь якіх мусілі складаць 4 мужчынскія душы.
- ^ Так запісана ў дакумэнце савецкага часу.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- ^ НГАБ у Мінску. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 28адв.
- ^ НГАБ у Менску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41240. А. 106адв., 108, 172, 173адв.
- ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
- ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурноевзаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72
- ^ НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 47
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. спр. 263. А. 129—130, 161—162
- ^ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379адв.
- ^ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 32. Спр. 112. А. 2 — 3адв.
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40899. А. 96адв.
- ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
- ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 163
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
- ^ Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
- ^ Пичуков В. П., Старовойтов М. И. Гомельщина многонациональная (20 — 30 е гг. XX в.). Выпуск I. — Гомель, 1999. С. 213, 214
- ^ «Об изменении административно-территориального устройства Хойникского района Гомельской области». Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 290 (рас.)
- ^ Інфармацыя аб насельніцтве Судкоўскага сельсавету на 01.01.2021 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.